Современные дети: книги или гаджеты? Как заинтересовать ребенка чтением?

Образование

Сябруюць дзеці з кнігамі

2 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень дзіцячай кнігі. Дата абрана нездарма: у гэты дзень у 1805 годзе нарадзіўся сусветна вядомы казачнік Ханс Крысціян Андэрсен. Ці любяць сучасныя дзеці яго творы і наколькі  ўвогуле цікавяцца кнігамі? Па адказы на гэтыя і іншыя пытанні накіравалася ў Пастаўскую раённую дзіцячую бібліятэку імя У. Дубоўкі.

Размову пра дзіцячую літаратуру пачалі з… лічбаў.

— За тры месяцы гэтага года нашу бібліятэку наведалі каля 3 тысяч разоў, — адзначыла загадчыца бібліятэкі Марына Іванова. — Запісана да нас 2 100 чалавек, самым маленькім наведвальнікам — 5 гадоў. Як радуецца душа, калі бачыш малых, якія ра­зам са старэйшымі выбіраюць сабе кнігі! У выхадныя ў бібліятэку прыходзяць нават цэлымі сем’ямі. Прычым сярод чытачоў не толькі гараджане. Ёсць такія аматары кніг, якія прыязджаюць з аддаленых вёсак. Безумоўна, не ўсе дзеці любяць чытаць: на жаль,час цяпер такі, калі гаджэты ў большай пашане, чым кнігі. Аднак прывіць да іх любоў можна. І любоў гэта павінна пачынацца з сям’і.

Пастаянны наведвальнік бібліятэкі Глеб Блышко

Добра, калі бацькі разумеюць, як важна для дзіцяці сяброўства з кнігай. А калі традыцыі чы­таць у сям’і няма? Тады надзея толькі на выхавальнікаў,  настаўнікаў, бібліятэкараў. Тут галоўным складнікам поспеху з’яўляецца творчы падыход да справы. Яскравы прыклад — новы сумесны праект раённай дзіцячай бібліятэкі і дзіцячага садка «Крынічка». Яго запусцілі восенню 2020-га і назвалі «Детишки + книжки». У адну з груп садка з перыядычнасцю раз на месяц прыходзяць пераўвасобленыя ў кніжных фей супрацоўнікі бібліятэкі. У сваім чароўным чамаданчыку яны прыносяць разнастайныя кнігі, праводзяць гульнявыя заняткі. Будзе і шэраг іншых мерапрыемстваў — іх план распрацаваны на два гады. Што немалаважна, да праекта падключаны выхавальнікі і бацькі.


Фонд дзіцячай раённай бібліятэкі складае больш за 30 тысяч кніг і перыядычных выданняў.


Для школьнікаў у раённай бібліятэцы дзейнічае клуб «Нашчадкі». Для яго ўдзельнікаў пастаянна ладзяцца гульні, квэс­ты, віктарыны…

— Усё гэта спрыяе таму, што ў дзяцей павышаецца інтарэс да кніг, — працягвала Марына Іванова. — Іх колькасць у нас паступова павялічваецца, фонд папаўняецца творамі новых аўтараў. У тым ліку дзякуючы пастаўчанам, якія перадаюць нашай установе кнігі са сваіх хатніх бібліятэк. Таму на паліцах у нас з’явіліся дзясяткі сучасных выданняў, якія палюбіліся маленькім чытачам.

У пашане і класіка. Таго ж Андэрсена школьнікі ахвотна чытаюць і праз два стагоддзі пасля яго нараджэння. Калі адкрыць любую кнігу гэтага аўтара, па лістку выдачы бачна, як шмат чытачоў яе бралі за апошнія гады.

Дарэчы, да Міжнароднага дня дзіцячай кнігі ў раённай бібліятэцы арганізавана маляўнічая фотазона «Прынцэса і прынц кніжнай краіны». Таму прыходзьце сюды не толькі па кнігі, але і сфатаграфавацца!

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Читайте также:
Поставские школьники получили 5 дипломов на областном этапе научных исследовательских краеведческих работ учащихся
6 работ педагогов Поставщины награждены дипломами главного управления по образованию Витебского облисполкома
Районный фестиваль правовых знаний среди школьников прошел в Поставской гимназии



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.