Поставчанин Леонид Врублевский встретился со своей первой учительницей

Общество

Дрэва і настаўнік пазнаюцца па пладах

З пастаўчанінам Леанідам Врублеўскім едзем у Казлоўшчыну на сустрэчу з яго першай настаўніцай. Ён закончыў школу больш за паўстагоддзя назад, але і сёння памятае ўрокі Галіны Сцяпанаўны Кураковай. Зрэшты, гэта, напэўна, не выключэнне: першая настаўніца назаўсёды запамінаецца кожнаму. Аднак не кожны пасля развітання са школай цікавіцца далейшым лёсам той, хто ўвёў яго ў краіну ведаў.

А Леанід Врублеўскі захапляўся: «Нягледзячы на ўзрост, у Галіны Сцяпанаўны добрая памяць. Яна і пра вайну раскажа, і пра многіх сваіх вучняў». А мяне, як толькі пераступіла парог сціплага вясковага дома настаўніцы, найперш уразілі самаробныя пакрывалы на ложках, дыванкі на табурэтках. Заўважыўшы маю зацікаўленасць, гаспадыня ахвотна тлумачыць: «Даўно заразілася рукадзеллем. Усё гэта сама зрабіла. Ніводную старую рэч не выкінула. Усё пайшло ў справу. Але зараз праца прытармазілася: стаў падводзіць зрок».

Яно і не дзіўна. Галіне Сцяпанаўне па пашпарце 93, а насамрэч 95. На 2 гады яе «памаладзілі» бацькі, выбіраючы пасля вайны дакумент у сельскім Савеце. Ніхто тады не задумаўся, што некалі давядзецца працаваць лішнія гады, каб атрымаць пенсію.

Галіна родам з Лепельшчыны. Добра памятае ваеннае ліхалецце і расказвае шмат эпізодаў: як у Ляхавічах размяшчаўся штаб партызанскай брыгады, як акупанты палілі вёскі і забівалі бязвінных людзей. Заключае, што тады гора прыйшло ў кожную сям’ю. А як цяжка было жыццю аднаўляцца з руін!

Леанід Врублеўскі са сваёй першай настаўніцай Галінай Сцяпанаўнай Кураковай

Здатная да вучобы дзяўчына пасля вайны закончыла Лепельскае педвучылішча і па размеркаванні трапіла ў Ашмянскі раён. Але адпрацавала там усяго год, паколькі выйшла замуж за міліцыянера, і маладая сям’я накіравалася на месца яго службы. Гэта была Пастаўшчына. Спачатку Канстанцін Куракоў як участковы інспектар абслугоўваў тэрыторыю Белькаўскага сельсавета. У 1960 годзе яго выбралі старшынёй Казлоўшчынскага сельскага Савета. Галіна стала працаваць у мясцовай школе. І вучыла тут пачаткоўцаў не адно дзесяцігоддзе.

— Не падлічвалі, колькі іх прайшло праз вашы рукі і сэрца? — пытаюся ў былой настаўніцы.

— Хіба гэта магчыма? — адказвае яна. — Класы былі вялікія. Прычым часта аб’ядноўвалі, скажам, другі і трэці. Розныя праграмы, розныя па здольнасцях і характарах дзеці. Было цяжка, але ўсё роўна я любіла сваю працу. Многіх сваіх вучняў памятаю і зараз.

Прайшлі гады, змянілася жыццё. У Казлоўшчыне даўно няма школы, і гэта вельмі засмучае ветэрана педагагічнай працы. Хапіла і асабістага гора: жанчына даўно аўдавела, а 14 гадоў таму пахавала і сына. «І маё здароўе вельмі пахіснулася, — прызнаецца. — Не ведаю, што і рабіла б, калі б не дачка».

Ліля пакінула бацькоўскі дом, калі ёй было ўсяго 15. Атрымала будаўнічую прафесію і ў 1978 годзе па пуцёўцы ЦК ЛКСМБ паехала на камсамольскую будоўлю ў сталіцу СССР, якая рыхтавалася да Алімпійскіх гульняў. Масква прыняла яе назаўсёды. Там выйшла замуж, нарадзіла двух сыноў, дачакалася ўнукаў.

— Але чатыры гады назад мне давялося вярнуцца да мамы, — расказвала Ліля. — Ёй стала цяжка ўпраўляцца па доме. А да мяне пераязджаць не хоча. Яна і раней, калі гасціла ў мяне, ужо на другі-трэці дзень пачынала сумаваць і казала: «Мне твая Масква што турма. Хачу дадому».

А Ліля, безумоўна, сумуе па цывілізацыі. Але маці для яе даражэй за ўсе даброты. Таму і апякае яе пастаянна. «Праўда, два разы на год мама адпускае мяне на нейкі час у Маскву, і то — радасць», — дзялілася.

Калі мы сабраліся развітвацца, Галіна Сцяпанаўна адвяла мяне ў куточак, дзе захоўвае сваё рукадзелле, і са словамі «Вазьміце, калі ласка, на памяць» працягнула дыванок, сплецены з рознакаляровага поліэтылену. Як было адмовіцца? Разумела, што гэта ад шчырага сэрца. Тым больш — ад настаўніцы школы, якую заканчвала і я. Праўда, вучылася тут толькі ў 9 і 10 класах. А вось былы вучань Галіны Сцяпанаўны Леанід Врублеўскі паабяцаў наведвацца да яе зноў і зноў.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Читайте также:
4 мая бывшему малолетнему узнику фашизма Марии Петровне Грайченок из Постав исполнилось 90 лет
Хозяйка швейной мастерской «Кудесница» Людмила Козловская помогает выглядеть с иголочки
Оплата товаров с помощью QR-кодов и мобильных приложений: теперь и в Беларуси



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.