28 мая — День пограничника. Интервью с комендантом погранкомендатуры «Поставы» Василием Куратником

Главное Приграничье

На варце рубяжоў Радзімы

Захавальнікі нацыянальнай бяспекі краіны — так называе пагранічнікаў камендант пагранкамендатуры «Паставы» Васілій Куратнік.

— Васілій Пятровіч, раскажыце, калі ласка, як звязалі жыццё з органамі пагранічнай службы?

— Я нарадзіўся ў вёсцы Завінне Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Падчас вучобы ў 11 класе ляхавіцкай гімназіі жыў у інтэрнаце з навучэнцамі ваенна-патрыятычных класаў. Менавіта ад іх запаліўся энтузіязмам служыць Айчыне. Для паступлення выбраў факультэт пагранічных войск Ваеннай акадэміі. У 2012-м атрымаў афіцэрскія пагоны. Першым месцам службы стала застава «Рыбалы» Гродзенскай пагрангрупы, куды мяне размеркавалі ў якасці намесніка начальніка. У Паставы накіраваны ў верасні мінулага года пасля заканчэння магістратуры Інстытута пагранічнай службы. Спачатку быў першым намеснікам каменданта, у лютым пайшоў на павышэнне. Жыццё афіцэраў-пагранічнікаў качавое — за час службы я памяняў прапіску 5 разоў. Усюды за мной крочаць жонка і 3-гадовы сынок, заўжды адчуваю іх падтрымку і любоў.

Камендант пагранкамендатуры «Паставы» Васілій Куратнік

— Што сабой уяўляе пагранічная камендатура «Паставы»?

— Наша камендатура ахоўвае граніцу на беларуска-літоўскім участку агульнай працягласцю каля 90 кіламетраў. У яе склад уваходзяць 3 «зялёныя» падраз­дзяленні: заставы «Ярэва» і «Лынтупы», пагранічны пост «Палессе». Таксама маецца рэзервовая застава, якая дыслацыруецца ў камендатуры і пры неабходнасці накіроўваецца ў любое даверанае мне падраздзяленне для ўзмацнення аховы граніцы. Напрыклад, на пошук і затрыманне парушальнікаў і кантрабандыстаў.

— У любой сферы галоўную ролю адыгрывае чалавечы фактар…

— Пастаўскія пагранічнікі вызначаюцца высокім прафесіяналізмам і рашучасцю дзеянняў, з’яўляюцца сапраўднымі захавальнікамі нацыянальнай бяспекі краіны. А для гэтага трэба быць патрыётамі. З пачатку года наша воінскае фарміраванне спыніла 3 спробы кантрабанднага перамяшчэння цыгарэт на суму звыш 10 тысяч рублёў, канфіскавала адну адзінку зброі і больш за дзясятак боепрыпасаў. Затрымана двое парушальнікаў Дзяржграніцы і 11 — пагранічнага рэжыму.

Але адной толькі службай нашы будні не абмяжоўваюцца. Ваеннаслужачыя камендатуры актыўна ствараюць утульнасць вакол сябе. Я сказаў бы, што некаторыя дамы афіцэрскага складу і тэрыторыя вакол іх крыху нагадва­юць аграся­дзібы — настолькі яны дагле­джаныя і прыгожыя. Таксама ахвотна ўдзельнічаем у грамадскім, культурным і спартыўным жыцці раёна, цесна ўзаемадзейнічаем з мясцовай уладай. Афіцэрскі корпус падраздзялення вялікую ўвагу надае прафарыентацыйнай рабоце, клапоцячыся пра новую змену. Плённа супрацоўнічаем з СШ №4, дзе дзейнічаюць ваенна-патрыятычныя класы, і іншымі навучальнымі ўстановамі Пастаўшчыны. У кожнай сельскай школе, размешчанай у прыграніччы, ёсць гурткі «Юныя сябры пагранічнікаў». Папулярызуем кантрактную форму службы — сёлета да нас на яе ўладкаваліся 4 чалавекі, 2 з іх — пасля праходжання тэрміновай службы ў нашым падраздзяленні.

 — Сёння, як і ва ўсе часы існавання граніцы, парушальнікі вынаходзяць розныя спосабы, каб перахітрыць яе ахоўнікоў, выкарыстоўваючы сучасныя тэхнічныя сродкі. Як супрацьстаіце такім дзеянням?

— Сапраўды, парушальнікі і кантрабандысты актыўна ўдасканальваюць спосабы абысці закон. Для гэтага ў ход ідуць разнастайныя прылады, якія могуць адсочваць рух пагранічных нарадаў, праслухоўваць іх радыёперагаворы, карыстаюцца беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Але будзьце ўпэўненыя: нам ёсць чым ім адказаць. Пагранічная служба аснашчана сучаснымі відамі ўзбраення, тэхнікі, спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі, якія забяспечваюць паспяховае выкананне баявых задач. Адны з апошніх нашых набыткаў — прыцэлы начнога бачання для зброі, цеплавізары, мабільная лабараторыя для маніторынгу радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абстаноўкі.

— Ёсць меркаванне, што Дзяржаўную граніцу павінна ахоўваць усё насельніцтва…

— У гэтай справе нашы актыўныя памочнікі — члены добраахвотных дружын. У іх уваходзяць работнікі арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў прыгранічча. Дапамагае і насельніцтва, але не так актыўна, як на беларуска-польскім участку граніцы, дзе я пачынаў служыць. Тлумачыцца гэта проста — там Дзяржграніца ўстаноўлена ў 1944 годзе, а тут яе дэмаркацыя завершана толькі ў 2008-м. На ўсё патрэбны час.

 Гутарыла Вераніка Філановіч



Читайте также:
Сотрудники ГАИ провели для поставских школьников Единый урок безопасности дорожного движения
28 мая — особая дата для защитников рубежей Беларуси. Отделения пограничного контроля «Мольдевичи» и «Лынтупы»
Председатель Лынтупского сельского совета Александр Макаренко уже 10 лет помогает пограничникам



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.