Семья Игнатович — верующая. Причём в ней мирно уживаются две конфессии

Общество

Тры пакаленні і дзве канфесіі мірна ўжываюцца пад адным дахам.

Прычым не шматузроўневага катэджа, а звычайнай трохпакаёвай кватэры. Гэта сям’я Ігнатовіч з райцэнтра ў складзе гаспадыні Валянціны Пятроўны, яе старэйшага сына Аляксандра, нявесткі Святланы і ўнука Ігара. Амаль як дома адчуваюць сябе тут і яшчэ двое Валянцініных унукаў — Ягор і Юля (дзеці яе малодшага сына, Алега). Хоць жывуць яны па іншым адрасе, у бабулі бываюць рэгулярна.

Гэту кааператыўную кватэру па вуліцы Юбілейнай у 1985 го­дзе для Валянціны пабудавалі яе бацькі. Сюды, аўдавеўшы, пераехала з вёскі яе мама і пражыла разам з дачкой і ўнукамі сем гадоў.

— З іх чатыры з паловай была ляжачай, — успамінае Валянціна. — На шчасце, я працавала блізка ад дома — на заводзе вучэбнага абсталявання. Паспявала ў абед прыбегчы дадому, накарміць маму, дагледзець яе. А сама перакусвала на хаду. Калі мамы не стала, паклікала жыць да сябе сям’ю старэйшага сына, Сашы. Да гэтага яны здымалі кватэру. З таго часу вось ужо 14 гадоў мы разам.

Валянціна Ігнатовіч з унукамі Юляй, Ягорам і Ігарам

— І як вам жывецца са свекрывёй? — пацікавілася пазней у Святланы.

— Ужо адно тое, што мы 14 гадоў пад адным дахам, гаворыць само за сябе, — чую ў адказ. — Мне пашанцавала са свекрывёй. Яна добрая і клапатлівая, і мы выдатна ўжываемся. Ніколі не пакрыўдзіла мяне ні адным словам. Тры гады назад памерла мая родная мама. Засталася толькі мама Валя, і вельмі добра, што яна ёсць. А як моцна любяць бабулю ўнукі!

Як да роднай дачкі, адносіцца Валянціна і да другой нявесткі — Олі. Сем гадоў таму сям’я яе малодшага сына распалася. Шмат пераплакала маці з гэтай прычыны, але знаходзіла ў сабе сілы падтрымліваць нявестку і ўнукаў. Дапамагала ва ўсім. Зараз радуецца, што Оля сустрэла добрага чалавека і звязала з ім лёс. Па-ранейшаму апякае ўнукаў. Вучыць іх з павагай ставіцца да мамінага выбранніка і з любоўю — да роднага бацькі, які падтрымлівае іх матэрыяльна, пры любой магчымасці стараецца пабыць разам з імі.

— Вельмі люблю ўнукаў, — дзялілася Валянціна. — Ігар хо­дзіць у чацвёртую школу, у 11 клас, Ягор і Юля — у першую, адпаведна ў 10-ы і 1-ы. Адводжу Юлю на ўрокі і забіраю дадому. Пасля заняткаў усе ў мяне на Юбілейнай. Сустракаю, кармлю, распытваю пра школьныя справы. Пасля Юля з Ягорам едуць дадому.

Напрыканцы мая, калі заканчваецца навучальны год і адпадае патрэба ў апецы над школьнікамі, бабуля перасяляецца на любімую дачу ў Пятрагах (былы бацькоўскі дом) і з задавальненнем займаецца вырошчваннем кветак і агародніны. Любяць тут бываць і ўнукі. А сын Саша праводзіць на дачы за работай увесь свой вольны час. Ніколі не сядзіць без справы і нявестка Святлана.

Сям’я Ігнатовіч — веруючая. Прычым у ёй мірна ўжываюцца дзве канфесіі. Валянціна Пятроўна і сын Аляксандр належаць да праваслаўнай. Святлана і Ігар — каталікі. Прычым юнак прыслугоўвае ксяндзу ў касцёле і капліцы, актыўна ­ўдзельнічае ва ўсіх парафіяльных мерапрыемствах. І гэта вельмі радуе бабулю. А калі наступае каталіцкае або праваслаўнае свята, разам да яго рыхтуюцца і адзначаюць.

Вось так, на згодзе, узаемаразуменні, любові і павазе адно да аднаго, і цэментуецца сям’я. І, безумоўна, яна стане добрым прыкладам для пераймання яе трэцяму пакаленню — унукам Валянціны Пятроўны.

Фаіна Касаткіна
Фота Анны Анішкевіч



Читайте также:
Поставчанин Леонид Врублевский встретился со своей первой учительницей
Как коренные москвичи Павел и Екатерина Кутюгины оказались на Поставщине?
Семья Корзан выступит в финале ежегодного конкурса «Семья — кристалл общества»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.