Хозяйка швейной мастерской «Кудесница» Людмила Козловская помогает выглядеть с иголочки

Общество

Сусвет мяне пачуў

Людміла Казлоўская закончыла Віцебскі педінстытут, але сваё прызванне знайшла зусім у іншай справе.

Пазнаёмілася з ёй выпадкова: зламалася маланка ў куртцы, і я звярнулася ў майстэрню «Кудесница», каб ушыць новую. Але яе ўладальніца (а гэта была Людміла) знайшла іншае выйсце — памяняла толькі сабачку на маланцы. Работа заняла некалькі хвілін.

Не паспела разлічыцца за паслугу (усяго 2 рублі!), як у майстэрню заглянуў малады мужчына — прыйшоў забіраць з рамонту джынсы. «Абавязкова прымерце! Паглядзіце, ці ўсё задавальняе», — настаяла майстар. Выйшаўшы з прымерачнай кабіны, кліент падзякаваў: «Выдатна зроблена!» А на парозе — яшчэ адна наведвальніца. Яна прынесла зарубіць зафіранкі. Прычым зрабіць гэта прасіла тэрмінова. І майстар адразу ж села за швейную машынку.

Я наўмысна затрымалася ў майстэрні, бо па журналісцкай звычцы было цікава назіраць за працай Людмілы і яе зносінамі з кліентамі. Урэшце напрасілася на размову, чым нямала збянтэжыла яе: «Вось дык нечаканая ўвага рэдакцыі! Што пра мяне пісаць? Я нічым не вызначылася. Магчыма, нават каму-небудзь і не дагадзіла. Хоць сваю работу вельмі люблю. У думках я неаднойчы прасіла Сусвет паслаць мне сапраўднае месца ў жыцці. Зараз яно ў мяне ёсць!»

Пасля заканчэння педінстытута Людміла некаторы час працавала ў лукашоўскай школе. Затым адну за другой нарадзіла дачушак і 6 гадоў знаходзілася ў дэкрэтным водпуску. Пасля выхаду з яго ў навучальную ўстанову не вярнулася, а ў гарадскіх школах для яе, настаўніцы пачатковых класаў, вакансіі не знайшлося. Ды педагогіка і не дужа вабіла. Як прызнаецца, куды цікавей было прыдумваць мадэлі, рабіць выкрайкі, шыць.

— Ужо ў 6 гадоў я ўмела вя­заць і крышку шыла, — успамінала Людміла. — Гэтаму навучылася ад мамы-настаўніцы. Потым у школе самымі любімымі для мяне былі ўрокі кройкі і шыцця. Пазней удасканальвала майстэрства на адпаведных курсах пры Доме афіцэраў у Паставах.

Паступова яе хобі перарасло ў неадольнае жаданне займацца любімай справай прафесійна. Працавала ў цэху масавага пашыву, сеткавым бізнесе, 4 гады — у швейнай майстэрні «Золушка». Звольніўшыся адтуль, стала на ўлік у цэнтры занятасці. А там прапанавалі дзяржаўную субсідыю на развіццё малога бізнесу. Яе — а гэта тысяча долараў у эквіваленце — хапіла на набыццё дзвюх швейных машынак. Дзве яна ўжо мела. Чым не цэх і чаму б не адкрыць уласную справу? Шукаючы памяшканне для арэнды, выйшла на магазін беларускага адзення «Олимп» у цэнтры горада. Пад яго крылом і размясціла сваю невялікую майстэрню пад красамоўнай назвай «Кудесница».

— Гэта зручна і нам, — расказвалі мне пазней прадаўцы магазіна Святлана і Наталля. — Бывае, што патэнцыйнаму пакупніку рэч падабаецца, але не зусім падыходзіць па фігуры. У такіх выпадках звяртаемся па дапамогу да Людмілы. Яна ўмее і параду даць, і перарабіць рэч. Прычым за такую паслугу нашы пастаянныя пакупнікі не плацяць — расходы бярэ на сябе магазін.

А сама Людміла прызналася: «Зараз я сама сабе гаспадыня. Раблю тое, што даспадобы. У асноўным займаюся рамонтам адзення. Прыемна, калі кліенты радуюцца пераробленым рэчам. Распарадкам дня не абмяжоўваюся. Калі тэрміновая работа — ніякіх праблем прыйсці на га­дзіну-дзве раней або на столькі ж затрымацца ў майстэрні вечарам. Тым больш што абедзве дачкі ўжо дарослыя і жывуць не ў Паставах, а муж, які працуе вадзіцелем на малочным заводзе, больш часу знаходзіцца ў рэйсах, чым дома».

Што да канкурэнцыі (у райцэнтры дзейнічае некалькі прыватных швейных майстэрняў), то Людміла Казлоўская яе не баіцца. Больш за тое, лічыць, што ўсе яны, швачкі, адна другую дапаўняюць. Магчыма, і так.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Читайте также:
В 2020 году на мемориальной плите братской могилы в Воропаево появились три новых имени
Как продвигается строительство многоквартирного дома по ул. Зелёной, 26 в Поставах?
Фоторепортаж: День Победы отпраздновали в Поставах (дополнено)



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.