В Доме ремесел открылась выставка живописи художницы с Браславщины Алины Трукан «Браславская Радуга»

Культура

Вясёлка з Браслава да Пастаў

30 красавіка ў Доме рамёстваў «Стары млын» адкрылася выстава жывапісу мастачкі з Браслаўшчыны Аліны Трукан «Браслаўская вясёлка».

Аліна Леанардаўна — наша зямлячка. І хоць нарадзілася яна ў суседнім раёне, мае карані на Пастаўшчыне: адсюль, з вёскі Круткі, паходзіць маці. Ад яе, малапісьменнай вясковай жанчыны, якая працавала на ферме, і перадалася дачцэ здольнасць да малявання. Адвучыўшыся 4 класы ў Іказненскай СШ, дзяўчынка паступіла ў Рэспубліканскую школу-інтэрнат музыкі і выяўленчага мастацтва імя І. Ахрэмчыка ў Мінску, дзе раскрыўся яе творчы патэнцыял.

Летась Аліне Трукан споў­нілася 55 гадоў, і яна вырашыла адзначыць юбілей цыклам выстаў. Першую адкрыла ў свой дзень нараджэння, 18 мая, на радзіме бацькі, Браслаўшчыне. Потым было яшчэ некалькі выстаў, у тым ліку персанальная ў мастацкім музеі ў Віцебску. Адна з карцін адправілася на выставу ў італьянскі горад Фабрыяна. А пад канец юбілейнага года мастачка вырашыла прывезці свае работы ў Паставы.

Тут першымі іх убачылі старшакласнікі СШ №2, якія дружна прыйшлі ў Дом рамёстваў. Аліна Леанардаўна расказала ім пра сябе і сваю творчасць, што пакладзена ў сюжэты некаторых карцін. У прыватнасці пра работу пад назвай «Мая сцяжынка да шчасця», якую можна назваць аўтабіяграфічнай.

У асноўным мастачка піша лірычныя пейзажы роднай зямлі, партрэты, нацюрморты, кветкі. Пры гэтым мае вопыт стварэння абразоў. Яны знаходзяцца ў шэрагу касцёлаў і стараверскіх цэркваў на Браслаўшчыне, касцёле ў Віцебску, царкве ў Паставах, прыватных калекцыях у нашай і іншых краінах. А пачалося ўсё з абраза Маці Божай Будслаўскай, які жанчына адрэстаўравала для касцёла ў Пеліканах. Пазней зрабіла яго вольную копію, якую прадставіла на выставе.

На адкрыццё экспазіцыі ў наш горад прыехалі блізкія сяброўкі мастачкі, якія разам з ёй вучыліся ў школе-інтэрнаце імя І. Ахрэмчыка. Адна зараз жыве ў сталіцы, другая — у Мар’інай Горцы. Яны вельмі цёпла гаварылі пра Аліну Леанардаўну, характарызавалі яе як добрага, светлага, таленавітага чалавека, зычылі творчых поспехаў і натхнення. Прысутнічаў на мерапрыемстве і муж жанчыны. Арганічна ўпісалася ў агульную канву выступленне пастаўскай паэтэсы Наталіі Карнілавай, якая прачытала некалькі сваіх вершаў, што пераклікаюцца з творчасцю Аліны Трукан. А дапоўнілі карціну песні пра Беларусь у выкананні работніка Дома рамёстваў Яна Рубанюка.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
Евгения Светикова из д. Мольдевичи поделилась рецептом пасхальных куличей (+2 видео)
Мастера Дома ремесел провели пасхальный мастер-класс для всех желающих
В Доме ремесел открылась персональная выставка работ мастера Елены Апухтиной



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.