Почти 25 литров молока от коровы в эти дни получают в ОАО «Хотилы-агро»

Сельское хозяйство

Кожны стараецца на агульны вынік

Амаль 25 літраў малака ад каровы ў гэтыя дні атрымліваюць у ААТ «Хацілы-агра». Гэта на 2,5 кілаграма больш, чым было ў адпаведны перыяд летась. Прыбаўка ёсць не толькі на рабатызаванай ферме, але і ў тых гуртах, якія знаходзяцца на кругласутачным пашавым утрыманні. 

З галоўным заатэхнікам гаспадаркі накіроўваемся на ранішнюю дойку ў поле, дзе пасвіцца статак з целякоўскай фермы.

— На маёй памяці такой дажджлівай і з-за гэтага складанай вясны не было, — дзеліцца думкамі Сяргей Хацяновіч. — Кароў пераводзілі са стойлавага ўтрымання на пашавае, а па полі не праехаць. Паглядзіце, якія засталіся каляіны пасля тэхнікі, чорныя плямы на тых месцах, дзе стаяла дойка. Плануем пусціць трактар з дыскамі, зараўняць выбоіны і падсеяць травы. Участкаў пад пашу ў нас дастаткова. Калі трава падбіраецца блізка ад фермы, тады кароў загружаем у спецыяльныя цялежкі і перавозім на іншае поле, размешчанае нават за некалькі кіламетраў.

Праязджаем парэзаны коламі ўчастак, дзе каровы пасвіліся ў першыя дні, як толькі пакінулі памяшканне фермы. Бачу раўнейшае поле, трава на ім падкошаная. Наступны за гэтым участак абнесены электрапастухом. Тут пасвіцца жывёла і ўстаноўлена перасоўная дойка. Частка кароў з апетытам паядае сакавітую траву, некаторыя жывёліны ляжаць у чаканні сваёй чаргі даіцца.

— Малінка, Апельсінка, Зорка, — клічуць аператары, а каровы, пачуўшы сваю мянушку, накіроўваюцца да дойкі.

Аператары машыннага даення кароў целякоўскай фермы ААТ «Хацілы-агра» Лілія Стрэльская і Вераніка Валодзька.

У полі завіхаюцца Лілія Стрэль­ская, Вераніка Валодзька, Вера Пятрушка і Святлана Січкар, якая часова замяняе Вольгу Кавалеўскую. Яшчэ ­адзін аператар, Надзея Машара, у той дзень была на выхадным. Жанчыны насыпаюць муку ў кармушкі, заганяюць па дзве каровы на дойку, падключаюць апараты, кантралююць даенне. Затым малако з бачкоў вёдрамі пераносяць у флягі. Месца падоенай каровы займае іншая.

— Работа цяжкая, — гаварылі аператары. — Калі на ферме ўстаноўлены малакаправод, то ў полі хапае ручной працы. У маі было дажджліва і холадна, таму і надоямі не маглі пахваліцца. Цяпер надвор’е нармалізавалася — і сталі плюсаваць.

Найбольш высокія надоі ў групах, якія даглядаюць Лілія Стрэльская і Вераніка Ва­лодзь­ка. За 5 месяцаў яны надаілі 97 і 88 тон малака адпаведна, ад кожнай каровы — 2 374 і 2 157 кілаграмаў.

Прыбаўка залежыць ад старання не толькі аператараў, але і пастухоў. Целякоўскі статак пасвяць Валерый Кавалеўскі, Уладзімір Юдзін і Юрый Падгорны. Страўліванне травы праводзіцца згодна з распрацаванай схемай. У полі пастаянна ёсць вада. Яе падвозам і абслугоўваннем дойкі займаецца механізатар Сямён Сільчонак. Загадчыца фермы Аліна Лешчык вядзе ўлік малака, рэгіструе кароў у ахвоце. У поле прыязджае асемянатар Вольга Шпакоўская. Часам яе падмяняе Ала Шваякова, якая працуе на рабатызаванай ферме. Пра здароўе рагуль клапоціцца галоўны ветурач Віктар Радзевіч.

— Толькі працуючы адной камандай можна дабівацца агульнага поспеху, — гаварыў Сяргей Хацяновіч. — У нас гэта атрымліваецца. Хаця перспектыва развіцця жывёлагадоўлі за сучаснымі фермамі. У гэтым пераканаліся на ўласным вопыце: калі на перасоўных дойках сярэдні надой ад каровы за суткі складае 19 кілаграмаў, то на рабатызаванай — амаль 30.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Мне всё интересно, и трудностей я не боюсь! Учащийся Поставского государственного колледжа Руслан Жуков
Интервью. Как в нынешних экстремальных условиях заготовить достаточное количество кормов?
На 1000 гектарах нужно убрать травы первым укосом в ОАО «Знамя Победы-агро»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.