Массовая вырубка лесов? Как обстоят дела в Поставском лесхозе? Интервью с Валерием Гарбулем

Важное Природа

Без шкоды для прыроды

Апошнім часам грамадскасць актыўна абмяркоўвае стан беларускіх лясоў. Многія сцвярджаюць, што наспявае экалагічная катастрофа, бо вядзецца іх масавая высечка. Як абстаяць справы ў Пастаўскім лясгасе? Пра гэта карэспандэнт «ПК» гутарыць з галоўным ляснічым Валерыем Гарбулем.

Ідзе загрузка саджанцаў у новую лесапасадачную машыну

— Валерый Аляксандравіч, які асноўны кірунак работы вашай арганізацыі?

— Лесаразвядзенне на нізкабальных і нізкапрадукцыйных землях. Мы садзім малады лес, ахоўваем і даглядаем яго. Для гэтага рэгулярна праводзім рубкі догляду. Планавыя вядуцца на плошчах, дзе лясы дасягнулі сваёй спеласці. Для кожнай пароды ўстаноўлены адпаведны для рубкі ўзрост. Сосны і елкі ў эксплуатацыйных лясах можна высякаць не маладзейшыя за 81 год, ліпы — 71, бярозы — 61, а дуб — 101. Спілоўванне спелых лясоў я параўноўваю са зборам ураджаю ў аграрыяў: калі яго своечасова не сабраць, то ён прападзе. Так і з лесам. Пераспелыя дрэвы пачынаюць гніць, крышыцца, драўніна страчвае каштоўнасць.

— Хто вызначае ўчасткі для планавых высечак?

— Раз на дзесяць гадоў «Белдзяржлес» праводзіць лесаўпарадкаванне, на аснове інвентарызацыі і праекта намячае планы. Сам лясгас назначаць і праводзіць высечкі галоўнага карыстання не мае права. Яго работа накіравана на падтрыманне і захаванне правільнай узроставай і пароднай структуры: маладняк, сярэднеўзроставы і падаспелы лес павінны быць у аднолькавай колькасці. Нічога лішняга не высякаецца. Летась нашым лясгасам, згодна з планам, нарыхтавана 178 тысяч метраў кубічных драўніны са спелых лясоў і 50 тысяч — з рубак догляду. Сёлета найбольш  драўніны нарыхтоўваем у Старадворскім лясніцтве, якое створана ў 2000 годзе. А да гэтага лясы належалі ваенным, і там ніякія работы не праводзіліся. Дрэвы, пасаджаныя ў перадваенны перыяд, саспелі і цяпер з’яўляюцца якаснай драўнінай.

— А бываюць і санітарныя высечкі.

— Яны праводзяцца пасля прыродных катаклізмаў — бураломаў, снегаломаў, снегавалаў — або калі ўзнікае біялагічная небяспека (хваробы, шкоднікі). Каб яе лакалізаваць, аператыўна праводзім санітарныя высечкі. Усе работы кантралююць дзяржаўныя наглядныя органы, а таксама прадстаўнікі ляснога папячыцельскага савета (FSC). Гэта некамерцыйная міжнародная асацыяцыя. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі экалагічных, сацыяльных, сертыфікаваных арганізацый з многіх краін свету, ляснічых карпарацый, пастаўшчыкі лесаматэрыялаў. Савет кантралюе карыстанне ляснымі рэсурсамі ў сусветных маштабах. Драўніна, маркіраваная FSC, — гэта пацвярджэнне яе легальнага паходжання і нарыхтоўкі на адведзенай тэрыторыі.

— Валерый Аляксандравіч, раскажыце падрабязней пра адзіную дзяржаўную інфармацыйную сістэму ўліку драўніны і здзелак з ёй.

— Гэта сістэма ў Беларусі пачала дзейнічаць з мінулага года. Ёсць такія і ў іншых краінах. АДІС вя­дзе ўлік драўніны, рэгламентуе празрыстасць руху лесапрадукцыі ад нарыхтоўкі да прыёмкі спажыўцом. Адпаведныя органы могуць спыніць машыну з лясной прадукцыяй і ў рэжыме анлайн праверыць, дзе яна была нарыхтавана, загружана, куды прыбудзе. Нелегальная драўніна адразу выяўляецца. Усю сваю прадукцыю мы рэалізуем праз Беларускую ўніверсальную гандлёвую біржу.

— Што робіце па лесааднаўленні?

— Малады лес садзім кожны год. Гэтым займаюцца не толькі работнікі лясгаса, але і валанцёры. Вялікі аб’ём работ выконваецца падчас добраахвотнай рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу». Сёлетняй вясной маладыя насаджэнні ў раёне занялі 88 гектараў. Саджанцы вырошчваем ва ўласным гадавальніку, а таксама завозім з Глыбоцкага доследнага лясгаса. Перавагу аддаём са­джанцам з закрытай каранёвай сістэмай, бо яны прыжываюцца стопрацэнтна. Згодна з рэкамендацыямі Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, не менш за 70% насаджэнняў павінны быць змешанымі. Такія культуры лічацца больш устойлівымі. Каб паскорыць пасадачныя работы, набылі новую лесапасадачную машыну. Актыўна ўкараняем механізацыю і пры доглядзе культур.

Лес — нацыянальнае багацце. Прымнажаць і клапаціцца пра яго абавязаны кожны.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Популярны ли мусорные контейнеры ЖКХ среди поставчан?
Работники лесного хозяйства Поставщины собирают «урожай» березового сока
Неделя леса. На 95 гектаров увеличилась площадь лесных насаждения Поставского лесхоза



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.