21—22 мая на базе СТК «Озерки» прошёл районный туристический слет учащихся

Спорт

І паспаборнічалі, і адпачылі

21—22 мая на базе СТК «Азёркі» прайшоў раённы турыстычны злёт навучэнцаў. Яны прыехалі сюды з 12 школ раёна і ўпершыню за доўгі час спаборнічалі на працягу двух дзён, а не аднаго.

Перад адказным стартам юных турыстаў прывіталі дырэктар раённага цэнтра дзяцей і моладзі Леакадзія Пушкар і педагог дадатковай адукацыі РЦДМ, галоўны суддзя і арганізатар мерапрыемства Уладзімір Кароль. Яны пажадалі поспехаў ва ўсіх відах спаборніцтваў — як спартыўных, так і творчых.

Адкрывала праграму злёту спартыўнае арыентаванне. Далей школьнікі выяўлялі, хто з іх найлепш валодае тэхнікай веласіпеднага турызму і скалалажання. На рашаючы від спартыўных спаборніцтваў — кантрольны турысцкі маршрут — каманды адправіліся раніцай 22 мая. Дождж і халоднае надвор’е сталі для навучэнцаў дадатковым выпрабаваннем, але ніякім чынам не астудзілі іх волю да перамогі.

Навучэнцы праявілі і свае творчыя здольнасці і эрудыцыю: яны ўдзельнічалі ў конкурсах на найлепшую візітную картку, найлепшы турысцкі лагер, у конкурсе газет «Будні злёту», краязнаўчай віктарыне.

Вынікі аказаліся наступнымі: у малодшай групе ўпэўнена перамаглі прадстаўнікі дунілавіцкай школы, «срэбра» — у іх «калег» з Кураполля, трэцяй стала каманда СШ №2. У старэйшай групе перамогу святкавалі навучэнцы СШ №1, 2-е месца занялі гімназісты, а тройку найлепшых замкнулі вучні СШ №3.

— Знамянальна, што сёлетні турзлёт прайшоў у 2-дзённым фармаце: з вячэрняй дыскатэкай, песнямі ля вогнішча, начлегам у палатках і іншымі паходнымі радасцямі, — адзначыў Уладзімір Кароль. — Такога не было амаль 20 гадоў, і прыемна, што гэта традыцыя адноўлена. Дзякуй усім, хто падтрымаў, дапамог арганізаваць сёлетні турзлёт і зрабіць яго для дзяцей незабыўным.

Юныя аматары турызму з нецярпеннем будуць чакаць новых сустрэч. А іх летам будзе нямала. У планах Уладзіміра Караля, які кіруе турклубам «Магелан» раённага цэнтра дзяцей і моладзі, правесці ў Глыбоцкім раёне вучэбна-трэніровачны збор па спартыўным арыентаванні, а таксама арганізаваць тыднёвы велапаход працягласцю больш чым 300 кіламетраў. Маршрут пройдзе па заходняй частцы Віцебшчыны (па Пастаўскім, Глыбоцкім, Шаркаўшчынскім, Верхнядзвінскім, Браслаўскім і Міёрскім раёнах). У яго будуць уключаны шматлікія славутасці гэтых мясцін.

Дадатковую інфармацыю пра дзейнасць турклуба «Магелан» можна знайсці на яго старонцы ў «Інстаграме» .

Іна Сняжкова
Фота даслана РЦДМ



Читайте также:
В Глубоком прошли VII межрайонные соревнования по быстрым шахматам среди школьников
Париматч — Кубок Беларуси по футболу. ФК «Поставы»—ФК «Газовик» (Витебск) — 0:1
Волейбольная команда «Атлант» завершила очередной спортивный сезон



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.