Учитель гутской школы Людмила Олихвер: «Без творческого подхода заинтересовать учеников сложно»

Образование

Вучыць любіць роднае

2021 год аб’яўлены ў краіне Годам народнага адзінства. Рашэнне прынята з мэтай кансалідаваць грамадства, згуртаваць беларусаў. А што аб’ядноўвае нас усіх — розных па веравызнанні, сацыяльным статусе, поглядах? Найперш — мова, культура, гісторыя, традыцыі нашых продкаў. Пісаць пра гэты агульны скарб мы будзем у артыкулах пад рубрыкай «Беларускае — значыць маё!».

На жаль, з часам становіцца ўсё менш людзей, апантаных родным словам, тых, хто штодня размаўляе на ўзорнай літаратурнай мове, раскрываючы ўсю яе прыгажосць, вобразнасць і лексічнае багацце. У першым матэрыяле новай рубрыкі раскажам якраз пра такога чалавека — настаўніцу гуцкай школы Людмілу Аліхвер. На працягу больш чым 30 гадоў яна прывівае сваім вучням любоў да ўсяго роднага — мовы, літаратуры, гісторыі малой радзімы. Прычым робіць гэта сумленнна, і старанні гэтыя не застаюцца незаўважанымі.

З Людмілай Уладзіславаўнай мы сустрэліся на яе рабочым месцы. За сваё жыццё яна яго ні разу не змяніла: як прыйшла ў 1989 годзе працаваць у Гуту пасля размеркавання, так і шчыруе тут па сёння.

Людміла Аліхвер

— Родную мову палюбіла яшчэ ў дзяцінстве, якое прайшло ў вёсцы Муляры на Камайшчыне,— узгадвала Людміла Аліхвер. — У майго бацькі літоўскія карані, дома ён часта гаварыў па-літоўску. Аднак з часам, як і ўсе вяскоўцы, перайшоў на беларускую. Любоў да яе прывілі і настаўнікі, з якімі мне сапраўды пашанцавала. У школе ў Оцкавічах, куды я хадзіла спачатку, мове і літаратуры вучыў Юрый Васільевіч Трава (бацька начальніка раённага аддзела па адукацыі Паўла Травы — аўт.). У Камаях, дзе працягвала навучанне, гэтыя прадметы вяла Ірына Ільінічна Чарнюк. Абодва педагогі былі, як кажуць, ад Бога — адукаваныя, мудрыя, справядлівыя. У многім менавіта яны паўплывалі на тое, што вырашыла паступаць у Віцебскі педінстытут імя Кірава на факультэт беларускай мовы і літаратуры.

Працаваць з дзецьмі Людміле Уладзіславаўне падабалася заўсёды. Яна ўмее іх захапіць не толькі сваімі прадметамі, але і краязнаўствам. На працягу апошніх 7 гадоў вучні разам з педагогам пастаянна ўключаны ў навукова-даследчую дзейнасць. Каб зразумець, якая вялікая работа праведзена, дастаткова пагартаць папкі з матэрыламі, што захоўваюцца ў кабінеце беларускай мовы. «Гульнёвыя формы фальклору Пастаўшчыны», «Сэрцам народжаны спеў (фальклор, абрады, традыцыі нашай мясцовасці)», «Слоўнік дыялектных слоў в. Гута і навакольных вёсак», «Народна-абрадавая культура Пастаўшчыны», «Легенды і паданні роднага краю»… Дык тут сотні старонак найцікавейшага краязнаўчага матэрыялу!

— Большасць інфармацыі запісана ад старэйшых жыхароў нашай мясцовасці, — тлумачыла Людміла Уладзіславаўна. — Прычым збірала яго не толькі са школьнікамі. Папку з легендамі і паданнямі нашага краю стварылі разам з маёй былой вучаніцай Інай Касарэўскай (зараз старшынёй Варапаеўскага сельскага Савета — аўт.). Да кожнага аповеду яна зрабіла вельмі прыгожыя аўтарскія малюнкі.

Маю ўвагу прыцягнула яшчэ адна важкая папка з дзясяткамі краязнаўчых артыкулаў, у розны час надрукаваных у «Пастаўскім краі». Як аказалася, раёнка для настаўніцы — у рабоце пастаянны памочнік. Напрыклад, на аснове артыкулаў з «ПК» яна распрацавала вусны часопіс «Пастаўшчына — мая малая ра­дзіма». Яго прэзентацыя адбылася ў рамках «Школы актыўнага грамадзяніна». «Старонкамі» часопіса сталі вусныя аповеды вучняў пра развіццё ў нашым рэгіёне прамысловасці, турызму, спорту і інш.

— Без творчага падыходу зацікавіць вучняў сёння складана, — адзначала Людміла Аліхвер. — На жаль, прайшоў той час, калі вучні захоплена чыталі буйныя творы беларускай літаратуры. А без чытання няма запасу слоў, разумення іх значэння. Нядаўна сутыкнулася з тым, што вучань не ведае, што такое Куцця. А слова «ўслон» атаясамліваюць са сланом (насамрэч гэта пераносная лаўка ў сялянскай хаце — аўт.). Большасць дзяцей ужо не ўяўляюць, як выглядаюць хамут, аброць і іншыя прыстасаванні для запрагання каня. Хаця само жыццё гэтаму спрыяе — на ўсю Гуту толькі адзін конь застаўся…

Сярод вучняў школы — а іх сёння там 29 — ёсць і сапраўдныя знаўцы роднай мовы. Настаўніца па праву ганарыцца Лізай Касарэўскай, Ульянай Куштэль, якія з сёлетняга раённага этапа алімпіяды па беларускай мове прывезлі дыпломы І ступені. Зрэшты, як і іншымі школьнікамі, што пастаянна ўдзельнічаюць у конкурсах і паказваюць на іх сваё глыбокае веданне роднага слова.

А як настаўніца адпачывае ад работы, якія мае захапленні? Зусім не здзіўляюся, калі ў адказ чую: кнігі.

— Люблю перачытваць класіку, асабліва Быкава, Шамякіна. Цяпер, у больш сталым узросце, бачу ў іх творах столькі глыбіні, колькі не заўважала будучы студэнткай. З паэтаў люблю Яўгенію Янішчыц. Цікаўлюся і сучаснай беларускай літаратурай. Сярод любімых аўтараў — Вольга Іпатава, Віктар Карамазаў, Генрых Далідовіч, Мікола Мятліцкі. Перачытала і ўсе кнігі краязнаўцаў Пастаўшчыны. Увогуле цікаўлюся гісторыяй і ўсім раю кнігі Караткевіча — гэта цэлы сусвет непаўторнай мовы, вобразаў.

Ёсць у педагога і шэраг іншых хобі. Яна любіць вышы­ваць, вязаць, вырошчваць кветкі. І хоць мае магчымасць жыць у Паставах, з сельскай мясцовасці выязджаць пакуль не збіраецца. Гэта рашэнне падтрымлівае і муж, які з’яўляецца вялікім аматарам лесу, рыбнай лоўлі.

Дарэчы, у сям’і Людмілы Аліх­вер прынята размаўляць на беларускай мове.

— На факультэце беларускай мовы і літаратуры ў віцебскім педінстытуце вучылася мая старэйшая сястра, яе муж, дачка, а таксама мой сын. Два гады ён адпрацаваў настаўнікам у Бешанковічах, цяпер служыць у Віцебску ў паветрана-дэсантнай брыгадзе і ў паўсядзённым жыцці размаўляе па-беларуску.

На жаль, сястра Людмілы Ула­дзіславаўны сёлета пайшла з жыцця. Але на малой радзіме — у Мулярах — яшчэ жыве мама, ёй ідзе 83-ці год. І настаўніца даражыць магчымасцю вяртацца туды, дзе пачынаўся шлях у жыццё і прафесію, дзе і сёння шмат роднага, беларускага — свайго.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Читайте также:
В музее СШ №4 появилось 2 новых экспоната — копии флагов 32-й ракетной дивизии и 346-го ракетного полка
2 апреля в Поставском государственном колледже прошел районный профориентационный слет
Поставские школьники привезли 2 диплома с республиканской олимпиады по учебным предметам



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.