В районном центре детей и молодёжи работает летний оздоровительный лагерь «Академия звёзд»

Общество

Падабаецца «Акадэмія»

З 1 чэрвеня ва ўсіх агульнаадукацыйных установах Пастаўшчыны пачалі работу дзіцячыя летнія аздараўленчыя лагеры. Адзін з іх традыцыйна разгарнуўся ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі.

Як і ў мінулыя гады, «Акадэмія зорак» аб’яднала самых актыўных і творчых хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 8 да 13 гадоў з гарадскіх школ і гімназіі, якія на працягу навучальнага года наведвалі студыі і аб’яднанні па інтарэсах цэнтра. Усяго «зорак» 20 чалавек, хоць жадаючых трапіць у лагер было намнога больш. Тут ужо педагогам прыйшлося вырашаць, каго ўзяць, а каго — не, пры гэтым перавага аддавалася дзецям са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў.

Працуе лагер 6 дзён на ты­дзень з 8.30 да 15 гадзін. Кожная раніца нязменна пачынаецца з зарадкі, якую дзеці вельмі чакаюць. Цікава, пад вясёлую музыку яе праводзіць на вуліцы кіраўнік танцавальнай студыі Юлія Петухова. Затым школьнікі у суправаджэнні двух выхавальнікаў — Юліі Петуховай і Іны Багушэвіч — ідуць снедаць у СШ №2. А вярнуўшыся ў РЦДМ, разыхо­дзяцца па шматлікіх аб’яднаннях па інтарэсах.

Да канца змены ў нас працуюць усе аб’яднанні і студыі, і дзеці маюць магчымасць паспрабаваць сябе ў розных відах дзейнасці, — расказвала начальнік «Акадэміі зорак» Алена Голуб. — Яны не прывязаныя да аднаго месца: падчас заняткаў могуць свабодна пераходзіць з кабінета ў кабінет або наогул выйсці на вуліцу і там пабегаць, пагуляць у рухомыя гульні. На вуліцы пастаянна дзяжурыць нехта з педагогаў, ёсць розны спартыўны інвентар.

Дэкаратыўна-прыкладной творчасцю з наведвальнікамі лагера займаецца педагог дадатковай адукацыі Вольга Пякарская

Абедаюць дзеці ў той жа другой школе, пасля чаго педагогі праводзяць з імі разнастайныя масавыя мерапрыемствы: спартыўныя спаборніцтвы, конкурсы, віктарыны, майстар-класы. Ёсць у праграме лагера і экскурсіі, кінасеансы. Іх арганізуюць двойчы на тыдзень. Школьнікі ўжо паспелі пабываць у раённым краязнаўчым музеі, дзіцячай бібліятэцы, Доме рамёстваў і цэнтры культуры і народнай творчасці раёна.

Акрамя таго, на працягу змены яны ўдзельнічаюць у вялікай экалагічнай гульні «Ахоўнікі прыроды». Падзеленыя на дзве каманды, спаборнічаюць паміж сабой, хто «купіць» больш раслін, жывёл і іншых прадметаў і хутчэй запоўніць свой запаведнік. «Валютай» з’яўляюцца зорачкі, якія можна зарабіць за спартыўную перамогу, зробленую ўласнымі рукамі рэч, любую добрую справу. Напрыклад, за дапамогу паліць кветкі, ад­крыць дзверы, паднесці сумку і інш. Умовы і прамежкавыя вынікі гульні можна ўбачыць на вялікім стэндзе ў фае РЦДМ. А канчатковыя вынікі падвядуць на закрыцці змены. Прадстаўнікі каманды-пераможцы атрымаюць дыпломы і невялікія падарункі.

Як аказалася, большасць дзяцей наведвае «Акадэмію зорак» не першы год. Што іх тут прываблівае, расказалі самі школьнікі:

Лагер класны: у ім весела, і настаўнікі добрыя! Мы ходзім на розныя гурткі, для нас праводзяць вельмі цікавыя мерапрыемствы.

Аднадушна высокай была і ацэнка харчавання.

Кормяць смачна, — гаварылі дзеці. — Кожны дзень да­юць на падвячорак вафлі ці ёгурт, або фрукты: яблыкі, грушы, бананы. Мы ўсім задаволеныя.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
Медицинскую маску в подарок получит каждый покупатель в фирменных магазинах «Иловское»
Поставчанка Мария Шаруева декорирует кружки куклами и фигурами из полимерной глины
Поставщина примет областной этап конкурса «Властелин села» и областной форум сельской молодежи



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.