Гатуем з Традыцыяй: Александр Красовский поделился своим рецептом клёцак з «ду́шами»

Культура

Робіць з душой клёцкі з «ду́шамі»

Гэта пра жыхара вёскі Гута Аляксандра Красоўскага. Ён у свае 84 гады повар на ўсе рукі — лепш за жанчыну прыгатуе ці не любую вясковую страву. Але асабліва ў яго доме госці любяць клёцкі. Гэту традыцыйную для заходніх рэгіёнаў Віцебшчыны страву Аляксандр Трафімавіч робіць па рэцэпце, які пераняў у спадчыну ад людзей яшчэ больш сталага ўзросту.

Усімі тонкасцямі прыгатавання клёцак з «душамі» гаспадар па­дзяліўся з клубам нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя». Яны нават запісалі ўвесь працэс прыгатавання стравы на відэа, і гэты запіс — своеасаблівы майстар-клас для ўсіх аматараў нацыянальнай беларускай кухні.

— У 2018 годзе «Клёцкі з «душамі» ўнеслі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, — расказвала дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Ксенія Грэська. — Усяго ў гэтым спісе 5 традцыйных для Пастаўшчыны элементаў нематэрыяльнай спадчыны. Кожны з іх захоўваецца і папулярызуецца. У тым ліку і клёцкі з «душамі». Мы імі нярэдка частуем гасцей падчас правядзення імпрэз. А ў 2019 годзе ўвогуле зладзілі ў раёне свята клёцак. У кожным кутку Пастаўшчыны іх гатуюць па-свойму, у чым усе госці таго мерапрыемства і пераканаліся. На сталах былі клёцкі не толькі з мясам, але і з грыбамі, шчаўем, рыбай… Свята атрымалася на славу, і сёлета восенню мы плануем яго паўтарыць.

Клёцкі з «ду́шамі» — каронная страва Аляксандра Красоўскага

Ладзіла «Традыцыя» і майстар-клас па прыгатаванні клёцак з «душамі» — гэта адбылося ў 2019 годзе падчас адукацыйных курсаў для дарослых у лынтупскім культурным цэнтры «Культыватар». Там жа, у Лынтупах, была і прэзентацыя гэтай стравы ў рамках беларуска-польскага праекта «Смакі Беларусі».

Мне ж цікава было пагаварыць пра клёцкі з самім носьбітам кулінарных традыцый. Таму і накіравалася ў госці да Аляксандра Красоўскага.

— Я нарадзіўся ў суседнім Шаркаўшчынскім раёне, у вёсцы Алашкаўшчына, — расказваў пра сябе гаспадар. — У сям’і было чацвёра дзяцей. Калі мне было 10 гадоў, памёр бацька. Усё лягло на плечы маці — і мужчынская работа, і жаночая. Таму і я хутка навучыўся самастойнасці і ўсялякай вясковай рабоце.

Усяго было ў жыцці Аляксандра Трафімавіча: і радасці, і страт, заўжды шмат працы. Спачатку ён шчыраваў на лесанарыхтоўках у Карэлафінску, падчас службы ў арміі трапіў на асваенне цаліны ў Казахстан, а пасля вяртання на Радзіму 30 гадоў прысвяціў рабоце на шклозаводзе ў Гуце.

— Прыехаў, бо трэба было падтрымаць маму. Усе раз’ехаліся, і яна засталася адна, — узгадваў Аляксандр Красоўскі. — Ужо праз тыдзень ажаніўся. З жонкай мы пражылі разам 45 гадоў. Яе мама (мая цешча) і навучыла мяне рабіць клёцкі з «душамі». Мне заўжды падабалася кухарыць. Я і сёння, што заўгодна прыгатую: і кура́ку (курыцу — аўт.) у печы, і халадзец, і катлеты, і тушонку пастаўлю з рыбы, якую сам налаўлю.

­Мой суразмоўца, як даведалася, — майстар на ўсе рукі. У хаце жанчыны, да якой перайшоў жыць пасля смерці жонкі, і лазню зрабіў, і студню. Любіць і ў агародзе пашчыраваць, і ля дома парадак навесці. Адным словам — сапраўдны руплівец.

Клуб «Традыцыя» вельмі ­ўдзяч­ны яму за супрацоўніцтва, за магчымасць захаваць даўнія рэцэпты для наступных пакаленняў.

— Усё самабытнае, нацыянальнае, традыцыйнае сёння як ніколі ў «трэндзе», — заўважыла актыўная ўдзельніца клуба Людміла Чатовіч. — І гэта абавязкова трэба ўлічваць, калі гаворка ідзе пра развіццё рэгіянальнага турызму. Тыя ж клёцкі з «душамі» — гатовы кулінарны брэнд Пастаўшчыны. Чаму б не ўключыць іх у меню нашых пунктаў грамадскага харчавання? Упэўнена, што госці раёна былі б у захапленні, ды і мясцовыя жыхары ад такой стравы не адмовіліся б. Увогуле, важна папулярызаваць сваё, роднае. І наш клуб «Традыцыя» будзе працягваць гэта рабіць.



Клёцкі з «ду́шамі»

Бульбу пачысціць, нацерці на дробнай тарцы, адціснуць праз марлю. Вадкасць зліць. Крухмал, які адстаяўся ў пасудзіне, дабавіць у адціснутае цеста. Усё пасаліць, прыправіць тоўчаным кменам.

Для начынкі дробна парэзаць свіную грудзінку, пасаліць, папярчыць, дабавіць цыбулю, часнок, свежы кроп і тоўчаны кмен.

Сфарміраваць клёцкі. Варыць да гатоўнасці (хвілін 40), пасля абсушыць на патэльні. Перад падачай пасыпаць смажанай цыбуляй.



Іна Сняжкова



Читайте также:
В музее состоялась встреча с исследователями истории и культуры татар Беларуси
Образцовая цирковая студия «Каскад» празднует свой 15-летний юбилей
Образцовой цирковой студии «Каскад» — 15 лет. Большой юбилейный концерт (видео)



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.