Педагоги и учащиеся Поставского государственного колледжа ведут активную научную работу

Образование

На ўвесь голас заяўляюць пра сябе

На працягу апошніх гадоў педагогі і навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа актыўна ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах і аглядах навацыйнай і тэхнічнай творчасці, заваёўваючы граматы і дыпломы. Магчымасць удзелу ў іх — вынік навукова-даследчай работы, якая вядзецца ва ўстанове. Па сутнасці, яна закла­дзена ў самім вучэбным плане. Навучэнцы выбіраюць для курсавых і дыпломных праектаў актуальныя тэмы, звязаныя з новымі тэхналогіямі, тэхнікай, падыходамі.

Па выніках канферэнцый выдаюцца зборнікі матэрыялаў, трапіць у якія вельмі ганарова. І калі побач з імёнамі прадстаўнікоў універсітэтаў з розных краін значацца прозвішчы выкладчыкаў і навучэнцаў пастаўскага каледжа, гэта выклікае ва ўсіх, хто вучыцца і працуе ў яго сценах, пачуццё гордасці, павышае імідж установы адукацыі. Так, летась у зборніку матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі «Сучасная навука і адукацыя: актуальныя пытанні і перспектывы развіцця», якая праходзіла ў лютым на базе БНТУ, была апублікавана работа выкладчыка каледжа Дзмітрыя Міхасёнка на тэму выкарыстання аб’ёмных вучэбна-наглядных стэндаў уласнага вырабу на занятках па прадмеце «Устройства трактароў». У красавіку мінулага года на базе гэтага ж універсітэта адбылася навукова-практычная канферэнцыя «Моладзь ХХІ стагоддзя», у якой прынялі ўдзел майстар вытворчага навучання Валянціна Клянтак і навучэнка Кацярына Дубіновіч. Іх работа на англійскай мове з секцыі «Маркетынг і пабудова навацыйнай эканомікі» таксама ўвайшла ў зборнік.

Наталля Шылько дэманструе дыпломы і сертыфікаты, атрыманыя за апошнія два гады

Нядаўна ў каледж прыйшло 5 сертыфікатаў аб удзеле педагогаў Дзіны Каліты, Аляксея Харкова, Алены Шылёнак і Таццяны Дзеравянкі ў міжнароднай навукова-практычнай анлайн-канферэнцыі «Шляхі рэалізацыі канцэпцыі лічбавай трансфармацыі працэсаў у сістэме адукацыі», арганізаванай Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі. А разам з імі — паведамленне пра тое, што работы будуць надрукаваны ў зборніку. Увойдзе ў зборнік матэрыялаў і работа майстра вытворчага навучання Валянціны Клянтак і навучэнкі Анастасіі Пупкевіч, якія ў сакавіку прынялі ўдзел ва Усеўкраінскай студэнцкай навуковай канферэнцыі «Атэльна-рэстаранны і турыстычны бізнес: рэаліі і перспектывы». Акрамя таго, яе размесцяць у электроннай бібліятэцы Кіеўскага навуковага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта.

Для таго каб навучэнцы і педагогі маглі рабіць годныя праекты, кіраўніцтва каледжа рэгулярна закупляе сучасныя камп’ютарныя праграмы. А ў хуткім часе збіраецца абсталя­ваць яшчэ адзін камп’ютарны клас з больш магутнымі, чым маюцца зараз, машынамі.

Бурная навукова-даследчая дзейнасць знаходзіць сваё адлюстраванне на сайце навучальнай установы. У лютым спецыялісты галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама праводзілі маніторынг сайтаў устаноў адукацыі вобласці і былі здзіўлены тым, наколькі часта абнаўляецца інфармацыя ў каледжы. На той момант пачынаючы з 1 верасня на яго інтэрнэт-рэсурсе з’явілася ажно 121 навіна. Гэта самы высокі паказчык сярод усіх прафесійна-тэхнічных і сярэднеспецыяльных навучальных устаноў Віцебшчыны.

— Нам на самай справе ёсць пра што расказаць. І не толькі ў плане ўдзелу ў навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах і алімпіядах, — гаварыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Пастаўскага дзяржкаледжа Наталля Шылько. — На сайце мы робім справа­здачы з усіх мерапрыемстваў, якія праходзяць у нас, расказваем пра прадметныя тыдні, валанцёрства, спартыўныя спаборніцтвы, вынікі кожнага экзамену і дыферэнцаванага заліку, прафарыентацыйную работу, якую асабліва актыўна вядзём у красавіку—маі. Там жа можна знайсці інфармацыю для абітурыентаў і завочнікаў, расклады заняткаў і экзаменаў і многае іншае. Вядзе наш сайт малады праграміст Кірыл Кузьмін, які стараецца, каб ён быў сучасным і цікавым. А застрэльшчык усёй гэтай работы — дырэктар Сяргей Герасіменка. Ён першы сочыць за абнаўленнем сайта і дае сваю ацэнку ўсім размешчаным на ім навінам.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
2 апреля в Поставском государственном колледже прошел районный профориентационный слет
Замначальника ИМНС Татьяна Патрушева рассказала молодёжи колледжа о налогах
В Поставском государственном колледже старшеклассников обучают профессиям слесаря и продавца



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.