Тадеуш Стружецкий: «Фестиваль — это бренд Поставщины»

Важное Культура

Фестываль – гэта брэнд Пастаўшчыны. У гэтым упэўнены былы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі.

Ён удзельнічаў у арганізацыі шматлікіх беларускіх фестываляў, але менавіта ў пастаўскі ўклаў асабліва шмат душы і творчых сіл. Прыехаць на «цымбалы» Тадэуш Іванавіч не змог толькі аднойчы, калі працаваў ў Пасольстве Беларусі ў Польшчы. Усе астатнія разы ён быў не проста сведкам, а адным з творчых кіраўнікоў і арганізатараў гэтай знакавай культурнай дзеі. На яго вачах фестываль нараджаўся, развіваўся, вырастаў у творчым і прафесійным плане. Як гэта адбывалася, узгадваем у інтэрв’ю з Тадэушам Стружэцкім.

Тадэуш Стружэцкі ў час закрыцця фестывалю ў 1996 годзе

— Тадэуш Іванавіч, калі ласка, прыгадайце гісторыю фестывалю.

— Яго пачаткам і правобразам стала рэспубліканскае свята «Іграй, гармонік», што прайшло ў 1989 годзе ў Віцебску. Наступны фестываль быў праведзены ў Магілёве, але, на жаль, ён не выклікаў вялікай зацікаўленасці ў мясцовых жыхароў. Далей свята павінна было «прапісацца» ў адным з іншых абласных цэнтраў. Аднак яго сталіцай абралі Пастаўшыну, якая мае вельмі моцныя музычныя традыцыі.

— Хто падтрымаў ідэю правесці фестываль менавіта ў нашым горадзе?

— Гэтаму ў многім паспрыялі былы старшыня райвыканкама Васілій Васільевіч Чэпік, яго намеснік Ала Эдмундаўна Кейзік, начальнік аддзела культуры Наталля Мікалаеўна Булавінцава, якія на працягу многіх гадоў былі яго сапраўднымі апекунамі. Ужо пасля першага рэспубліканскага фестывалю, што масава і ярка прайшоў у Паставах у 1992 годзе, стала зразумела: яму тут жыць. У наступныя гады ўдалося сфарміраваць моцную і аўтарытэтную каманду ­ўдзельнікаў і арганізатараў. У іх лік увайшлі народныя артысты і вядомыя дзеячы культуры. Усе яны ў адзін голас заяўлялі, што пастаўскі фестываль — адзін з самых цікавых і адметных у краіне. А таму да яго заўжды была асаблівая ўвага з боку Міністэрства культуры, дзе я доўгі час працаваў.

Падчас фестывалю 2003 года

— Што дае фестываль гораду?

— Дзякуючы яму, многае робіцца ў плане добраўпарадкавання. Так, у 1996 годзе ў Паставах у гарадскім парку пабудавалі прыгожы амфітэатр (і гэта быў першы раённы цэнтр, дзе такое адбылося). У 1998 годзе да фестывалю было прымеркавана адкрыццё Дома рамёстваў у адрэстаўраваным будынку былога млына, пазней — музейнай экспазіцыі ў палацы Тызенгаўзаў. Падчас свята адкрываліся і розныя памятныя знакі, помнікі, дошкі, скульптуры. У тым ліку тыя, што рабілі на перадфестывальных пленэрах студэнты і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Дзякуючы іх старанням, у горадзе з’явіўся шэраг прыгожых і арыгінальных аб’ектаў.

— Якім вы бачыце фестываль у будучыні?

— Важна, каб ён жыў надалей, захоўваў свой высокі творчы ўзровень, прыцягваў новыя высокамастацкія творчыя калектывы. Ведаючы ўсю арганізацыйную і творчую кухню, разумею, што з кожным годам рабіць гэта становіцца складаней. Патрабаванні публікі і гледачоў выраслі, а таму выйсце — кожны раз прапаноўваць ім штосьці новае.

— Летась фестываль не праводзіўся з-за складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі…

— Таму я асабліва рады, што пасля перапынку ён вярнуўся ў горад. Яго варта захоўваць як адзін з найстарэйшых і з самых адметных фестываляў народнага мастацтва нашай краіны. І шчырая падзяка ўсім, хто спрыяў і спрыяе правядзенню фестывалю на пастаўскай зямлі. Асабліва — кіраўніцтву райвыканкама і яго старшыні Сяргею Васільевічу Чэпіку, які  працягвае традыцыі, закладзеныя бацькам. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што для Пастаўшчыны фестываль з’яўляецца вельмі запатрабаваным і важным брэндавым праектам.

У гэтым годзе розныя знешнія абставіны не дазволілі прыехаць у Паставы многім замежным творчым калектывам. Але ўпэўнены, што сёлетні фестываль, ужо 31-ы па ліку, стане сапраўдным святам для пастаўчан і цікавай падзеяй у культурным жыцці Беларусі. А значыць, будзе працягнута рэалізацыя вельмі важнага для народнага музычнага мастацтва Беларусі шматгадовага праекта па адраджэнні, развіцці і папулярызацыі нацыянальных і рэгіянальных музычных традыцый.

— Што пажадаеце ­ўдзельнікам фестывалю?

— Удзячнай публікі, творчых поспехаў і заслужаных узнагарод. А гледачам і слухачам — яркіх эмоцый ад сустрэчы з сапраўдным народным мастацтвам.

Іна Сняжкова. Фота з архіва Тадэуша Стружэцкага



Читайте также:
Образцовая цирковая студия «Каскад» празднует свой 15-летний юбилей
Гатуем з Традыцыяй: Александр Красовский поделился своим рецептом клёцак з «ду́шами»
Из поколения в поколение в семье Мацкевич звенят цимбалы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.