Талантливая мастерица Леонарда Иванова создает картины из бисера

Культура

Бісер любіць захопленых

Лёня яшчэ не хадзіла ў школу, а ўжо вышывала. З гадамі яе захапленне толькі мацнела…

У кватэры майстрыхі можна стварыць музей вышывак бісерам. Нягледзячы на тое, што многія работы яна падарыла родным і сябрам або прадала, іх шмат і на сценах пакояў. Акрамя таго, цэлы стос, яшчэ не ў рамках, ляжыць у вялікай каробцы.

— Пачынала вышываць ніткамі, — успамінае Леанарда Іванова. — У далёкія гады майго дзяцінства пра бісер у нашай вёсцы ніхто нават не чуў. Мама купляла ніткі, і я вышывала спачатку сцяблінкамі, потым крыжыкам, гладдзю. Згадамі чым толькі ні займалася: прала, ткала, вязала кручком. Але найбольшым захапленнем на ўсё жыццё засталося вышыванне.

Ніткі — даўно ў мінулым. Ужо шмат гадоў Уладзіміраўна працуе толькі з бісерам. Спачатку вырабляла з яго розныя дрэўцы і фігуркі. Гэта давалася лёгка, таму стала нецікава.

Леанарда Іванова

— А паехала са сваімі работамі ў Віцебск на «Славянскі базар», убачыла там у адной майстрыхі абраз Міколы Цудатворца — і ажно сэрца зайшлося: такім ён быў прыгожым! — расказвала Леанарда. — Карціна іграла, пералівалася на сонцы. Я не магла адвесці вачэй. Вырашыла, што і сама здолею стварыць такую ж.

Стварыла. І яшчэ шмат іншых. Заварожаная бісернымі абразамі, выстаўленымі ў рад на секцыі, пытаюся ў майстрыхі, які з іх для яе найдаражэйшы.

— Ведаеце, як для маці дарагія ўсе дзеці, так для мяне — карціны, — чую у адказ. — А вось праца над імі ідзе па-рознаму. Адну вышываю хутка, а над другой прыходзіцца пакарпець месяцамі. Напрыклад, на той жа карціне Міколы Цудатворца ніяк не атрымліваўся твар святога. Тройчы перарабляла, але дамаглася свайго.

Узоры Леанарда бярэ з кніг і часопісаў, зараз дзеці і ўнукі — з інтэрнэта. Некаторыя прыдумвае сама. Яны самыя розныя: ад коцікаў, кветак, пейзажаў да абразоў і партрэта егіпецкай царыцы Неферціці.

— У пачатку года я перахварэла на каранавірус, пасля чаго вельмі пагоршыўся зрок, — бедавала Уладзіміраўна. — Але без любімага занятку ўсё роўна не магу. Зараз вышываю танцорку.

Работы Леанарды дэманстраваліся на яе персанальных выставах у пастаўскім Доме рамёстваў і калектыўных у абласным цэнтры. Іх змогуць убачыць і купіць пастаўчане і госці горада на міжнародным фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік», які праходзіць у гэтыя дні ў райцэнтры. Дарэчы, так было і на мінулагодніх фестывалях — ахвотныя набыць эксклюзіўную бісерную прыгажосць знайшліся не толькі сярод беларускіх дэлегацый, але і расійскіх, кітайскіх.

Не магу не сказаць і пра тое, што Леанарда Іванова не толькі таленавітая майстрыха, але і апантаны кветкавод. Ля яе дома ў вёсцы Гута цэлыя плантацыі квітнеючага хараства. Але гэта ўжо іншая тэма…

Фаіна Касаткіна



Читайте также:
Какие выставки можно посетить в Поставах во время фестиваля «Звіняць цымбалы і гармонік»?
Какие сувениры для участников и гостей фестиваля приготовили мастера Дома ремесел «Стары млын»?
Поставчанка Марина Коваленок стала лауреатом международного литературного конкурса



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.