Как в средней школе №3 прошёл последний звонок?

Образование

Развіталіся  ўрачыста і кранальна

Школьныя лінейкі, як заўсёды, аб’ядналі не толькі навучэнцаў, іх бацькоў і педагогаў. У многія ўстановы адукацыі завіталі ганаровыя госці — прадстаўнікі раённай улады, розных грамадскіх арганізацый, кіраўнікі прадпрыемстваў. У СШ №3, дзе пабывала аўтар гэтых радкоў, адправіўся намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург.

Нягледзячы на тое, што апошні званок — свята для ўсіх школьнікаў, якія, стаміўшыся ад падручнікаў і ўрокаў, мараць пра канікулы і адпачынак, у цэнтры яго ўвагі традыцыйна знахо­дзяцца выпускнікі. Яны развітваюцца са школай, настаўнікамі і аднакласнікамі, кажуць «бывай» дзяцінству і ўступаюць у новае — дарослае, самастойнае жыццё. Таму невыпадкова, вітаючы ўсіх прысутных, дырэктар установы адукацыі Вераніка Казлоўская значнае месца ў сваім выступленні ўдзяліла 11-класнікам. Іх у пачатку лінейкі пад гучныя апладысменты запрасілі разам з класным кіраўніком Ларысай Сініцай у цэнтр школьнага двара. Звяртаючыся да 18 юнакоў у строгіх касцюмах з гальштукамі і 5 дзяўчат у аднолькавых карычневых сукенках з белымі фартушкамі, Вераніка Леанідаўна выказала ўпэўненасць у тым, што яны годна вытрымаюць выпускныя і ўступныя іспыты, а выбар будучай прафесіі акажацца правілым.

Прысутных на лінейцы вітае Станіслаў Чымбург

— Няхай удача заўсёды спадарожнічае вам, стаўце перад сабой самыя амбіцыйныя мэты і ўпэўнена крочце наперад. У вас абавязкова ўсё атрымаецца! — пажадала дырэктар выпускнікам.

— Думаю, у душах 11-класнікаў зараз змешаныя пачуцці — суму і радасці адначасова, — выказаў меркаванне Станіслаў Чымбург, які наступным узяў слова. — Суму ад таго, што разам з вучобай у школе заканчваецца дзяцінства, а радасці — таму што паспяхова прайшлі доўгі школьны шлях. Жадаю вам, дарагія выпускнікі, паспяхова здаць экзамены і паступіць у выбраныя навучальныя ўстановы. Дзякуй, што на працягу ўсёй вучобы вы годна абаранялі гонар школы і раёна на спартыўных спаборніцтвах, навуковых канферэнцыях і прадметных алімпіядах, займаючы прызавыя месцы.

Усе кветкі — класнаму кіраўніку

Пры гэтым Станіслаў Уладзі­міравіч адзначыў, што за поспехамі вучняў стаіць вялікая, карпатлівая штодзённая праца педагогаў, якім таксама выказаў шчырую ўдзячнасць. Падзякаваў і бацькам за тое, што на працягу 11 гадоў дапамагалі настаўнікам і школе, пажадаў, каб яны па-сапраўднаму ганарыліся сваімі дзецьмі. Затым намеснік кіраўніка раёна ўручыў дыплом аддзела па адукацыі райвыканкама настаўніку Аляксандру Вавінскаму, трое вучняў якога ў гэтым навучальным годзе сталі прызёрамі рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі і рэспубліканскіх спаборніцтваў па зімовым і летнім мнагаборстве «Здароўе». Па выніках работы за год Аляксандр Леанідавіч занесены на Дошку гонару аддзела.

Са словам на дарогу да выпускнікоў звярнуліся іх класны кіраўнік Ларыса Сініца, бацька адной з 11-класніц Аляксей Дубовік, навучэнцы 1 класа. Усе яны зычылі практычна ўчарашнім школьнікам ажыццяўлення самых запаветных мар, рэалізацыі намечаных планаў, доўгай і шчаслівай жыццёвай дарогі, не забываць родную альма-матар і настаўнікаў, а ў сэрцы каб заўсёды жылі цёплыя ўспаміны дзяцінства.

У адказ маладыя людзі па­дзякавалі за ўсё добрае сваім педагогам і бацькам, падарылі ім кветкі і павязалі разам з татамі і мамамі стужкі на дрэва жаданняў у школьным двары. Развітваючыся, яны перадалі малодшым таварышам, 10-класнікам, факел сяброўства, наказаўшы высока несці яго па школьным моры ведаў, захоўваць і прымнажаць школьныя традыцыі, любіць СШ №3 як уласны дом.

11-класнікі Мікіта Мілто і Паліна Балаш перадаюць факел дружбы 10-класніцам Анастасіі Скрыдлеўскай і Лізавеце Якімовіч

Кранальным момантам урачыстасці стаў не толькі развітальны вальс, але і сумесны танец выпускнікоў і іх класнага кіраўніка. У канцы лінейкі па традыцыі прагучаў апошні званок. Яго далі 11-класнікі Паліна Балаш і Данііл Кухарскі разам з першакласнікамі Дашай Карэцкай і Дзімам Дага­дзіным. Пасля гэтага выпускнікі ў апошні раз прайшлі ўсім класам па школьным двары.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
В каких детских оздоровительных лагерях смогут отдохнуть поставские дети этим летом?
О чём мечтают выпускницы Воропаевской СШ Анжелика Вырвич и Каролина Величко?
Фоторепортаж: Последний звонок на центральной площади в Поставах (+видео)



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.