С начала текущего года изъято 5 самогонных аппаратов, 4.081 литр браги и 1.495 литров самогона

Безопасность

Уся ўвага – самагоншчыкам

Барацьба з п’янствам і алкагалізмам, нелегальным абаротам спірту, спіртаўтрымальнай і алкагольнай прадукцыі — адна з галоўных задач органаў унутраных спраў. Такая ўвага да гэтых з’яў з боку міліцыі цалкам апраўданая: яны ляжаць у аснове здзяйснення бытавых злачынстваў, пагражаюць жыццю і здароўю людзей.

Супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама праводзяць пастаянную работу па спыненні нелегальнага абароту алкагольнай і спіртаўтрымальнай прадукцыі. З пачатку бягучага года імі канфіскаваны ў насельніцтва 5 самагонных апаратаў, 4 081 літр брагі і 1 495 літраў самагону. Амаль увесь аб’ём спіртнога выяўлены 22 красавіка на хутары Гараноўшчына, што непадалёк ад вёскі Сасноўшчына Валкоўскага сельсавета. Там жыхар Мала­дзечанскага раёна арганізаваў у нежылой сядзібе, якая належыць яго знаёмаму, сапраўдны завод, устанавіўшы вялізны самагонны апарат. Акрамя яго, участковыя інспектары міліцыі канфіскавалі 4 тоны брагі і 1 490 літраў гатовага самагону.

— Каб знайсці тых, хто вырабляе і прадае алкаголь, гандлюе яго сурагатамі, ствараюцца рэйдавыя групы. Яны рэгулярна правяраюць асоб, якія раней прыцягваліся за гэта да адміністрацыйнай адказнасці, — расказваў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС райвыканкама Яўгеній Малікаў. — Нярэдка інфармацыю пра самагоншчыкаў мы атрымліваем ад іх суседзяў, старэйшын вёсак, работнікаў сельскіх Саветаў або шляхам асабістага вышуку. Так, напрыклад, едуць нашы супрацоўнікі праз вёску па іншым заданні, бачаць: ідзе п’яны чалавек. Спыняюць яго, пытаюцца, як завуць, дзе жыве, што ёсць пры сабе. І чалавек дастае з-за пазухі ці з кішэні пластыкавую бутэльку з самагонам. У такім выпадку мы высвятляем, хто яе прадаў, а потым наведваемся па названым адрасе.

Пэўную дапамогу ўчастковым у справе спынення абароту нелегальнай алкагольнай прадукцыі аказваюць супрацоўнікі аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі. Яны правяраюць падазроныя аўтамабілі, якія рухаюцца позна вечарам і ноччу па сельскіх населеных пунктах. І часам знаходзяць брагу ці самагон, якія грамадзяне перавозяць з месца вырабу да месца захоўвання або рэалізацыі. Праўда, у апошні час такія выпадкі сталі даволі рэдкімі. Самагон гоняць, як правіла, дома і ў невялікіх аб’ёмах. Таксама ні сёлета, ні летась у раёне не зарэгістравана выпадкаў смерці ў выніку атручэння сурагатамі алкаголю. Размова ідзе перш за ўсё пра ўжыванне шклоамывальных вадкасцей і спірту, якія раней завозілі з Расіі. Тут на сітуацыю станоўча паўплывала закрыццё граніц з дзяржавай-суседкай, калі пачалася пандэмія.

Таму зараз уся ўвага міліцыі накіравана на барацьбу з самагонаварэннем і гандлем прадуктам уласнага прыгатавання. Супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў просяць жыхароў раёна, якія ведаюць пра факты незаконнай рэалізацыі грамадзянамі алкагольных напіткаў, паведамляць на нумар 4-10-02. Ананімнасць гарантуецца.

Алена Шапавалава



Читайте также:
Итоги акции «Дом без насилия!»: «пьяные» семейные истории поставчан
За безопасность вместе: в Поставском районе смотровые комиссии проверяют дома
Будущий лейтенант Денис Лукашевич заканчивает обучение на военно-техническом факультете БНТУ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.