В музее состоялась встреча с исследователями истории и культуры татар Беларуси

Культура

Расказвалі зразумела пра незразумелае

Арабская вязь, якую вы бачыце на здымку, толькі на першы погляд ніяк не датычыць беларускай гісторыі. Насамрэч па такіх дакументах можна даведацца, якой была жывая гаворка нашых продкаў у XVII—XVIIІ стагоддзях. Гэту тэму на старонках «ПК» ужо раскрывала кандыдат філасофскіх навук Ірына Сынкова (у нумары за 15.05.2021 выйшаў яе артыкул «Захавальнікі Беларушчыны»). Яшчэ больш падрабязна пра кітабы (кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскім пісьмом) і іншую рукапісную спадчыну беларускіх татар яна разам з калегамі-навукоўцамі расказала падчас мерапрыемства ў Пастаўскім раённым краязнаўчым музеі.

Яно адбылося 20 мая. Перад зацікаўленымі гэтай вузкай тэмай пастаўчанамі выступілі дырэктар Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Капылоў і вядучы навуковы супрацоўнік гэтай установы, кандыдат філалагічных навук Міхаіл Тарэлка.

Падчас мерапрыемства ў раённым краязнаўчым музеі

— На Пастаўшчыну я прыехаў не ў госці, а дадому, — адзначыў у пачатку свайго выступлення Ігар Капылоў. — Я нарадзіўся ў вёсцы Пятрагі, вучыўся ў юнькаўскай школе, пасля — у пастаўскай. Сваю малую радзіму люблю ўсім сэрцам і нярэдка тут бываю. Радасна, што з гэтым краем мяне аб’ядноўвае не толькі асабістае, але і працоўнае. У інстытута, які я ўзначальваю, наладжана плённае супрацоўніцтва з Пастаўскім райвыканкамам. Зусім нядаўна — з 12 па 16 красавіка — тут, у раёне, працавала дыялекталагічная экспедыцыя супрацоўнікаў нашага інстытута. У многім дзякуючы падтрымцы мясцовай улады я і мае калегі сабралі на Пастаўшчыне вялікую колькасць самабытнага матэрыялу.

Некалькі слоў Ігар Лявонавіч сказаў і пра ўстанову, якую ўзначальвае. Яна сістэмна вывучае нацыянальную мову, папулярызуе яе, праводзіць фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследаванні. Сёння супрацоўнікі інстытута вядуць вялікую работу па стварэнні першага ва ўсходніх славян гістарычнага слоўніка беларускай мовы на больш чым 75 тысяч слоў, 15-томнага тлумачальнага слоўніка на 250 тысяч слоў. Ствараецца і зводны слоўнік усіх беларускіх народных гаворак.

Так выглядаюць рукапісныя помнікі беларускіх татар

Далей увага была скіравана выключна на пісьменнасць і культуру беларускіх татар. Пра іх слухачам расказаў адзін з вядучых спецыялістаў у гэтай галіне Міхаіл Тарэлка. У пастаўскі музей ён прыехаў не ўпершыню. Некалькі гадоў таму перадаў установе экспанаты з уласнай калекцыі. Дзякуючы гэтаму тут з’явілася невялікая экспазіцыя, прысвечаная татарам Пастаўшчыны.

Прыемна здзівіў навуковец і на гэты раз, падарыўшы раённаму краязнаўчаму музею амаль два дзясяткі дакументаў. Сярод іх — хамаілы (невялікія татарскія малітоўнікі), выпіскі з іх, нюска (картачка), і іншыя. А літаральна на наступны дзень «татарская» экспазіцыя папоўнілася яшчэ 18 рэчамі — іх прынёс пастаўчанін Марат Гембіцкі, які прысутнічаў на мерапрыемстве ў якасці слухача. Мужчына перадаў музею аркушы з хамаіла, аркуш з друкаванага (казанскага) выдання Карана, нюскі і іншае, што засталося яму ў спадчыну ад бабулі.

— Гэта сустрэча з навукоўцамі мела вельмі вялікую карысць, — рэзюмавала дырэктар раённага края­знаўчага музея Таццяна Гарошка. — Яна паказала, што ў Паставах ёсць прыхільнікі тэмы беларускіх татар, больш за тое — іх нашчадкі. Так, гэтых людзей не так многа. Аднак для кожнага з іх сустрэча з навукоўцамі такога высокага ўзроўню — сапраўдная па­дзея, магчымасць атрымаць адказы на вузкія пытанні, наладзіць новыя сувязі. Таму такія мерапрыемствы будзем праводзіць і надалей. Бо і мы, работнікі музея, істотна пашыраем веды. Часам гэта вельмі важна — перастаць варыцца ў сваім саку і выйсці за межы прывычнай работы.

Атрыманыя падарункі не тое што прыемныя, яны бясцэнныя. Абавязкова пакажам іх шырокаму колу гледачоў ужо падчас сёлетняга фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік». У музеі ёсць нямала дакументаў, што засталіся ад яўрэяў, палякаў, беларусаў, прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Усе яны заўжды мірна жылі на тэрыторыі нашай краіны. Вось яно, сапраўднае народнае адзінства, пра якое так шмат гаворыцца ў гэтым годзе.

Супрацоўніцтва з мінскімі навукоўцамі абавязкова працягнецца. Ігар Капылоў плануе запрасіць у наш раён вучоных-археолагаў, якія разам з вучнямі мясцовых школ правядуць тут раскопкі.

— На Пастаўшчыне гісторыяй дыхае кожны куток, — перакананы Ігар Лявонавіч. — Патэнцыял у развіцця турызму вялікі. Чаму б, напрыклад, не арганізаваць тут турыстычны маршрут, звязаны з татарамі? Ужо ёсць нямала дакументаў у музеі, ёсць татарскія могілкі ў Якавішках. З гэтай тэмай таксама цесна звязана Камайшчына. Там мясцовыя жанчыны дагэтуль могуць прыгатаваць стравы татарскай кухні. Адным словам, інфармацыі шмат. Цяпер галоўнае — жаданне ўсё гэта актывізаваць.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Читайте также:
Сегодня — Международный день музеев. Интервью о современных буднях хранителей истории
Полным ходом идет подготовка к фестивалю «Звіняць цымбалы і гармонік»
С днём рождения, «Скифы»! Ретро-коллектив, который пытается сохранить музыкально-культурное наследие



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.