Областной этап «Властелина села» принял СТК «Озерки». Кто победил?

Главное Общество

Выбіралі ўладароў сяла

СТК «Азёркі» не першы год з’яўляецца ўлюбёнай базай для правядзення спартыўна-культурных мерапрыемстваў не толькі раённага, але і абласнога ўзроўняў. У мінулую пятніцу тут таксама панавалі азарт, цудоўны настрой і ўзаемавыручка, якія аб’ядналі ўдзельнікаў абласнога этапа рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла». Яго пераможца прадставіць Віцебшчыну ў рэспубліканскім гранд-фінале маладзёжнага праекта.

Пастаўшчыну на конкурсе прадстаўляла сям’я Чумаковых з вёскі Коўзаны

За званне самых працавітых, крэатыўных, вынаходлівых змагаліся 12 маладых сем’яў з усіх куткоў Прыдзвінскага краю. Да гэтага кожная ўжо перамагла ў раённым этапе конкурсу. Сярод удзельнікаў — трактарысты, вет­урачы, бухгалтары, эканамісты, даяры, культработнікі, прадстаўнікі іншых прафесій, якія жывуць і працуюць у сельскай мясцовасці. Пастаўшчыну прадстаўлялі Уладзімір і Надзея Чумаковы з 6-гадовым сыночкам Дзянісам. Гаспадар сям’і працуе галоўным эканамістам у ААТ «Навасёлкі-Лучай», яго жонка зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дачушкай Кацюшай. Дзяўчынцы годзік і 8 месяцаў.

Больше фото в наших группах
в Одноклассниках и ВКонтакте

Мы рады сустракаць вас на гасціннай пастаўскай зямлі, — вітаў удзельнікаў на ўрачыстым адкрыцці конкурсу старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік. — Месцам правя­дзення мерапрыемства Паставы выбраны невыпадкова: летась пераможцам рэспубліканскага праекта «Уладар сяла» стала сям’я Аляксандра і Алены Зубко з аграгарадка Юнькі нашага раёна. Жадаю ўдзельнікам дастойных вынікаў, няхай усім канкурсантам спадарожнічаюць удача, цудоўны настрой і бадзёрасць! Пры любым раскладзе, тых, хто прайграе, сёння не будзе.

Згодны з ім і першы сакратар Віцебскага абласнога камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Уладзімір Бабічаў. Таксама ён падкрэсліў, што любое мерапрыемства, якое праходзіць на Пастаўшчыне, вызначаецца высокім арганізацыйным узроўнем. Не стала выключэннем і гэта. За садзейнічанне ў яго падрыхтоўцы і правядзенні маладзёжны лідар Віцебшчыны ўручыў Сяргею Чэпіку падзяку абкама БРСМ.

Знаёмства з удзельнікамі распачалося апетытным і надзвычай прыгожым конкурсам «Хлеб — усяму галава!». Падчас яго гаспадыні, апранутыя ў нацыянальныя строі, прэзентавалі караваі ўласнай выпечкі, дзяліліся іх рэцэптамі, тэхналогіяй прыгатавання, здзіўлялі формамі і смакам. Мужчыны ж у гэты час спаборнічалі ў няпростым і энергазатратным конкурсе «Касцы». Па яго ўмовах ад іх патрабавалася як найхутчэй улажыць у пракосы траву на ўчастку ў адну сотку. Калі думаеце, што для гэтага дастаткова было толькі збіць вярхі, то памыляецеся: штрафныя балы налічваліся за кожны няскошаны пучок травы.

Спрактыкаванасць і вынаходлівасць сужэнцы прадэманстравалі ў спаборніцтве «Па дровы». На гэтым этапе кожнай пары неабходна было распіла­ваць бервяно на тры роўныя часткі, раскалоць цуркі на дровы і акуратна скласці іх каля плоту. Да выканання задання ўдзельнікі падышлі з такім імпэтам, што ажно трэскі ляцелі ў розныя бакі. З гэткім жа азартам канкурсантаў падбадзёрвалі і балельшчыкі.

Спатрэбіўся спрыт сямейным парам і ў сельскагаспадарчай эстафеце. Сярод яе гумарыстычных выпрабаванняў значыліся «ралі» на будаўнічых тачках, бульбяны «гольф», боўлінг, у якім кеглі патрабавалася збіць не шаром, а валёнкам. Цікава было паназіраць і за тым, як канкурсанты спраўляюцца з неўласцівай для іх работай — жанчыны забіваюць цвікі ў драўляную калоду, а мужчыны спавіваюць «немаўля». Удала справіўшыся з заданнямі, мужчыны дарылі сваім жонкам букет кветак, падхоплівалі іх на рукі і з усіх ног імчалі да фініша.

Сапраўдным выпрабаваннем для канкурсантаў стала прыгатаванне дранікаў на калодзе. Ад гаспадароў патрабавалася распаліць драўляную «печку», а ад гаспадынь — пачысціць і надзерці бульбы, пасмажыць бліны. А вось наколькі яны атрымаліся смачнымі і падрумяненымі, журы ўжо вызначала ў фінальным этапе конкурсу «Знаёмімся». Для яго на імправізаваным падворку ўдзельнікі конкурсу разгарнулі міні-выставы. Прадметы сямейнага быту і творчасці, сурвэткі, пакрывалы, абрусы, сувеніры, кветкі, фотаздымкі, рэцэпты караваяў, нарыхтоўкі на зіму — было ўсё. Тут жа маладыя сем’і ў нацыянальных строях расказвалі пра сябе, свае захапленні, частавалі рознымі прысмакамі. Некаторыя зладзілі сапраўдныя самадзейныя прадстаўленні.

Усе ўдзельнікі прадэманстравалі творчы падыход на кожным конкурсным этапе. Інтрыга, хто ж з іх стане найлепшым, захоўвалася да апошняга. Таму кульмінацыяй свята стала падвядзенне вынікаў на галоўнай сцэне СТК «Азёркі». Неадзначаным не застаўся ніхто. Усе сем’і атрымалі дыпломы і падарункі ад арганізатараў і партнёраў праекта, якімі выступілі абласны камітэт БРСМ, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, Пастаўскі райвыканкам, абласны камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, абласныя арганізацыі «Беларускі саюз жанчын», Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і РГА «Белая Русь», абласное аддзяленне ГА «Беларускі фонд міру», кандытарская фабрыка «Віцьба». Спецыяльны прыз ад гарадской газеты «Віць­бічы» прысуджаны сям’і Абалевіч з Бешанковіцкага раёна.

Трэцяе месца ў агульным заліку заняла сям’я Глебка з Полацкага раёна, другое — сям’я Матэльскіх з Лепельскага. Пераможцамі абласнога этапа сталі прадстаўнікі Верхня­дзвінскага раёна Алена і Вадзім Сяткоўскія з дачушкай Аняй. Алена працуе намеснікам галоўнага бухгалтара ў ААТ «Пруднікі», яе муж — майстар груп ЖКГ Верхнядзвінскага раёна. Іх сям’я і прадставіць Віцебшчыну ў рэспубліканскім гранд-фінале праекта «Уладар сяла», які адбудзецца 9 і 10 ліпеня ў аграгарадку Александрыя Магілёўскай вобласці.

— Станоўчыя эмоцыі перапаўняюць, хоць крыху і стаміліся, — дзяліліся ўражаннямі Сяткоўскія. — Нашай сям’і 5 гадоў, жывём у вёсцы Пруднікі, будуем уласны дом. Пастараемся не падвесці Віцебскую вобласць на «рэспубліцы».

Вераніка Філановіч. Фота аўтара

Больше фото в наших группах
в Одноклассниках и ВКонтакте



Читайте также:
Поставчанка Мария Шаруева декорирует кружки куклами и фигурами из полимерной глины
В районном центре детей и молодёжи работает летний оздоровительный лагерь «Академия звёзд»
В начале июня начался капитальный ремонт дома №8 по улице Станкевича в Поставах



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.