В Доме ремесел открылась персональная выставка работ мастера Елены Апухтиной

Культура

Стварае нават камяні

Пастаўчанку Алену Апухціну многія ведаюць як былую работніцу Дома рамёстваў і майстрыху на ўсе рукі. Яна заўсёды імкнулася і імкнецца асвойваць розныя віды творчасці.

— Тварыць я пачала ў дзяцінстве, калі разам з бацькамі пераехала з Латвіі, радзімы таты, у Паставы, на радзіму мамы, — расказвала жанчына. — Тады яшчэ быў жывы дзядуля, і ён вучыў мяне, 7-гадовую, плесці кошычкі з яловых карэньчыкаў. Потым было захапленне макрамэ — я асвойвала яго самастойна па кніжках і часопісах, вышыванне гладдзю — гэтаму вучыла мама. У маладосці захапілася саломкай. Пляла з яе розныя рэчы, рабіла аплікацыі. Уступіўшы ў клуб «Майстры», удзельнічала са сваімі работамі ва ўсемагчымых выставах і фестывалях, заваёўвала граматы і дыпломы.

У 1998 годзе адкрыўся Дом рамёстваў, і яго дырэктар Таццяна Петух запрасіла Алену Апухціну да сябе на работу. Тры гады яна вяла гурток па саломапляценні, таксама выкладала бісерапляценне. Затым, як кажа сама, пайшла ў камерцыю. Гандлявала на рынку, а калі не было пакупнікоў, каб не сядзець без справы, вышывала крыжыкам. Займалася гэтым і дома па вечарах.

Алена Апухціна на фоне сваіх работ

— На вышыванне мяне натхнілі работы калегі па клубе «Майстры» Марыны Ананьевай, — зазначае Алена Эрнестаўна. — Гледзячы на іх, думала: «Якая прыгажосць! Няўжо я не змагу зрабіць нешта падобнае?» У выніку атрымалася цэлая калекцыя карцін. Асабліва люблю вышываць людзей — укладваю ў выраз іх твараў уласныя эмоцыі, — а таксама коней, да якіх нераўнадушная з дзяцінства.

Але не так даўно любімы занятак прыйшлося пакінуць: пачаў садзіцца зрок. І жанчына стала шукаць для сябе новае хобі. Тым часам якраз задумала адрамантаваць ванны пакой. Прыкінула, што пакласці на сцены плітку будзе дорага, бо пакой вялікі. Хацелася, каб было танна і ў той жа час арыгінальна. Дапамог інтэрнэт, дзе знайшла параду, як зрабіць дэкаратыўную тынкоўку.

Спачатку атынкавала сцены. Затым — старыя вазоны для кветак. А потым прыйшла ідэя стварыць дэкаратыўныя камяні. Для іх Алена Эрнестаўна выкарыстоўвае пенапласт, які ламае на кавалкі, складвае пэўным чынам і сцягвае скотчам. Таксама ў ход ідуць пустыя пластыкавыя бутэлькі. Гатовую канструкцыю майстрыха абляпляе бетонам (ім замяніла плітачны клей, які трэскаецца ад перападаў тэмпературы і вільгаці на вуліцы). А калі бетон падсохне, наносіць сталовай лыжкай узор: выемкі, трэшчыны. Апошні этап работы — афарбоўка каменя «Снежкай» з дабаўленнем «Колеру». Па такой жа тэхналогіі жанчына зрабіла акварыум і маяк, узяўшы за аснову пластмасавыя скрыні і каналізацыйную трубу.

— Летам я шмат часу праводжу на дачы ў Чартах, — працягвала яна свой аповед. — Дом стаіць на беразе  возера, ёсць свой невялічкі пляж. І мне заўсёды хацелася ўпрыгожыць яго так, каб гэта месца нагадвала ўзбярэжжа Балтыйскага мора, дзе ў невялікім рыбацкім пасёлку прайшло маё дзяцінства. Адтуль і марская тэматыка работ. Ну а камяні — гэта ўспамін пра горы Грузіі, якія таксама вельмі люблю і раней часта там бывала.

У планах Алены Апухцінай зрабіць на дачным участку замест звычайнай скальную агароджу з рукатворных камянёў і пасадзіць у іх дэкаратыўныя расліны. Тое, што такая агароджа патрабуе шмат часу і сіл, майстрыху не палохае. Для яе цяперашняе хобі — актыўны адпачынак.

P.S. Убачыць работы Алены Апухцінай можна на яе персанальнай выставе, якая зараз працуе ў Доме рамёстваў.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
Фестиваль народной музыки «Звіняць цымбалы і гармонік» пройдет в Поставах 11—13 июня
Главными героями мероприятия «Руки, творящие чудеса» стали талантливые люди Поставщины
Мастера Дома ремесел провели пасхальный мастер-класс для всех желающих



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.