Родные сестры Феофания Чернявская и Ирина Кишко — бывшие малолетние узники концлагерей

Общество

11 красавіка – Міжнародны  дзень  вызвалення  вязняў  фашысцкіх  канцлагераў

І ўспаміны аб’ядноўваюць

Ішла да аднаго былога малалетняга вязня фашызму, а трапіла адразу да двух. Гэта родныя сёстры Феафанія Чарняўская і Ірына Кішко, якія жывуць па вуліцы Камунальнай у райцэнтры.

— Ужо трэці год, як Феня перабралася да мяне, — гаварыла Ірына Іванаўна. — Да гэтага яна жыла з сынам у Жалязоўшчыне. Трапіла ў Паставы ў бальніцу. Пасля выпіскі трэба было праходзіць працэдуры ў паліклініцы. Паспрабуй кожны дзень ездзіць з вёскі! Спынілася ў мяне, ды так і засталася. І хоць абедзве не маем здароўя, я ўсё ж такі мацнейшая: звару есці, памыю бялізну, прыбяру ў пакоях.

Ірына намнога маладзейшая за сястру. Калі пачалася Вялікая Айчынная, Фені было 10, а Іры — усяго годзік. Іх родную вёску Лук’янавічы на Мядзельшчыне ў 1943-м фашысты спалілі дашчэнту, людзей вывезлі ў Нямеччыну.

Сёстры Ірына Кішко і Феафанія Чарняўская — былыя малалетнія вязні

— Нацярпеліся страху і па дарозе ў Германію, і ў лагеры, — успамінала Феафанія Іванаўна. — Але нам пашанцавала: сям’я трапіла на працу да гаспадароў, якія мелі літасць да вязняў. Іх цяжкапараненага сына камісавалі з фронту і адправілі дадому. Яны, хоць і немцы, але, напэўна, ненавідзелі фашызм і вайну. Бацькі цяжка працавалі на гаспадароў, якія мелі шмат зямлі і жыўнасці, але ніхто не чыніў над імі здзеку, наша сям’я не галадавала. Больш за тое, пасля Перамогі ўгаворвалі нас застацца, абяцалі добра плаціць за працу.

Ды як застацца на чужыне? Яны ні пра што іншае, як пра вяртанне на Радзіму, і не марылі. А там чакала толькі папялішча…

— Памятаю, як доўга ехалі на поездзе, бітком набітым людзьмі. І як жылі ў зямлянцы тры сям’і разам, — дадае Ірына Іванаўна. — Ежы не было. Дарослыя са старэйшымі дзецьмі хадзілі жабраваць па вёсках, якія засталіся неспаленымі. Каб спячы хлеб, у цеста дабаўлялі кветкі канюшыны, балотную асаку. Цяпер ніхто і не ўявіць сабе, як можна было есці такі хлеб. А мы елі!

Загартаваныя няволяй, голадам і холадам, сёстры пражылі нялёгкае, але сумленнае жыццё, стварылі сем’і, выгадавалі дзяцей. Феня не адно дзесяцігоддзе адпрацавала даяркай у саўгасе «Пастаўскі», Ірына — на малаказаводзе і «Беліце». Атрымліваюць добрую пенсію. У лютым Феафаніі Іванаўне споўнілася 90 гадоў. Імянінніцы было вельмі прыемна, калі ў юбілей да яе прыехала з падарункам начальнік цешалаўскага аддзялення ААТ «Навасёлкі-Лучай» Ірына Елізаранка.

— Цяпер нам вельмі добра, усяго хапае, толькі жыццё заканчваецца, — з сумам заключылі сёстры. — А дзяцінства не бачылі — яго забрала вайна.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Читайте также:
Как открыть своё дело без ИП? Рассказываем на примере парикмахера из Постав Ирины Волостных
Поставчанка Инна Плешавеня принимает участие в ежегодной акции «30 дней на велосипеде»
Социальные работники и сиделки прошли обучение по уходу за лежачими больными



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.