Заботиться о здоровье защитников рубежей страны — задача коллектива 1-го военного госпиталя

Здравоохранение

Функцыянуюць бесперапынна

Клапаціцца пра здароўе ахоўнікаў рубяжоў краіны — задача органаў пагранічнай службы Беларусі. Яе выконвае калектыў 1-га ваеннага шпіталя. І хоць далёка не кожны яго супрацоўнік носіць зялёныя пагоны, Дзень пагранічніка — свята тут для ўсіх агульнае.

Урачысты сход адбыўся ў клубе лячэбнай установы. Найперш былі зачытаны віншавальныя лісты Старшыні Дзяржпагранкамітэта Анатолія Лапо і Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Веньяміна. Прагучалі віншаванні ў адрас калектыву і ад начальніка шпіталя Сяргея Півеня, які ўручыў падначаленым шэраг узнагарод: падзякі, прэміі, каштоўныя падарункі і нагрудныя знакі профільнага міністэрства. Дзяржаўнай узнагароды — медаля «За бездакорную службу» ІІІ ступені — удастоены памочнік начальніка шпіталя — начальнік аддзела ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння Сяргей Навумчык. Ён прысвяціў службе 18 гадоў і цалкам упэўнены ў правільнасці зробленага ім выбару. Пачынаў намеснікам начальніка змены ў аддзяленні пагранкантролю ў Гомельскай вобласці. Потым быў дазнаўцам, ідыёлагам. У Паставы пераведзены падчас вучобы ў магістратуры Інстытута пагранслужбы Беларусі.

Узнагароджаныя прадстаўнікі шпіталя

— Родам я з Петрыкаўскага раёна. Стаць ваеннаслужачым вырашыў па прыкладзе таты, які быў прапаршчыкам у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння, — расказваў Сяргей Навумчык.— За ўзнагародамі ніколі не гнаўся, наадварот, заўжды імкнуўся за­ахвоціць імі сваіх падначаленых. Між тым медалю вельмі рады, гэта сапраўды высокая ацэнка маёй службы. Упэўнены, што палова дзяржаўнай узнагароды належыць маёй жонцы, якая ва ўсім мяне падтрымлівае.

Шмат святочных загадаў было агучана і ў дачыненні да іншых супрацоўнікаў шпіталя. Задача, пастаўленая перад імі, — забяспечыць ўсебаковую лячэбна-дыягнастычную дапамогу пагранічнікам, каб не дапус­ціць збояў у ахове Дзяржграніцы. Менавіта таму тут па-ранейшаму дзейнічаюць абмежаванні на некаторыя віды дапамогі, а сам шпіталь лічыцца ўмоўна чыстым ад каранавіруса. Умоўна таму, што на базе неўралагічнага аддзялення ўсё ж такі створаны інфекцыйныя боксы. Без гэтага не абысціся, бо часта да месца лячэння ваеннаслужачыя дабіраюцца на грамадскім транспарце нават з самых аддаленых куткоў Беларусі, і кантакты з хворымі на кавід не выключаны. Апроч таго, ва ўстанове арганізаваны пярвічны прыём ваеннаслужачых з сімптомамі рэспіраторных захворванняў. Пры падазрэнні на COVID-19 ім робяць тэст.

Адным з першых у краіне шпіталь набыў маразільнае абсталяванне, якое дазваляе стварыць неабходны халадавы ланцуг для захоўвання і транспарціроўкі любой вакцыны.

— Мы не толькі прышчапляем сваіх супрацоўнікаў, але і дас­таў­ляем вакцыну ў медпункты ўсіх тэрытарыяльных органаў пагранічнай службы, — паведаміў намеснік начальніка шпіталя — начальнік медыцынскай часткі Антон Гулікаў. — Маразільнае абсталяванне падтрымлівае тэмпературу да мінус 40 оС. Для яе кантролю ёсць электронныя счытвальныя прылады, якія рэгіструюць яе кожную хвіліну.

Супрацоўнікі шпіталя, як і ўсе медыкі, знаходзяцца ў групе павышанай рызыкі. Таму, каб не захварэць на кавід, многія ўжо імунізаваліся і далучыліся да ініцыяванага Міністэрствам аховы здароўя флэшмоба «Я прышчапіўся. А ты?»

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Читайте также:
Поставская ЦРБ закупила морозильники для хранения вакцины от COVID-19 и сумки-холодильники для ее транспортировки
Вакцинация: факты истории. Оспа, полиомиелит, холера, бешенство, COVID-19
Всемирный день без табака. История поставчанки, победившей никотиновую зависимость



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.