Резчик материалов и изделий завода «Белит» Алёна Сорока — «Человек года Поставщины»

Общество

Не дзеля ўзнагарод

Рэзчык матэрыялаў і вырабаў завода «Беліт» Алёна Сарока — адна з ліку найлепшых прадстаўнікоў раёна, каму сёлета прысвоена званне «Чалавек года Пастаўшчыны».

— Калі мне паведамілі пра гэта і запрасілі на ўрачыстае ўзнагароджанне ў раённы Дом культуры, не адразу паверыла, — прызнаецца жанчына. — Хіба я дзеля ўзнагарод стараюся? Тым не менш прыемна было і дыплом атрымаць, і грашовую прэмію.

У аддзеле кадраў прадпрыемства я даведалася, што гэта не першая адзнака рабочай. За высокія паказчыкі ў працы ў 2017 годзе ёй была аб’яўлена падзяка дырэктара завода, у 2018-м і 2020-м фотаздымак занесены на Дошку гонару, шматразова за­ахвочвалася грашовымі прэміямі.

Шчаслівыя разам Алёна і Анатолій Сарокі

— Да «Беліта» я працавала ў Пастаўскім мэблевым цэнтры, — расказвала Алёна. — Ніколькі не шкадую, што 5 гадоў назад перайшла на гэта прадпрыемства. Так, праца рэзчыцы нялёгкая, але ж і зарабляю добра. Задавальняе графік: 2 дні рабочыя, 2 — выхадныя. Змена доўжыцца з 6 да 19 гадзін. Норма выпрацоўкі — 650 кілаграмаў сыравіны. Яе трэба адсартаваць па 7 відах тканіны, напрыклад трыкатаж, бязь, а папярэдне — выразаць з яе ўсю фурнітуру: кнопкі, гузікі, маланкі.

Мне такі аб’ём работы здаецца завоблачным, пра што і кажу суразмоўцы. А яна ўсміхаецца:

— І я спачатку разгубілася, — успамінае жанчына. — Але вочы баяцца, а рукі робяць! Налаўчылася хутка і наразаю за змену не 650 кілаграмаў тканіны, а да 1000. Чым на большы працэнт перавыконваю норму, тым вышэйшая прэмія. Таму бывае, што і пасля змены застаюся, і ў выхадны папрацую. Не ўсе вытрымліваюць патрэбны тэмп. Некаторыя звальняюцца, хтосьці не можа, а то і не імкнецца выканаць план. Праца нялёгкая, але можна зарабіць. І бытавыя ўмовы ў нас добрыя: ёсць душавая кабіна, кухня, сталовая з мікрахвалевай печчу, халадзільнікам, чайнікам, тэрмасам, выдаюцца маскі. Для мяне нямала значыць і тое, што завод зусім недалёка ад Юбілейнай, на якой жыву. А найбольш «Беліт» прываблівае, вядома ж, у фінансавым плане, бо ў сям’і трое дзяцей.

Слухаць Алёнін расказ пра сям’ю мне было асабліва прыемна. Яна рана, у 20 гадоў, выйшла замуж за свайго равесніка і аднакласніка. Непрыкметна для абаіх школьнае сяброўства перарасло ў каханне. Дачакалася Анатолія з арміі — і згулялі вяселле. Сямейнае жыццё пачыналі на сваёй малой радзіме — Глыбоччыне. Потым пераехалі ў наш калгас «Чырвоны маяк». Атрымалі ў Полаве прэзідэнцкі домік. Анатолій працаваў на трактары, камбайне, быў у ліку перадавікоў не толькі ў калгасе, але і ў раёне. Алёна давала водпускі жывёлаводам. Праз некаторы час ёй прапанавалі папрацаваць у клубе і бібліятэцы. Прызнаецца, што хоць і не мела адпаведнай адукацыі, работа падабалася. На жаль, гаспадарка паступова прыйшла ў заняпад і перастала існаваць. Яе землі далучылі да суседняй. І сям’я вырашыла перабрацца ў Паставы.

— Нам пашанцавала, — радасна ўспамінае Алёна. — Як мнагадзетная сям’я атрымалі льготны крэдыт на будаўніцтва трохпакаёвай кватэры. Прычым усяліліся ў яе вельмі хутка: у кастрычніку падалі заяву ў райвыканкам, а ў маі наступнага года ўжо атрымалі ключы. Якое гэта шчасце! Усёй сям’ёй абуладкоўвалі жыллё.

Дзеці Сарокаў ужо дарослыя, усе трое — у Мінску. Уладзіслаў і Уладзімір адслужылі ў арміі (адзін — у Віцебскай 103-й дэсантнай брыгадзе, другі — у пагранічных войсках). Зараз разам з бацькам працуюць у адной будаўнічай фірме ў Мінску: бацька — на пагрузчыку, Ула­дзіслаў — мулярам і цесляром, Уладзімір, які закончыў Полацкі дзяржуніверсітэт, — юрыстам. Дачка Аксана летась паступіла ў лінгвістычны ўніверсітэт, вучыцца на перакладчыка. Як бацькам не радавацца за такі годны свой працяг?

— Паколькі муж і адзін сын працуюць вахтавым метадам, сабрацца ўсёй сям’ёй разам рэдка ўдаецца, — шкадавала Алёна. — Але і адна ў кватэры мала калі застаюся: хтосьці з чатырох прыязджае. А збіраюцца ў Мінск — хочацца нагатаваць і даць з сабой розных прысмакаў. Таму шмат часу праводжу на кухні.

І толькі калі адолее стома, жанчына кладзецца ў ложак і бярэ ў рукі кнігу. Зараз гэта раман амерыканскай пісьменніцы Маргарэт Мітчэл «Унесённые ветром». А назаўтра яшчэ да 6 га­дзін гатова заняць сваё рабочае месца на заводзе і, як заўсёды, перавыканаць норму. Працаваць упаўсілы не ў яе характары.

Фаіна Касаткіна
Фота з архіва сям’і Сарока



Читайте также:
Пограничники благоустроили воинские захоронения времен I мировой и Великой Отечественной войн в д. Сивцы
Воропаевские школьники завоевали 9 дипломов в конкурсе «За што я люблю родную зямлю»
Александр Готовчик — начальник Поставской районной инспекции природных ресурсов и охраны окружающей среды



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.