Уроженцы д. Ботьвины собственными силами благоустроили местное кладбище

Общество

Прыклад для іншых

Вёска Боцьвіны Юнькаўскага сельсавета ніколі не была вялікай. Цяпер з карэнных жыхароў тут не засталося ніводнага. Але большасць дамоў дагледжаныя: пад іх вокнамі з вясны да восені палымнеюць кветкі, у цяпліцах і на градках расце агародніна. У некаторых сядзібах гаспадараць нашчадкі былых жыхароў вёскі, у іншых з’явіліся новыя гаспадары — дачнікі.

Добраўпарадкаваныя і мясцовыя могілкі. Некалькі гадоў таму спілаваць аварыйны дуб папрасілі спецыяліста, старыя дрэвы, якія ўяўлялі пагрозу для помнікаў, спілавалі сваімі сіламі. Парадак тут падтрымліваецца. Абкошваннем могілак звычайна займаецца Часлаў Жыдкі, які жыве ў Паставах, а тут апошні спачын знайшлі яго дзяды, бацькі і брат.

Ідзе ўстаноўка новай агароджы на боцьвінскіх могілках

Псавала выгляд святога месца старая агароджа. У мінулым годзе непадалёк адсюль пасвіўся грамадскі статак кароў. Жывёла прарвалася на могілкі, пашко­дзіла помнікі. І тады родныя тых, хто пахаваны ў Боць­вінах, вырашылі памяняць агароджу. Абзванілі землякоў, папрасілі выдзеліць з сямейнага бюджэту сродкі. Зборам займалася ў асноўным Фаіна Чатовіч, дапамагалі і іншыя. Практычна ўсе ўраджэнцы Боцьвінаў, за выключэннем некалькіх чалавек, ахвяравалі грошы на добраўпарадкаванне.

Восенню закупілі 140 метраў сеткі. За зіму Часлаў Жыдкі зварыў слупкі, вароты, са стрыечным братам Яўгеніем Чатовічам памалявалі іх. А ў адну з красавіцкіх субот на боцьвінскіх могілках сабралася невялікая талака: Часлаў Жыдкі, Яўгеній Чатовіч, Генадзій Лешчык, Раман Вырвіч, Сяргей Лашук. Агульнымі сіламі замянілі агароджу. Дапамагала і Фаіна Чатовіч. Працавалі да вечара, але затое цяпер выгляд могілак радуе. Нядаўна ўстанавілі крыж і спецыяльны столік для малітвы.

— Так склалася, што могілкі доўгі час былі неасвечанымі, — расказвалі мужчыны. — Восенню мінулага года гэта зрабіў айцец Аляксандр Козел. Хочацца, каб і сёлета на Радаўніцу тут адбыўся малебен.

Да месца вечнага спачыну дарагіх людзей родныя найчасцей прыходзяць на Радаўніцу. Запальваюць свечкі, моляцца. Але не менш важна клапаціцца пра парадак на святым месцы. Ёсць нямала магіл, на якія ўжо няма каму прыехаць. Таму тыя, хто пастаянна дбае пра чысціню на боцьвінскіх могілках, стараецца знайсці час, каб прыбраць суседнія.

Часта даводзіцца чуць, што добраўпарадкаванне могілак — абавязак сельвыканкамаў, святароў. У Боць­вінах не сталі прасіць ні ў кога дапамогі, а навялі парадак па сваёй ініцыятыве і за ўласныя сродкі. Чым не прыклад для пераймання?

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
26 апреля — День чернобыльской трагедии. История Екатерины Петрусевич из Новосёлок
Какие льготы предусмотрены для пострадавших и ликвидаторов катастрофы на ЧАЭС?
Популярны ли мусорные контейнеры ЖКХ среди поставчан?



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.