«Война — это страх и страдания…» Ветераны Борис Семашко и Виктор Красовский

Общество

За кожнай сустрэчай – асобны лёс

Яшчэ некалькі гадоў таму на мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі, прысутнічала шмат ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. З кожным годам іх становіцца менш. А тыя, што засталіся, з-за стану здароўя не пакідаюць сваіх дамоў. Таму напярэдадні 9 Мая прадстаўнікі райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, сацыяльнай службы накіраваліся да іх з віншаваннямі. Па двух адрасах пабывала і карэспандэнт «ПК».

Барыс Сямашка гасцям абрадаваўся. Старшынь раённага Савета дэпутатаў Пятра Курто і раённай ветэранскай арганізацыі Ганну Літвіновіч, ваеннага камісара раёна Мікалая Куліка ведае даўно. З намеснікам старшыні райвыканкама Станіславам Чымбургам пазнаёміўся падчас сустрэчы.

— У верасні мне будзе 90 гадоў, — гаварыў ветэран. — Пагоршыліся слых і зрок. З-за пандэміі стараюся лішні раз не выходзіць з кватэры. Прыязджаюць сыны, клапоціцца сацыяльная служба.

Барыс Сямашка

Барыс Дзмітрыевіч нарадзіўся на Аршаншчыне. Потым сям’я пераехала ў Карэла-Фінскую ССР. Не паспела абжыцца на новым месцы, як пачалася вайна, таму была вымушана адправіцца ў Валгаградскую вобласць. Бацьку і старэйшага брата забралі на фронт, а маці з роднымі сёстрамі па вярбоўцы паехалі ў Карэлію на лесанарыхтоўку. Цяжкая праца, голад падарвалі здароўе маці, і яна памерла. Варожая куля абарвала жыццё бацькі. 12-гадовы Барыс застаўся сіратой.

Праз год ён трапіў у 238-ы армейскі запасны стралковы полк. Юнаму чырвонаармейцу замест вінтоўкі выдалі трубу. Паралельна займаўся музыкай і засвойваў асновы страявой падрыхтоўкі. З духавым аркестрам дайшоў амаль да Берліна, дзе і сустрэў Перамогу. Па дарозе давялося падносіць байцам патроны і снарады, дапамагаць санітаркам выцягваць з агню параненых. Выхаванцам палка Барыс Сямашка быў да 1948 года.

Вярнуўшыся на Віцебшчыну, закончыў фабрычна-заводскую школу, працаваў на адным з будаўнічых прадпрыемстваў. Але юнака цягнула ў армію. У 1952 годзе прызваўся на ваенную службу, якую праходзіў у Паставах. У адстаўку выйшаў у 1985-м. Пакуль дазваляла здароўе, шмат сустракаўся з навучэнцамі школ, каледжа, актыўна ўдзельнічаў у патрыятычным выхаванні моладзі. Напісаў аўтабіяграфічную кнігу «Жизнь вопреки». У Барыса Дзмітрыевіча была моцная сям’я. З жонкай яны выхавалі двух годных сыноў. На жаль, верная спадарожніца жыцця адышла ў вечнасць. Сыны хоць і жывуць у іншых гарадах, часта наведваюцца да бацькі.

— Паважаны Барыс Дзмітрыевіч! Мы ў неаплатным даўгу перад вашым пакаленнем, — гаварыў намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург. — Вы прайшлі праз неймаверна цяжкія выпрабаванні і даказалі, што дзякуючы волі і згуртаванасці можна дасягнуць немагчымага. Дзякуй вам за сённяшняе мірнае неба. Жадаем бадзёрасці, моцнага здароўя, даўгалецця. Заўсёды можаце разлічваць на нашу дапамогу.

Віктару Красоўскаму з Варапаева, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, было 13. Яго вялікая сям’я ў той час жыла ў Кейзіках. Бацьку забралі на фронт, а Віктар, як старэйшы, стаў галоўным памочнікам маці. Рана навучыўся хадзіць за плугам, касіць. Быў вельмі рады, калі яго запрасілі на работу на чыгунку. Рамантаваў пашкоджаную падчас баявых дзеянняў дарогу, мяняў буксы, рысоры вагонаў, а таксама нарыхтоўваў дровы для цягнікоў. Як толькі мог, набліжаў Перамогу.

Віктар Красоўскі

— Вайна — гэта страх і пакуты, — гаварыў Віктар Мацвеевіч. — Яна забрала ў мяне маладосць. І хоць я не ваяваў на фронце, пабачыў шмат крыві, слёз і гора. Таму сучаснае пакаленне павінна ведаць, якой цаной здабывалася Перамога, і зрабіць усё для таго, каб захаваць спакой у краіне.

На чыгунцы Віктар Красоўскі працаваў і ў мірны час. Ён з’яўляецца ганаровым ветэранам Варапаеўскай дыстанцыі пуці. У калектыве яго не забываюць.

— Сёння мы прыйшлі павіншаваць вас, паважаны Віктар Мацвеевіч, з надыходзячы святам — 76-й гадавінай Вялікай Перамогі, — гаварыла старшыня прафкамітэта дыстанцыі Вера Ушкур. — Разам з падарункамі ад раённага выканаўчага камітэта, раённай арганізацыі «Белай Русі» прыміце іх і ад нашага калектыву. Дзякуй за ўклад, які вы ўнеслі ў вызваленне Радзімы, за сумленную працу ў мірны час.

Ветэран і яго жонка Ірына Баляславаўна, з якой у шлюбе 66 гадоў, дзякавалі за ўвагу з боку раённай улады і роднага калектыву.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Фоторепортаж: День Победы отпраздновали в Поставах (дополнено)
В 2020 году на мемориальной плите братской могилы в Воропаево появились три новых имени
Хозяйка швейной мастерской «Кудесница» Людмила Козловская помогает выглядеть с иголочки



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.