Под знаком единства прошел в Поставах ХХХІ международный фестиваль народной музыки «Звіняць цымбалы і гармонік»

Главное Культура

Пад знакам адзінства, мастацтва і таленту прайшоў у Паставах ХХХІ Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік».

У рэжыме нон-стоп

Жыць фестывалем наш горад пачаў у пятніцу, 11 чэрвеня. У гэты дзень з самай раніцы завяршаліся прыгатаванні да прыёму гасцей і ўрачыстага адкрыцця музычнага форуму: манціравалася сцэна на плошчы Леніна, праводзіліся генеральныя рэпетыцыі суботняй і нядзельнай дзей, уносіліся апошнія штрыхі ў добраўпарадкаванне райцэнтра…

Тым часам работнікі дзіцячай і раённай бібліятэк запрасілі пастаўчан і гасцей горада ў канцэртную залу па вуліцы Чырвонаармейскай на літаратурна-музычны спектакль «Сэрцам адданы роднай зямлі», прысвечаны нашаму земляку, паэту Уладзіміру Дубоўку. У раённым краязнаўчым музеі адкрылася выстава творчых работ мастачкі з Маладзечна Ядвігі Сянько пад назвай «Святло душы маёй», а на гарадскім стадыёне ладзіліся спартыўныя спаборніцтвы для школьнікаў. Пазней у Доме рамёстваў «Стары млын» адбыліся прэзентацыя элементаў нематэрыяльнай спадчыны раёна і адкрыццё фотавыставы пастаўчаніна Васілія Белякова.

Падчас урачыстага адкрыцця фестывалю. Начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Карповіч, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік

Яшчэ больш насычанай культурнымі падзеямі была субота, 12 чэрвеня. У фае райвыканкама разгарнулася выстава, прысвечаная гісторыі фестывальнага руху на Пастаўшчыне. У зале пасяджэнняў раённага выканаўчага камітэта прайшла прэс-канферэнцыя з кіраўнікамі дэлегацый, членамі журы і аргкамітэта фестывалю, прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі. Пасля яе завяршэння ўсе накіраваліся ў раённы Дом культуры па вуліцы Станкевіча на традыцыйны конкурс калектываў і асобных выканаўцаў на народных інструментах «Хто каго?».

Пакуль самадзейныя артысты, якія прыехалі да нас з усіх абласцей Беларусі і горада Пушкіна Расійскай Федэрацыі, прадстаўнікі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Асацыяцыя беларускіх карэйцаў», Кітайскай Народнай Рэспублікі і Туркменістана, радавалі гледачоў сваім майстэрствам, а журы ацэньвала іх выступленні, у рэжыме нон-стоп працавалі іншыя фестывальныя пляцоўкі. Каля Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза давалі канцэрт найлепшыя выпускнікі і вучні школы — лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў.

Заслужаны аматарскi калектыў Рэспублiкi Беларусь народны ансамбль танца «На ростанях» Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў

На цэнтральнай плошчы Пастаў размясціўся «Горад майстроў», дзе свае вырабы прадставілі народныя ўмельцы Віцебшчыны. Побач з імі запрашалі да сябе гасцей падворкі сельскіх Саветаў раёна. Яны заваблівалі не толькі разнастайнымі стравамі, але і прыпеўкамі, дасціпнымі жартамі, вясёлымі гульнямі і конкурсамі. Знайшлося месца на плошчы і для выставы малюнкаў вучняў Пастаўскай ДШМ імя А. Ромера, прысвечаных роднаму краю, а таксама для дзяржаўнага і прыватнага гандлю.

Але галоўнай падзеяй дня стала ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Яно адбылося ўвечары і, як заўсёды, сабрала сотні аматараў і прыхільнікаў народнай музыкі і творчасці. Мерапрыемства прысвячалася Году народнага адзінства. Гэта тэма чырвонай ніткай праходзіла праз увесь фестываль.

Удзельнікі ансамбля «Заманіха» з Полацка

З’ядналіся народы і культуры

Сёлета на музычнае свята ў Паставы прыехала шмат гасцей. Сярод іх старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Карповіч, пасол Францыі ў Беларусі Нікаля дэ Буйян дэ Лакост, першы сакратар Пасольства Расійскай Федэрацыі ў нашай краіне Раман Хасіеў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Сільчонак, начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі і іншыя. Былі сярод ганаровых гасцей і былы намеснік міністра культуры Беларусі Тадэуш Стружэцкі, а таксама былы старшыня Пастаўскага, а зараз кіраўнік Шумілінскага райвыканкама Віктар Гутараў. Усіх іх прысутныя на адкрыцці віталі гучнымі апладысментамі. Не менш цёпла сустракалі і галоўных удзельнікаў свята — музычныя калектывы і асобных выканаўцаў, якіх па чарзе запрасілі на плошчу.

Павязванне стужкі на фестывальную браму

Старажытная пастаўская зямля з даўніх часоў славіцца сваёй багатай гісторыяй і музычнымі традыцыямі, — гаварыў, падняўшыся на сцэну, старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чэпік. — Ганарымся, што наш фестываль, адзін з найстарэйшых і аўтарытэтнейшых у рэспубліцы, захоўвае свае традыцыі і пастаянна ўдасканальваецца. Кожны год ён дорыць людзям сапраўднае свята дружбы, творчасці і натхнення. Мастацтва, музыка і народная творчасць аб’ядноўваюць прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей і канфесій, а саюз іх сэрцаў мацнейшы за любыя палітычныя і эканамічныя альянсы. Упэўнены, што сёлетні фестываль паслу­жыць справе ўмацавання сяброўства, высокіх духоўных і культурных каштоўнасцей.

Няхай у любое надвор’е ў нашых душах заўсёды свеціць сонца, пануюць мір і дабро, а сэрцы поўняцца любоўю да Радзімы, культуры, родных і блізкіх. Тады народы будуць бліжэйшымі адзін да аднаго, жыць у згодзе і дружбе, — пажадала начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Карповіч і зачытала прывітанне міністра культуры краіны Анатолія Маркевіча.

Караваі — удзельнікам свята

Цудоўнага фестывалю, добрага надвор’я і здароўя зычыў усім прысутным старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Ула­дзімір Цярэнцьеў.

Дарэчы, з надвор’ем не вельмі пашанцавала: калі днём свяціла сонца, то пад вечар неба зацягнулі хмары і пайшоў дождж, які суправаджае амаль кожны музычны форум у Паставах. Але ён не сапсаваў настрою і не парушыў фестывальных традыцый. Прадстаўнікам арганізацыйнага камітэта і членам журы конкурсу «Хто каго?» дзяўчаты ў народных строях надзелі фестывальныя шалікі, а калектывам паднеслі духмяныя караваі. Адбыўся і традыцыйны абрад кумлення. Кіраўнікі калектываў па чарзе прайшлі праз імправізаваную бярозавую браму, абмяняліся падарункамі і пацалункамі, а затым павязалі на браму чырвоныя стужкі, каб іх сяброўства працягвалася доўгія гады.

Таксама на ўрачыстасці ўшанавалі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль «Паазер’е», якому сёлета споўнілася 30 гадоў. Свята азмрочыла толькі адсутнасць на ім народнага артыста Беларусі, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча, нязменнага намесніка старшыні журы фестывалю Міхаіла Дрынеўскага. У лістападзе мінулага года Міхаіл Паўлавіч пайшоў з жыцця. Але жывуць яго творчыя запаветы, працягваецца педагагічная традыцыя, спяваюцца яго песні. І гэта пацвярджае наш фестываль.

Афіцыйная частка мерапрыемства плаўна перацякла ў музычна-тэатралізаванае прадстаўленне «Пастаўскі баль». На галоўную фестывальную сцэну выйшлі беларускія і замежныя калектывы і індывідуальныя выканаўцы. Яшчэ больш расквецілі праграму госці фестывалю — народны ансамбль танца «На ростанях» Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў і ансамбль салістаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча, а таксама каманда «Mizzteack», якая прадставіла вогненнае шоу. Затым адбыўся канцэрт поп-фольк-групы «Лялькі Карпарэйшн». А завяршыўся суботні вечар святочным феерверкам і забаўляльнай праграмай для моладзі з удзелам найлепшых дзіджэяў Віцебскай вобласці.

На патрыятычнай ноце

Нядзельная праграма распачалася ў канцэртнай зале па вуліцы Чыр­вонаармейскай творчай лабараторыяй і майстар-класам саліста Беларускай дзяржаўнай філармоніі, лаўрэата міжнародных конкурсаў і фестываляў Уладзіслава Плігаўкі. Там жа адбылося падвядзенне вынікаў конкурсу «Хто каго?». У касцёле прайшоў канцэрт беларускай і класічнай музыкі з удзелам ансамбля салістаў аркестра імя І. Жыновіча. На плошчы Леніна выступіў ваенны духавы аркестр 19-й асобнай гвар­дзейскай механізаванай брыгады з Заслонава. У 12 гадзін удзельнікі і госці фестывалю сабраліся на плошчы Камсамольскай на ўрачыстасць, прысвечаную Году народнага адзінства.

Пад гукі патрыятычных песень і словы вядучай мерапрыемства пра тое, што ўсіх нас аб’ядноўвае жаданне жыць у міры і быць шчаслівымі, дзяўчаты ў нацыянальных беларускіх касцюмах пранеслі па плошчы вялікі Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь. Следам маладыя людзі вынеслі флагі Пастаў, а дзяўчынкі-школьніцы — вышытыя на саматканых палотнах назвы ўсіх райцэнтраў Віцебшчыны. Выстраіўшыся ў калону, удзельнікі ўрачыстасці ў суправаджэнні ваеннага духавога аркестра рушылі ў гарадскі парк, дзе адбыўся заключны гала-канцэрт фестывалю.

Урачыстае шэсце ў гарадскі парк

Адкрыў яго старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. Ён падзякаваў усім, хто ўнёс уклад у падрыхтоўку і правядзенне музычнага форуму. Адзначыў, што ХХХІ Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» напоўніўся новымі яркімі фарбамі, узбагаціў музычныя традыцыі Пастаўшчыны, падарыў кожнаму артысту і гледачу зарад бадзёрасці, энергіі, творчасці і натхнення. Сяргей Васільевіч пажадаў фестывалю даўгалецця і новых яркіх адкрыццяў, а таксама выказаў упэўненасць, што толькі разам мы зможам зрабіць усё неабходнае, каб і далей народная творчасць заставалася важнейшай састаўной часткай беларускай нацыянальнай культуры.

З невялікай канцэртнай праграмай выступіў ансамбль салістаў аркестра імя І. Жыновіча. А потым на сцэну летняга амфітэатра па чарзе падняліся ўсе калектывы і індывідуальныя выканаўцы. Музычнымі нумарамі яны развіталіся з гаспадарамі, падзякавалі ім за гасціннасць і апладысменты.

Вакальны ансамбль «Стажары» з горада Пушкіна (Расія)

Завяршылася свята традыцыйнай цырымоніяй узнагароджання. Сярод лаўрэатаў дыпломы І ступені атрымалі: вучаніца Пастаўскай ДШМ імя Антонія Тызенгаўза, цымбалістка Дар’я Гучык (намінацыя «Настаўнік—вучань»), інструментальны дуэт Сенненскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ў складзе Германа Бандарэнкі і Сяргея Пагарэльскага («Дуэт, трыа»), настаўнік Івянецкай ДШМ імя К. Паплаўскага Кацярына Радзівілава («Індывідуальны выканаўца»), салістка народнага ансамбля народнай музыкі і песні «Стрэчанне» Палаца культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Святлана Ціхіня («Прыпеўкі»), ансамбль «Стрэчанне» і народны цымбальны аркестр «Ліра» Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў («Ансамбль»). У лік прызёраў трапілі таксама прыпевачніца Алёна Грыбко з Юнькаўскага СДК (яна стала лаўрэатам ІІ ступені) і яшчэ юны цымбаліст з Пастаў — Гардзей Кірплюк (лаўрэат ІІ ступені) і вучань Пастаўскай ДШМ імя А. Тызенгаўза Святаслаў Стрылец, які займаецца па класе баяна (лаўрэат ІІІ ступені).

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
Фоторепортаж: Праздник традиционного творчества «Скарбонка народных талентаў». Открытие фотовыставки
Фоторепортаж: Литературно-музыкальный спектакль «Сэрцам адданы роднай зямлі», посвященный В. Дубовко
Фоторепортаж: Фестиваль «Звіняць цымбалы і гармонік» в Поставах. День второй
Фоторепортаж: Закрытие фестиваля «Звіняць цымбалы і гармонік» в Поставах



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.