С 12 по 16 апреля в Поставском районе работала диалектологическая экспедиция

Важное Общество

Жывую гаворку вывучалі на Пастаўшчыне

З 12 па 16 красавіка ў Пастаўскім раёне працавала дыялекталагічная экспедыцыя супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаваняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

У ёй удзельнічалі дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Вераніка Курцова, навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Анастасія Марозава і малодшы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі мовы Таццяна Іваніцкая.

Даследчык запісвае гаворку жыхара в. Прусы

Экспедыцыя аказалася надзвычай цікавай і плённай. Навукоўцы пабывалі ў розных населеных пунктах Пастаўшчыны: Апідамах, Дунілавічах, Казлоўшчыне, Камаях, Лучаі, Лынтупах, Мулярах, Рагонішках, Прусах, Ярэве — і змаглі пагутарыць з мясцовымі жыхарамі і запісаць іх размовы. Аднак не толькі традыцыйным запісам гаворкі тутэйшых насельнікаў і выяўленнем назваў дробных геаграфічных аб’ектаў — палёў, лугоў, лясных мясцін, рачулак і інш. — займаліся даследчыкі. Яшчэ адным момантам навуковага інтарэсу ўдзельнікаў экспедыцыі былі вясковыя пахаванні, дакладней надпісы на надмагільных плітах. Іх вывучэннем займалася Таццяна Іваніцкая, якая ўжо правяла не адну навуковую экспедыцыю ў паўночна-заходнім рэгіёне Беларусі, але на Пастаўшчыне была ўпершыню.

Ігар Капылоў з жыхаркай в. Дунілавічы Лідзіяй Кейзік

Работа даследчыкаў аказалася плённай невыпадкова: у навуковым вывучэнні духоўных набыткаў, мясцовых рэгіянальных традыцый надзвычай зацікаўлены органы раённай улады і мясцовага самакіравання. Яны і арганізавалі сустрэчы з жыхарамі раёна. Вялікую дапамогу экспедыцыйнай групе аказаў намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург. Найперш ён паклапаціўся пра годнае ўладкаванне ўдзельнікаў экспедыцыі на час правядзення даследаванняў. Мы жылі ў гасцініцы АДРАЦ «Ветразь». Вельмі прыязна паставіўся да гасцей персанал цэнтра і яго галоўны ўрач Сяргей Петухоў. Нягледзячы на сваю занятасць, ён правёў для нас экскурсію па ўстанове, паказаў умовы, створаныя тут для дзяцей, якія прыязджаюць на адпачынак і рэабілітацыю, і іх бацькоў.

в. Муляры. Сабiна Iосiфаўна

Таксама дзякуючы Станіславу Чымбургу да нашай экспедыцыі далучыліся старшыні і работнікі сельскіх Саветаў раёна, старэйшыны вёсак: Канстанцін Мядз­ведзеў, Ганна Каралёнак, Галіна Куліч, Аляксандр Макаранка, Павел Скрыдлеўскі, Людміла Ціцянкова, Ірына Кукоўская, Таццяна Кімстач. Удзельнікі экспедыцыі шчыра ўдзячныя ўсім за дапамогу. Мы адчулі з іх боку вялікае жаданне дапамагчы нам сабраць як мага больш неабходнага матэрыялу. Гэтыя людзі, па сутнасці, былі для нас экскурсаводамі: прыводзілі да вяскоўцаў і самі неўпрыкмет станавіліся непасрэднымі ўдзельнікамі размоў, дэманструючы веды пра адметныя старонкі гісторыі сваёй малой радзімы, узгадваючы разам мясцовыя падзеі.

аг. Камаi. В.Ю. Карвацкая

Незабыўныя ўражанні пакінула ва ўсіх размова з жыхаркай в. Дунілавічы Лідзіяй Кейзік. Яна нарадзілася ў 1924 г. Нягледзячы на сталы век, жанчына мае добрую памяць і ведае шмат, сваімі ўспамінамі ахвотна падзялілася з намі. Уладзімір Мычко з гэтай жа вёскі не толькі распавёў пра асабіста змайстраваныя ім цымбалы, але і, расчулены нашымі просьбамі, выканаў на іх некалькі народных кампазіцый.

в. Муляры

У Апідамах пагутарылі з Анфісай Плотнікавай. Жанчына, як і яе бацькі, дзяды, з мясцовых старавераў. Тут пражыла ўсё жыццё, але добра захавала гаворку сваіх продкаў. Незабыўныя ўспаміны засталіся і ад сустрэчы з Францішкам Тарасевічам з вёскі Ярэва. Такія апавядальнікі, як Францішак Аляксандравіч, — гэта вялікая ўдача для дыялектолага. Ён не толькі цікавы субяседнік, але і вельмі майстравы чалавек. Дарэчы, сваімі рукамі паднавіў вясковыя могілкі, дзе апошні спачын знайшлі ўдзельнікі Першай сусветнай вайны, у тым ліку немцы, прычым зрабіў гэта бескарысліва.

в.Апiдамы А.В. Плотнiкава

Пазнавальнымі ў навуковым плане былі размовы з В. Каравацкай з в. Камаі, Я. Якубовіч з Рагонішак, С. Чарскай, Э. Чарняўскай з в. Муляры і многімі іншымі жыхарамі вёсак Пастаўскага раёна.

Шчырая ўдзячнасць нашым суразмоўцам, арганізатарам сустрэч, мясцовай уладзе — усім, хто так ці інакш быў задзейнічаны ў карыснай справе па вывучэнні жывой беларускай гаворкі.

Вераніка Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа



Читайте также:
Педагоги и учащиеся Поставского государственного колледжа ведут активную научную работу
В Новосёлковской СШ открыли аграрную группу
В СШ №1 создана образовательная площадка для совершенствования обучения и изучения английского языка



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.