Учащаяся СШ №4 Дарья Катович приняла участие в образовательной смене в Национальном детском технопарке

Образование

Зарыентаваў і акрыліў тэхнапарк

У маі 9-класніцы СШ №4 Пастаў Дар’і Катовіч пашчасціла стаць удзельніцай адукацыйнай змены ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, створаным 1 студзеня гэтага года ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта краіны. За 24 дні, праведзеныя ў Мінску, дзяўчына канчаткова вырашыла, кім хоча быць і куды будзе паступаць.

Мэта работы тэхнапарку — удасканаленне сістэмы выяўлення і падтрымкі адораных навучэнцаў, развіццё ў іх інтарэсу да навуковай, навукова-тэхнічнай і навацыйнай дзейнасці, імкнення да асабістых навуковых дасягненняў. Упершыню пра гэту ўстанову адукацыі Дар’я пачула ад намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце чацвёртай школы Таццяны Данілевіч, якая прапанавала ёй падаць заяўку і паўдзельнічаць у конкурсным адборы. Не доўга думаючы, згадзілася, бо адным з напрамкаў навучання ў НДТП з’яўляюцца інфармацыйныя тэхналогіі, з якімі Даша марыць звязаць сваё жыццё.

У час заняткаў у БДУІРы па 3D-мадэляванні. Дар’я Катовіч — другая справа

Атрымаўшы з аддзела па адукацыі райвыканкама пісьмо пра набор 9—11-класнікаў у Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк і азнаёміўшыся з умовамі адбору ў яго, мы вырашылі, што ў нашай школе ёсць падыходзячы кандыдат, — расказвала Таццяна Данілевіч. — Даша з 5 класа перамагала ў раённай, а потым штогод станавілася прызёрам ІІ этапа рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Акрамя таго, яна — актыўны ўдзельнік школьнага навуковага таварыства «Крыніца». У 2020 годзе яе даследчая работа па стварэнні інтэрактыўнага практыка-арыентаванага зборніка задач па алгебры для 7 класа была адзначана дыпломам ІІ ступені на раённай навукова-практычнай канферэнцыі «Глорыя». Пры афармленні электроннай заяўкі мы адправілі гэту работу, прымацавалі сканы ўсіх дыпломаў за апошнія гады і сталі чакаць вынікаў.

Неўзабаве прыйшоў адказ, што Дар’я Катовіч дапушчана да другога этапа конкурснага адбору — тэсціравання. Яно праходзіла на базе адной з устаноў дадатковай адукацыі Полацка, дзе сабраліся школьнікі з усёй Віцебшчыны. На тэсціраванні правяралі ўзровень агульнага развіцця навучэнцаў, іх уменне аналітычна, лагічна мысліць. Прапанаваныя 40 пытанняў Дашы падаліся нескладанымі. Тым не менш адолець гэты этап пастаўчанка не змагла. Але ў Полацку дзяўчына і педагог, які яе суправаджала, даведаліся, што ў старшакласнікаў ёсць тры спробы адабрацца ў тэхнапарк. Таму Т. Данілевіч зноў падала на рэгістрацыю ўсе Дашыны дакументы. А разам з ёй зарэгістравала 10-класніцу Вікторыю Курцэвіч, якая на той час закончыла даследчую работу па хіміі.

На гэты раз Дар’я прайшла тэсціраванне, а затым гутарку з прадстаўнікамі тэхнапарка і стала першай ластаўкай з нашага раёна, якая 3 мая адправілася ў сталіцу на адукацыйную змену. Пазней адабралася і Вікторыя Курцэвіч. У тэхнапарк яна паедзе ў верасні па напрамку «Зялёная хімія».

У першыя дні ў Мінску было складана ўліцца ў вельмі напружаны графік — да абеду мы знаходзіліся ў навуковых лабараторыях, пасля праходзілі агульнаадукацыйную праграму, — дзялілася ўражаннямі Дар’я Катовіч. — А потым мяне зацягнула і з кожным днём стала падабацца ўсё больш і больш. Тэхнапарк — выдатны шанц паспрабаваць сябе ў пэўнай сферы дзейнасці і зразумець, тваё гэта ці не, магчымасць для школьнікаў пабываць у найлепшых універсітэтах краіны. Нашы заняткі праходзілі на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Яго выкладчыкі вучылі нас ствараць 3D-мадэлі і друкаваць на 3D-прынтары. Таксама мы працавалі над праектамі і абаранялі іх. Я ўвахо­дзіла ў групу па рэканструкцыі ў праграме 3D-max Гальшанскага замка з руін па гравюрах.

Школьныя прадметы юныя даследчыкі вывучалі з выкладчыкамі ліцэя БНТУ. У тэхнапарк яны прыехалі з індывідуальнымі планамі навучання, складзенымі ў сваіх школах. Жылі ў тэхнахостале — адным з інтэрнатаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. У вольны ад заняткаў час для іх была арганізавана забаўляльная праграма: гульні, конкурсы, паездкі.

Так хутка, як у тэхнапарку, дні ў мяне яшчэ не ляцелі! — прызналася Даша. — Дзякуючы яму, я атрымала новыя веды і ўменні, знайшла новых разумных і вясёлых сяброў. Навучэнцам, якія паедуць на наступныя змены, хачу пажадаць браць па максімуму ўсё, што вам даюць, не саромецца, прапаноўваць свае ідэі. Вельмі ўдзячная настаўнікам роднай чацвёртай школы за багаж ведаў, які дапамог мне быць канкурэнтаздольнай у перыяд конкурснага адбору.

Са сталіцы Дар’я Катовіч вярнулася акрыленай і прафесійна зарыентаванай. Яна паспяхова здала экзамены за курс базавай школы, атрымала пасведчанне з адзнакай і… забрала дакументы са школы. Разумніца і выдатніца вучобы цвёрда вырашыла паступаць у Мінскі радыётэхнічны каледж, які з’яўляецца філіялам БДУІРа, а потым стаць студэнткай названага ўніверсітэта. На маё пытанне, чаму не пажадала закончыць 11 класаў, дзяўчына адказала, што хоча ўжо зараз займацца інфармацыйнымі тэхналогіямі. Магчымасць зноў з галавой пагрузіцца ў гэту сферу, аказацца ў акружэнні адна­думцаў неадольна вабіць яе.

Алена Шапавалава
Фота з архіва Дар’і Катовіч



Читайте также:
Какие специальности можно получить в Поставском государственном колледже? Интервью
Какие изменения в образовательном процессе нас ожидают?
Трудовое лето-2021. У молодежи Поставщины начался трудовой семестр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.