Областной молодежный форум прошел на Поставщине на прошлой неделе

Общество

І на вёсцы ёсць магчымасці для рэалізацыі

У гэтым упэўніліся ўдзельнікі абласнога маладзёжнага форуму, які прайшоў на Пастаўшчыне на мінулым тыдні.

На яго сабраліся маладыя спецыялісты з усіх раёнаў Віцебскай вобласці. Адны пабывалі ў рэдакцыі праграмы тэлебачання «Паставы ТБ», іншыя — у ААТ «Навасёлкі-Лучай». Да другой групы далучылася і карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч.

Першым пунктам наведвання стала рабатызаваная ферма ў Коўзанах. Большасць тых, хто тут працуе, — людзі маладога ўзросту. Многія перабралісяў Коўзаны з Міёрскага, Браслаўскага раёнаў. Прывабіла іх добраўпарадкаванае жыллё, сучаснае абсталяванне на ферме, годная заработная плата. Пра работу па вытворчасці малака расказаў намеснік дырэктара гаспадаркі Славамір Шапель.

Затым маладых людзей разам з намеснікам начальніка аддзела галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ірынай Сафейчанкай і начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галінай Чаплінскай сустракалі ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе імя А. Валодзькі. Намеснікі дырэктара Алена Ластоўская і Людміла Міхалевіч, старшыня мясцовага сельскага Савета Канстанцін Мядзведзеў расказалі пра тое, як арганізаваны вучэбны і выхаваўчы працэсы, чым займаюцца дзеці ў вольны ад заняткаў час. Госці мелі магчымасць забіць мяч у футбольныя вароты на абноўленай спартыўнай пляцоўцы, палюбавацца работамі народнай майстрыхі Ліліі Зарэцкай у яе музеі, што створаны ў школе.

Удзельнікі  маладзёжнага форуму ў музеі Ліліі Зарэцкай у Навасёлкаўскай СШ імя А. Валодзькі

Месцам для правядзення дыялогавай пляцоўкі выбралі прыгожае і камфортнае кафэ «На набярэжнай». Тут удзельнікі форуму дыскутавалі пра магчымасці рэалізацыі сельскай моладзі. Пра ўмовы, якія створаны ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» расказала юрысконсульт і мала­дзёжны лідар гаспадаркі Алёна Махніс. Сама яна жыве ў райцэнтры і ўжо 10 гадоў працуе ў Навасёлках.

У аграгарадку ёсць дзіцячы сад, сярэдняя школа і школа мастацтваў, цэнтр культуры, бібліятэка, амбулаторыя, паштовае аддзяленне, кафэ, спортпляцоўкі, — апавядала Алёна. — Таму і едуць да нас маладыя сем’і. Сярод работнікаў нашай гаспадаркі 50 чалавек ва ўзросце да 31 года. Гэта механізатары, аператары машыннага даення кароў і па доглядзе за цялятамі на дарошчванні і адкорме, прадаўцы, бухгалтары, ветурачы. Для іх кіраўніцтва імкнецца ства­раць прававыя, эканамічныя, бытавыя ўмовы для прафесійнага станаўлення, духоўнага, культурнага, фізічнага развіцця. Маладым спецыялістам у першую чаргу даецца жыллё. Тым, хто мае вышэйшую або сярэднеспецыяльную адукацыю, штомесяц на працягу двух гадоў з дня заключэння з імі працоўнага дагавора (кантракта) даплачваюць да заработнай платы 0,46 базавай стаўкі, устаноўленай Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Хто застаецца ў гаспадарцы пасля адпрацоўкі належнага тэрміну, на працягу трох гадоў атрымлівае 0,69 базавай стаўкі ў дадатак да заработнай платы. Пры прызыве работніка на тэрміновую службу аказваецца матэрыяльная дапамога ў памеры 5 базавых велічынь. Калі хлопцы вяртаюцца на ранейшае месца работы, атрымліваюць аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў памеры 3 мінімальных заработных плат. Праўда, яны павінны адпрацаваць у арганізацыі два гады і захоўваць дысцыпліну. У выпадку спынення працоўных адносін на працягу двух гадоў, дапамогу трэба вярнуць у поўным аб’ёме.

Многія з удзельнікаў абласнога форуму закончылі сельскагаспадарчыя ўстановы, адпрацавалі належны тэрмін і прадаўжаюць уносіць свой уклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, іншыя плануюць змяніць вясковую прапіску на гарадскую.

Першы сакратар райкама БРСМ Кацярына Малевіч разам з удзельнікамі мерапрыемства шукалі плюсы і мінусы вясковага жыцця.

Зайздрошчу тым маладым людзям, якія жывуць і працуюць у Навасёлках, — гаварыла ўдзельніца форуму з Міёраў. — У нас у райцэнтры менш магчымасцей для цікавага адпачынку, чым у вас у вёсцы. Уразілі развітая сацыяльная інфраструктура, годная заработная плата, прыгожыя дамы, добраўпарадкаваныя вуліцы.

Адпачыўшы ў кафэ, пагутарыўшы паміж сабой, абмяняўшыся думкамі і кантактамі, маладыя людзі адправіліся на спартыўна-турыстычны комплекс «Азёркі», каб падтрымаць удзельнікаў абласнога этапу рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла».

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
22 июня, 4 часа утра. В Поставах прошла акция, посвящённая 80-летию начала Великой Отечественной войны
Специалист ОПС Поставы-3 Лиана Кулебякина — лучший знаток почтового дела
Как найти информацию о родных, живших в Поставском районе в довоенное время?



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.