1 мая в Озерках прошёл легкоатлетический кросс и открылся очередной туристический сезон

Важное Спорт

Спартыўны Першамай

У тых, хто сябруе са спортам і любіць актыўны адпачынак на прыродзе, у суботу былі адразу дзве нагоды пабываць на СТК «Азёркі». 1 мая тут адбыўся лёгкаатлетычны раённы крос, а таксама адкрыўся чарговы турыстычны сезон.

Забегі ў гонар Перамогі

— Традыцыйна раённы лёгкаатлетычны крос мы прысвячаем Дню Перамогі. На жаль, летась цудоўнае спартыўнае свята сарваў кавід. А вось сёлета сустракаемся на свежым паветры, — гаварыў, вітаючы прысутных, намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург. — Арганізатарам мерапрыемства жадаю правесці спаборніцтвы на высокім прафесійным узроўні, а яго ўдзельнікам — прыгожых, яркіх перамог і цудоўнага настрою!

Да яго пажаданняў далучылася старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая. Яна павіншавала ўсіх са Святам працы, а спартсменам зычыла да ўсяго лёгкага старту і годных перамог.

Падбадзёрваемыя азартнымі воклічамі балельшчыкаў, ­удзельнікі кросу амаль на тры гадзіны завалодалі цэнтральнай дарожкай комплексу. Першымі стартавалі навучэнцы гарадскіх і сельскіх школ, гімназіі і каледжа — усяго 12 каманд. Найлепшы вынік у гэтай групе, як і на мінулых спаборніцтвах, паказалі прадстаўнікі СШ №3 Ірына Гаўрыловіч, Данііл Мамаеў, Яўгеній Жукаў і Аляксандра Жыдкая. Другімі фінішавалі навучэнцы каледжа, трэцімі — Камайскай СШ.

Ужо некалькі гадоў запар не саступаюць лідарства ў сваёй групе бегуны Навасёлкаўскага сельсавета. Сёлета перамогу здабылі Меліке Кулёнак і Павел Сініца. Другі і трэці вынік адпаведна ў прадстаўнікоў Ярэўскага і Варапаеўскага сельсаветаў. У забегу ўдзельнічала 9 каманд.

Крыху меншай была канкурэнцыя сярод прадстаўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў і воінскіх часцей — на старт выйшлі 7 каманд. Лідарамі забегу сталі Аляксандр Шаруеў, Алеся Крыніцкая, Сяргей Завадскі і Алена Скнар. Яны прадстаўлялі воінскую часць, якая дыслацыруецца ў Азёрках. На 2-м месцы каманда Пастаўскага раёна газазабеспячэння, на 3-м — аддзела па адукацыі райвыканкама.

У асабістым забегу 1-е месца ў Аляксандры Жыдкай і Яўгенія Жукава.

— Перамогай вельмі ўзрадаваныя, — дзяліліся лёгкаатлеты. — Гэта своеасаблівая падрыхтоўка да рэспубліканскага спаборніцтва па летнім мнагаборстве «Здароўе», якое пройдзе з 4 па 7 мая ў Пінску. Мы там будзем выступаць у складзе каманды Віцебскай вобласці. У яе ўвайшлі 14 школьнікаў, з іх 6 чалавек — з Пастаў.

«Серабро» індывідуальнага першынства заваявалі Валерый Звяруга і Варвара Бамбізава. «Бронза» ў Радзівона Бамбізава і Мілены Жукоўскай.

Запрашае Бай

СТК «Азёркі» — улюбёнае месца адпачынку дзяцей і дарослых. Да чарговага турыстычнага сезона тут падрыхтаваліся як след: навялі парадак, праверылі інвентар і абсталяванне, паставілі паказальнікі, якія дазволяць сарыентавацца, дзе знаходзіцца той ці іншы аб’ект.

Аматарам вострых адчуванняў гаспадары комплексу прапануюць паспрабаваць свае сілы на скаладроме, спуску на металічным тросе над возерам, у двухузроўневым вяровачным гарадку. Яго аналаг, толькі спрошчаны, ёсць і для дзяцей. Таксама іх парадуюць батут, арэлі і насельнікі птушынага двара.

— Здаём напракат катамараны, лодкі, гідрацыкл, — пералічваў варыянты актыўнага адпачынку начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама Вячаслаў Врублеўскі. — Ёсць альтанкі з мангалам, кемпінгавая пляцоўка са стаянкай. Аматары гульнявых відаў спорту могуць паспаборнічаць на пляцоўцы са штучным пакрыццём, маюцца 2 пляцоўкі для пляжнага валейбола. Палюбавацца прыгажосцю некранутай прыроды прапануем падчас пешых прагулак па экалагічнай сцежцы ўздоўж возера Белае. На кіламетровым яе маршруце ўстаноўлены інфармацыйныя стэнды, лаўкі для адпачынку.

Працягваецца абнаўленне казачнай сцежкі. Ужо зусім хутка на ёй з’явяцца новыя фігуры і альтанка з гаспадаром сядзібы — Дзедам Баем.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Читайте также:
Новосёлковской СШ присвоено имя Героя Социалистического Труда Олега Володько
Людмила Курилович: «Если сильно захотеть, то все получится»
Поставские велолюбители приняли участие в беговеломарафоне «Тропа викингов» (+видео)



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.