Поставская гимназия начала подготовку к новому учебному году. Что изменится?

Важное Образование

Не спыняюцца на дасягнутым

Не паспеў завяршыцца гэты навучальны год, як кіраўніцтва Пастаўскай гімназіі стала думаць пра год наступны і актыўна працаваць у дадзеным напрамку. Пра тое, чым занятыя зараз педагогі, вынікі іх дзейнасці і планы на перспектыву — у інтэрв’ю з дырэктарам установы адукацыі Славамірам Каранеўскім.

— Славамір Часлававіч, што зменіцца ў гімназіі з наступнага навучальнага года?

— Лета для нашага калектыву — вельмі напружаны час. Наперадзе вырашэнне сур’ёзных пытанняў, галоўнае з якіх — набор у 5 клас. Сёлета ў адрозненне ад папярэдніх гадоў мы плануем набраць два 5 класы — прыблізна 40-45 навучэнцаў. З гэтай мэтай правялі немалую падрыхтоўчую работу — пачынаючы з асабістых гутарак з бацькамі дзяцей і заканчваючы ўсемагчымай рэкламай. Акрамя набору 5-класнікаў, для нас важна папаўняць і іншыя класы. І сёння ўжо ёсць жадаючыя ў іх пайсці. Гэта ў тым ліку вучні школ, якія закрываюцца ў выніку аптымізацыі. Мы гатовы прыняць усіх дзяцей, якія вырашаць вучыцца ў гімназіі. Але, каб паступіць у 10 і 11 класы, трэба паспяхова здаць унутраныя экзамены.

Славамір Каранеўскі

— Вы па-ранейшаму набіраеце не толькі гарадскіх, але і сельскіх школьнікаў?

— Так. Пры гэтым аддаём перавагу вясковым дзецям, ствараючы магчымасці для рэалізацыі іх патэнцыялу. У нас яны становяцца ўдзельнікамі розных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый, добра заканчва­юць 11 клас і амаль усе паступаюць у ВНУ. Для вясковых дзяцей пры гімназіі ёсць добраўпарадкаваны інтэрнат, пражыванне ў якім бясплатнае. Таксама навучэнцы з сяла бясплатна забяспечваюцца 4-разовым харчаваннем.

— Два гады назад у гімназіях рэспублікі адмянілі ўступныя экзамены ў 5 клас, тым самым паставіўшы іх у ­адзін рад са звычайнымі школамі. І ў той жа час яны адрозніваюцца ад школ. Раскажыце чым.

— Я буду гаварыць пра адрозненні на прыкладзе сваёй навучальнай установы. Па-першае, у нас высокакваліфікаваны, вопытны і творчы калектыў. Па-другое, у гімназію ідуць у асноўным матываваныя дзеці, якія жадаюць вучыцца. Тут створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база — адна з найлепшых сярод агульнаадукацыйных устаноў Пастаўшчыны, — пры тым што колькасць навучэнцаў складае ўсяго 210 чалавек. Нельга не сказаць і пра стабільнасць вынікаў, дасягнутых намі ў працэсе навучання. На працягу ўсіх гадоў існавання мы займаем лідзіруючыя пазіцыі ў раёне і годна прадстаўляем Пастаўшчыну ў вобласці. Стабільнае таксама паступленне гімназістаў у ВНУ. Характэрна, што ў нас усе яны на віду. Мы працуем індывідуальна з кожным дзіцем, стараемся не ўпусціць, змагаемся за яго. Маю на ўвазе, што не ўсе навучэнцы, прыйшоўшы ў гімназію, разумеюць, што тут нельга адседзецца, схавацца за спінамі аднакласнікаў. Да такіх дзяцей імкнёмся максімальна данесці неабход­насць вучобы.

Што датычыць арганізацыі адукацыйнага працэсу, то ў адрозненне ад звычайных школьнікаў гімназісты з 5 класа вывучаюць замежную мову, з 8-га выбіраюць профільныя прадметы, як ужо гаварыў, здаюць экзамены пры паступленні ў 10 і 11 класы. У гэтых класах на падставе дагавора, заключанага з Беларускім дзяржаўным педуніверсітэтам імя М. Танка, створаны педагагічныя групы, і старшакласнікі атрымліваюць адпаведную падрыхтоўку. А пасля заканчэння гімназіі па нашай рэкамендацыі без здачы цэнтралізаванага тэсціравання паступаюць на ўсе педагагічныя спецыяльнасці ў розныя ВНУ краіны. Канешне, не кожны, хто займаецца ў педкласе, звязвае сваё жыццё з педагогікай. Але для ўсіх выпускнікоў з’яўляецца нормай шмат і старанна працаваць, што вельмі дапамагае ім у студэнцтве.

— 1 верасня Пастаўскай гімназіі споўніцца 15 гадоў. Якім быў прой­дзены шлях і чаго ўдалося дасягнуць?

— Гэты шлях нельга назваць простым. Станаўленне гімназіі адбывалася практычна з нуля: мы фарміравалі вучнёўска-педагагічны калектыў, выстройвалі сістэму работы. 15 гадоў праляцелі незаўважна, і сёння можна падвесці першыя вынікі.

Любая навучальная ўстанова нацэлена тое, каб даць сваім вучням якасную адукацыю. Лічу, што мы справіліся з гэтай задачай. Сярэдні бал паспяховасці ў нас на працягу апошніх 10 гадоў вагаецца ў межах 8,3 —8,7. Вельмі сур’ёзна працуем у плане ўдзелу дзяцей у рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе. За мінулыя гады гімназісты заваявалі 308 дыпломаў на раённым, 34 — на абласным і 2 — на заключным этапе гэтага інтэлектуальнага спаборніцтва. У прыватнасці, дыплом ІІ ступені па геаграфіі прывезла сёлета з «рэспублікі» 9-класніца Лізавета Афанасьева. Важным напрамкам з’яўляецца ўдзел дзяцей у навукова-практычных канферэнцыях. З 2011-га па 2021 год даследчыя работы гімназістаў былі адзначаны 66 дыпломамі, 15 з іх атрыманы на «вобласці», 5 — на «рэспубліцы».

За час існавання гімназіі яе скончылі 202 навучэнцы, 26 узнагароджаны залатымі медалямі. 178 чалавек, або 88%, паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Двое выпускнікоў паказалі 100-працэнтны вынік на цэнтралізаваным тэсціраванні. У 2015/2016 навучальным годзе Маргарыта Протас набрала 100 балаў на ЦТ па гісторыі Беларусі, у 2017/2018 годзе яе поспех, але ўжо па матэматыцы, паўтарыў Мікіта Бажанкоў. 6 нашых выхаванцаў сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Названыя вынікі былі б немагчымыя без падтрымкі кіраўніцтва раёна і аддзела па адукцыі райвыканкама, а таксама без добрасумленнай, карпатлівай працы ўсяго калектыву. За гэта я ім вельмі ўдзячны.

— Дзе сёння вучацца і працуюць вашы выпускнікі?

— На працягу апошніх 5 гадоў часцей за ўсё яны выбіралі для паступлення Белдзяржуніверсітэт. Паступаюць таксама ў педуніверсітэт імя М. Танка, універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, нацыянальны тэхнічны і эканамічны, віцебскі медыцынскі і полацкі дзяржаўны ўніверсітэты, Ваенную акадэмію, акадэміі МУС і грамадзянскай авіяцыі Рэспублікі Беларусь. Факультэты і спецыяльнасці самыя розныя: будаўнічы, філалагічны, інжынерна-эканамічны, энергетычны, юрыдычны, гістарычны, інфармацыйныя тэхналогіі і робататэхніка, ваенная разведка, міжнародныя камунікацыі, камп’ютарныя сістэмы і сеткі… Тыя, хто ўжо закончыў вучобу, працуюць па ўсёй краіне і за яе межамі.

— Падзяліцеся, калі ласка, планамі на будучыню.

— Самае галоўнае — з 1 верасня наступнага года ў нас павінна адкрыцца пачатковая школа. Гімназіі выдзеляць свой мікрараён у горадзе, дзякуючы чаму мы будзем ведаць будучых вучняў і весці іх яшчэ з дашкольнага ўзросту. Мець магчымасць працаваць з дзецьмі з 1 класа вельмі важна — гэта залог будучых поспехаў у сярэднім звяне. А каб прыняць пачаткоўцаў, неабходна стварыць для іх адпаведныя ўмовы. Таму ёсць планы, звязаныя з рамонтам будынка.

Таксама будзем працаваць над расшырэннем педагагічнага калектыву, прыцягненнем у яго свежых, маладых сіл. Трэба прадоўжыць умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы гімназіі, інфарматызацыю адукацыйнага працэсу, стварыць яшчэ больш камфортныя бытавыя ўмовы для навучэнцаў з сельскай мясцовасці. Спадзяюся, усё гэта мы зможам ажыццявіць.

Гутарыла Алена Шапавалава



Читайте также:
29 выпускников СШ №4 навсегда попрощались с беззаботным детством
Как в средней школе №3 прошёл последний звонок?
Титула «Самая активная» удостоена СШ №4 за участие в республиканской акции «Неделя леса-2021»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.