В сердце юбиляра Ивана Маслюка из аг. Новоселки живет любовь к земле и музыке

Общество

Любоў да зямлі і музыкі жыве ў сэрцы Івана Маслюка з аграгарадка Навасёлкі.

Гледзячы на гэтага бадзёрага, падцягнутага, рухавага аптыміста і гумарыста, нізашто не скажаш, што чалавек размяняў восьмы дзясятак.

— Бо не сяджу склаўшы рукі, — тлумачыць юбіляр. — З дзяцінства прывучаны да працы, люблю зямлю і музыку.

Іван нарадзіўся ў Навасёлках-2. Быў старэйшым у сям’і. Закончыўшы камайскую школу, паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі на інжынера-механіка. Па размеркаванні трапіў у былы калгас імя Суворава, дзе загадваў мехмайстэрнямі.

— Гэта была сапраўдная школа практыкі, — успамінаў Іван Маслюк. — У Алега Валодзькі вучыўся гаспадарчаму падыходу да спраў, адносінам з падначаленымі. У Навасёлках сустрэў сваё каханне. Праз год мы з Валяй пажаніліся. Яна ўладкавалася загадчыцай дзіцячага сада ў Цешалаве, а я ў саўгасе «Пастаўскі» — інжынерам-механікам.

Не расстаецца з баянам юбіляр Іван Маслюк

Затым Івана Маслюка перавялі ў саўгас «Старадворскі» на пасаду галоўнага інжынера. Там найбольш яскрава раскрыліся арганізатарскія здольнасці маладога спецыяліста. Кіраўніцтва раёна гэта прыкмеціла і неаднаразова прапаноўвала пайсці на павышэнне: запрашала ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі, узначаліць калгас «1 Мая» з цэнтрам у Казлоўшчыне, на іншыя пасады. Ён выбраў Андроны і стаў намеснікам старшыні калгаса «Ленінскі шлях».

— Куды б мы з Валяй ні пераяз­джалі, нас цягнула ў Навасёлкі, — расказваў Іван Браніслававіч. — Там жыла цешча, якой патрэбна была дапамога. І ўрэшце мы вярнуліся. Я працаваў інжынерам, галоўным энергетыкам. А ў 1996-м узначаліў саўгас «Старадворскі».

Большасці старадворцаў новы дырэктар быў добра знаёмы: раней працаваў тут галоўным інжынерам. Яго паважалі за гаспадарлівасць, справядлівасць, дабрыню. Ён, хлебароб па ўкла­дзе жыцця, не сядзеў у кабінеце, а пастаянна бываў у полі, на фермах. Быў патрабавальным да падначаленых, але ў першую чаргу — да сябе. З усімі знахо­дзіў агульную мову, з павагай ставіўся да кожнага работніка. Іван Браніслававіч перажываў за гаспадарчыя справы, праз сваё сэрца прапускаў усе вытворчыя праблемы і людскія лёсы. Таму, калі падышоў час, папрасіўся на заслужаны адпачынак.

Але не ў характары Івана Маслюка было абмежавацца клопатамі на прысядзібным участку і дома. Таму, калі запрасілі ў Дунілавічы інжынерам, згадзіўся. Праз два гады вярнуўся ў «Навасёлкі-Лучай» і працаваў у цешалаўскім аддзяленні аграномам. Некалькі гадоў таму пакінуў работу, каб падтрымліваць жонку, у якой пагоршылася здароўе.

— За любым паспяховым мужчынам стаіць жанчына, — з гонарам у голасе гаварыў Іван Браніслававіч. — Побач са мной заўсёды мая мудрая Валянціна Казіміраўна. Гэта не проста надзейны тыл, а апора ва ўсім на працягу 46 гадоў сумеснага жыцця.


Яшчэ адзін гонар юбіляра — тры дачкі і іх сем’і. У Маслюкоў 9 унукаў. Калі ўсе збіраюцца ра­зам, сэрцы дзядулі і бабулі поўняцца радасцю.


Расказваючы пра Івана Мас­люка, нельга не ўзгадаць пра яго захапленне музыкай. У дзяцінстве самастойна навучыўся граць на баяне і па жыцці не расстаецца з гэтым інструментам. На якой бы пасадзе ні працаваў, актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. І цяпер яго запрашаюць выступаць Навасёлкаўскі цэнтр культуры, Валкоўскі і Лукашоўскі сельскія клубы. З іх калектывамі аб’ехаў многія населеныя пункты раёна, дзе праводзіліся святы вёсак. Рады Івану Маслюку і ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Тут часта грае і спявае ў дуэце з роднай сястрой Аленай Касарэўскай.

9 мая было вельмі насычаным для юбіляра. Зранку з падарункамі прыехалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксей Філімонаў, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ганна Літвіновіч, намеснік дырэктара ААТ «Навасёлкі-Лучай» Славамір Шапель.

— Вашы адказнасць і любоў да сваёй справы садзейнічалі поспехам на любым участку, дзе вы працавалі, — паціскаючы руку юбіляру, гаварыў Славамір Шапель. — Дзякуй, што і на заслужаным адпачынку вы ўносілі свой пасільны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці. Дзякуй за актыўную жыццёвую пазіцыю цяпер.

— Сваёй добрасумленнай працай і неабыякавасцю вы заслужылі павагу не толькі сярод падначаленых, але і кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і раённай улады, — гаварыла Ганна Літвіновіч. — Прыемна бачыць вас бадзёрым, жыццярадасным. Жадаю моцнага здароўя, шчасця, бясконцага аптымізму!

Затым у парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах адбылася Імша падзякі за Івана Маслюка і аб Божай ласцы на далейшае жыццё для яго і сям’і. Віншаванні прымаў ад сястры і брата, іншых родных. Вечарам сабраліся дзеці і ўнукі, суседзі, завіталі калегі па сцэне.

— Безумоўна, ганарова атрымаць Падзяку старшыні райвыканкама, — дзяліўся ўражаннямі юбіляр. — Але для мяне гэта не галоўны паказчык ацэнкі працы. Пастаянна радуюся, калі чалавек пры сустрэчы шчыра ўсміхаецца, вітаецца, гутарыць, згадвае моманты, перажытыя разам. Вось і сёння мне вельмі прыемна, што столькі людзей успомніла пра мой 70-ы дзень нараджэння. Вялікі дзякуй усім за ўвагу — гэта найлепшы падарунак.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Многодетная семья Екатерины и Виталия Писариков — пример для подражания
Как в Поставах прошла акция «Моя семья — мое государство», приуроченная ко Дню семьи
Трудовой стаж Тадеуша Свилеля — 46 лет. 25 из них он возглавлял асфальтобетонный завод ДРСУ-132



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.