Воропаевские школьники завоевали 9 дипломов в конкурсе «За што я люблю родную зямлю»

Образование

Узнагароджваў акадэмік Гусакоў

У лістападзе мінулага года «ПК» расказваў пра ўдзел варапаеўскіх школьнікаў у І Рэспубліканскім конкурсе творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю». Ён аб’яўлены Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук і прысвечаны завяршэнню трылогіі Года малой радзімы. У ім вучні школы заваявалі ажно 9 дыпломаў. Узнагароджанне пераможцаў адбылося 26 сакавіка.

На ўрачыстую цырымо­нію, якая прахо­дзіла ў вялікай канферэнц-зале Прэзідыума НАН Беларусі, запрасілі 200 аўтараў найлепшых, па меркаванні журы, эсэ, нарысаў, замалё­вак, аповесцей, паэм, вершаў і навуковых даследаванняў. А ўсяго на конкурс было даслана з розных куткоў нашай краіны 847 работ. Сярод іх і 12 творчых прац вучняў Варапаеўскай СШ, 3 з якіх удастоены дыпломаў І і ІІ ступеняў, 6 — дыпломаў пераможцаў.

Самая высокая ўзнагарода — дыплом І ступені — у 11-класніцы Наталлі Лукашэвіч. Пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Мікалая Атрахімовіча яна падрыхтавала даследаванне «Структурна-семантычная характарыстыка мікратапонімаў Варапаеўскага сельсавета» (з ім заняла таксама 1-е месца ў абласной вучнёўскай канферэнцыі «Эўрыка»). Разам з Мікалаем Алегавічам Наталля, якая прадстаўляла ўсіх прызёраў з варапаеўскай школы, і адправілася ў сталіцу.

Там пераможцаў творчага спаборніцтва віталі старшыня журы конкурсу — дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа Ігар Капылоў і старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. Яны адзначылі вялікую актыўнасць і шырокі ўзроставы дыяпазон канкурсантаў (самаму малодшаму з іх усяго 6 гадоў, а самай старэйшай — 91 год). А яшчэ тое, што конкурс адлюстраваў пачуццё глыбокай любові да роднага краю, дазволіў па-новаму ўбачыць свае сучаснасць і будучыню. З віншаваннямі да ўдзельнікаў звярнуліся таксама старшыня Беларускага фонду культуры Тадэуш Стружэцкі, галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Наталля Шапран, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Георгій Марчук, іншыя вядомыя асобы, якія ўручалі ўзнагароды ў 12 намінацыях. Разам з дыпломамі пераможцы атрымалі ў падарунак кнігі пра Беларусь і памятныя гліняныя медальёны з надпісамі «НАН Беларусі» і назвай конкурсу.

Наталля Лукашэвіч прымала ўзнагароду з рук самога акадэ­міка Гусакова. Ад паездкі ў сталіцу ў дзяўчыны засталіся найлепшыя ўражанні.

— Усё было выдатна арганізавана, — расказвала Наталля Лукашэвіч пасля вяртання дамоў. — Спадабалася атмасфера ўрачыстага мерапрыемства. Для нас падрыхтавалі цікавую экскурсію па Музеі гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, канцэрт, у якім выступалі навучэнцы 23-й сталічнай беларускамоўнай гімназіі і капэла Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.

Падзялілася Наталля і сваімі планамі. Сёлета яна заканчвае школу і збіраецца паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на факультэт камп’ютарнага праектавання. Так-так, дзяўчыне падабаюцца матэматыка і інфарматыка. Але пры гэтым яна не ўпускае магчымасці паглыбіцца ў вывучэнне роднай мовы. Вось і працуючы над навуковым даследаваннем — робячы словаўтваральны разбор мікратапонімаў, якія збірала па ўсім сельсавеце, — адкрыла для сябе шмат новага ў паходжанні назваў і гісторыі сваёй мясцовасці.

Што да конкурсу, то ў хуткім часе Нацыянальная акадэмія навук плануе аб’явіць новы, прысвечаны Году народнага ­адзінства. Таму, паважаныя да­рослыя і дзеці, абавязкова ­ўдзельнічайце. І, магчыма, вы таксама акажацеся ў ліку прызёраў.

Алена Шапавалава



Читайте также:
Апанасевич Александр Владимирович — директор КПУП «Поставская типография»
Горел как костер… 2 года назад не стало бывшего председателя колхоза им. Суворова Олега Володько
Пограничники благоустроили воинские захоронения времен I мировой и Великой Отечественной войн в д. Сивцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.