4 мая бывшему малолетнему узнику фашизма Марии Петровне Грайченок из Постав исполнилось 90 лет

Общество

Загартаваная горам

4 мая былому малалетняму вязню фашызму Марыі Пятроўне Грайчонак з райцэнтра споўнілася 90 гадоў.

Тое, што дзеці і ўнукі абавязкова прыедуць да яе на юбілей, яна ведала. Але калі ў кватэру завітала ажно трое прадстаўніц тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, нават разгубілася ад нечаканасці. А тыя прыступілі да віншавання: «Мы шчыра ганарымся пакаленнем Вялікай Айчыннай вайны, на лёс якога выпалі сур’ёзныя выпрабаванні і вялікія трыумфы, — звярталіся яны да юбіляркі. — Вы не баяліся цяжкасцей, верылі ў лепшае. Вы з’яўляецеся прыкладам для маладога пакалення. Жадаем вам здароўя, ба­дзёрасці духу і ўсяго найлепшага». І ўручылі падарунак. Такая ўвага з боку сацыяльнай службы расчуліла Марыю Пятроўну. «А напярэдадні я атрымала віншавальную паштоўку ад старшыні райвыканкама Сяргея Чэпіка», — радасна дзялілася яна яшчэ адной навіной.

Марыя Пятроўна Грайчонак з роднымі

Потым родныя селі за святочны стол. Зноў гучалі віншаванні і пажаданні. Не абышлося без успамінаў. Многія з іх — горкія. 12-гадовай дзяўчынкай Марыю разам з братам і бацькамі вывезлі ў Германію. Жылі ў лагеры. Бацькі будавалі ўмацаванні, яна няньчыла дзіця ў гаспадароў. Зведалі шмат гора. Пасля вызвалення вярнуліся ў родную вёску Малая Агальніца на папялішча (акупанты спалілі яе дашчэнту). Але і тут дагнала гора: праз тыдзень пасля прыезду памерла маці, якая цяжка захварэла яшчэ ў германскай няволі. Марыя ў 14 гадоў засталася за гаспадыню. Сям’ю прытулілі ў сябе чужыя людзі. Абжываліся цяжка. Шмат працавалі, зведалі голад і нястачу.

У кароткім газетным артыкуле немагчыма пераказаць 90 гадоў жыцця юбіляркі. Але адзначу, што сын Аляксандр і нявестка Тамара занатавалі асноўныя яго вехі ў сямейным альбоме, у які змяшчаюць не толькі фота­здымкі, але і аповеды пра родных розных пакаленняў. І хіба не цікава будзе, скажам, прапраўнукам прачытаць, што іх прабабуля Марыя з мужам Браніславам па камсамольскай пуцёўцы асвойвалі ў Казахстане цалінныя землі і там нарадзіўся іх першынец Аляксандр. А дачушка Оля ўбачыла свет у Алтайскім краі, куды маладую сям’ю занесла не толькі рамантыка, але і жаданне зарабіць.

Але канчаткова Грайчонкі асталяваліся ўсё ж на роднай зямлі. І шчыра працавалі пераважна ў сельскай гаспадарцы (Марыя была і даяркай, і цялятніцай, і аўчаром). У 2007 годзе Браніслава не стала. Марыя Пятроўна жыве ў Паставах, у аднапакаёвай кватэры з усімі выгодамі. Купіць яе змагла ў тым ліку і дзякуючы кампенсацыі за пакуты ў Нямеччыне, атрыманай з рэспубліканскага фонду «Узаемаразуменне і прымірэнне». Сёння шчасце жанчыны — у дзецях і ўнуках (мае трое ўнукаў і чацвёра праўнукаў). А найвялікшае жаданне, каб нікому з іх не давялося зведаць такога ліха, якое выпала на яе долю.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Читайте также:
Не стёрли с лица земли, а в неё закопали. История «потерянного» в Камаях памятника времён І мировой войны
В Поставах состоялись торжественные мероприятия к 105-летию Нарочской наступательной операции (+видео)
Письма из трагического прошлого принес в редакцию поставчанин Виктор Кейзик



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.