1 августа — День железнодорожника. Путейцы — ключевые фигуры железной дороги

Важное Общество

Едучы на цягніку, кожнаму, напэўна, неаднойчы даводзілася бачыць каля пераезда або ўздоўж чыгуначнага палатна людзей у аранжавых камізэльках. Хто яны і чым займаюцца, напярэдадні прафесійнага свята пацікавілася карэспандэнт «ПК».

— Пуцейцы — ключавыя фігуры чыгункі, — гаварыў начальнік Варапаеўскай дыстанцыі пуці Канстанцін Канаш. — Іх задача — утрымліваць у спраўным стане чыгуначнае палатно. Манцёры пуці ажыццяўляюць кантроль за трываласцю, на­дзейнасцю, рабочым станам усіх камплектуючых, выконваюць розныя мантажныя, дэмантажныя, рамонтныя работы. Пуць складаецца не толькі з рэек і шпал, замацаванняў, якія злучаюць рэйкі паміж сабой і прымацоўваюць іх да шпал, але і з баласта — «падушкі» з пяску ці шчэбеню, на якую пакладзены шпалы, землянога палатна і штучных збудаванняў. І калі ў гэтай канструкцыі пакласці ці замацаваць штосьці не так — здарыцца бяда. Вопытныя пуцейцы ўлічваюць кожную дробязь. Хочаце паназіраць за іх работай — пабывайце ў 8-м акалотку, дзе майстрам Рышард Гіруць.

Сяргей Пронька і Пётр Ківатыцкі транспартуюць рэйку

Серада, 6 гадзін раніцы. На чыгунцы за пераездам па дарозе на Браслаў ажыўлена. Раздаюцца ўдары молата, разлятаюцца іскры ад рэйкарэзнага станка — брыгада Канстанціна Церлюка мяняе пашкоджаную рэйку. Тут жа знаходзіцца і майстар Рышард Гіруць.

— На перыяд спякоты памянялі распарадак дня: рабочы дзень пачынаем у 6 гадзін, — расказваў Рышард Уладзіміравіч. — Самае складанае для пуцейцаў — выпрабаванне надвор’ем. Мы працуем пры любым. Наш абавязак — забяспечваць бесперабойнае функцыянаванне чыгункі.

У 8-м акалотку працуюць 25 чалавек. Яны абслугоўваюць участкак ад Навасёлак-1 да Лынтуп. А гэта 54 кіламетры галоўнага пуці і 10 — станцыйнага, 25 стрэлачных пераводаў, 17 пераездаў. З пачатку бягучага года пуцейцы замянілі 192 драўляныя шпалы на жалезабетонныя, паклалі 50 новых драўляных, на многіх участках замянілі старыя рэйкі. Планавыя работы право­дзяцца звычайна летам.

 

Агляд чыгуначнага палатна робяць абходчыкі. Раз на месяц па чыгунцы праходзіць дэфектаскопная цялежка, аператар якой з дапамогай спецыяльных прыбораў выяўляе ўнутраныя дэфекты на пэўным участку рэек. Пры іх выяўленні туды накіроўваецца брыгада манцёраў пуці з неабходным інструментам. Вострадэфектныя пашкоджанні ўхіляюць неадкладна, дэфектныя — планава. Рамонт праводзяць у сціслыя тэрміны, каб не перашкаджаць руху цягніка.

12,5 метра рэйкі ў сераду замянілі за гадзіну. Найперш Павел Цапелік рэйкарэзным станком выразаў пашкоджаную рэйку. Адкруцілі балты, выбілі ўбок і паклалі новую Аляксандр Андрыеўскі, Павел Цымбалюк, Сяргей Пронька, Пётр Ківатыцкі. Гэтым часам Павел Цапелік памяняў свярло для пракруткі дзірак пад новыя балты, а члены брыгады памянялі іх і замацавалі.

Павел Цапелік мяняе свярло ў рэйкарэзным станку

За 8-м акалоткам замацаваны 54 кіламетры галоўнага пуці і 10 – станцыйнага, 25 стрэлачных пераводаў, 17 пераездаў.

Рышард Гіруць на чыгунцы — 29 гадоў. За гэты час многае ўдасканалілася, на дапамогу прыйшла сучасная тэхніка, чым зменшыла аб’ём ручной работы. Ёсць машыны, якія выпраўля­юць, рыхтуюць пуці. У карыстанні пуцейцаў з’явіліся перасоўныя электрастанцыі, зварачныя апараты, станкі для рэзкі рэек і свідравання адтулін пад балты, мотакосы.

Задача пуцейцаў – утрымліваць у спраўным стане чыгуначнае палатно.

Перад пачаткам абкосу тэрыторыі ўздоўж чыгункі за пераездам за Соўкамі сфатаграфавала брыгаду Анатолія Кузьмінова. Манцёры пуці Аляксей Раманоўскі, Аляксандр Бартунскі, Леанід Цярэнцьеў і Анатолій Барташэвіч не толькі спрытна косяць, але і ўмеюць прафесійна замяніць шпалы і рэйкі, абта­чыць і выправіць іх, адрэгуля­ваць стрэлачныя механізмы, ухі­ліць любую няспраўнасць пуці.

Абкошваюць траву Леанід Цярэнцьеў, Аляксандр Бартунскі, Аляксей Раманоўскі і Анатолій Барташэвіч

Час на размовы не марнавалі. Хутка пуцейцы запусцілі трымеры і сталі абкошваць высокую траву. Брыгадзір кантраляваў графік руху цягніка. Пры яго прыбліжэнні пуцейцы спыняць работу і праводзяць усмешкай пасажыраў у вагонах.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.