115 юношей и девушек стали выпускниками Поставского государственного колледжа

Важное Образование

З прафесіяй – у самастойнае жыццё

На мінулым тыдні ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы адбыўся выпускны вечар, на якім дыпломы аб заканчэнні навучальнай установы атрымалі 115 юнакоў і дзяўчат.

Выпускаліся навучэнцы чатырох вучэбных груп узроўню прафесійна-тэхнічнай адукацыі і адной групы ўзроўню сярэднеспецыяльнай адукацыі. Гэта трактарысты-машыністы сельскагаспадарчай вытворчасці, слесары па рамонце аўтамабіляў, сельгас­машын і абсталявання, электразваршчыкі і тэхнікі-механікі, будучыя работнікі гандлю і грамадскага харчавання. 30 чэрвеня яны сабраліся ў двары каледжа на апошнюю для іх урачыстую лінейку. Прыйшлі таксама бацькі выпускнікоў, выкладчыкі і майстры вытворчага навучання.

Пасля ўзняцця Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь першым віноўнікаў урачыстасці па традыцыі павіншаваў дырэктар каледжа Сяргей Герасіменка. Ён адзначыў: падпісваючы дыпломы аб адукацыі, было прыемна ба­чыць, што большасці маладых лю­дзей рашэннем кваліфікацыйнай камісіі прысвоены павышаныя рабочыя разрады. Так, у групах па спецыяльнасцях «Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ, эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў» і «Тэхналогія зварачных работ, эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў» 4-ы разрад маюць 68% выпускнікоў, а ў групе «Гандлёвая справа» — усе 100%.

— На экзаменах вы пацвердзілі набытыя падчас вучобы веды, — гаварыў Сяргей Мікалаевіч. — Але каледж даў вам не толькі прафесію. Тут вы развілі свае спартыўныя і творчыя здольнасці, знайшлі сапраўдных сяброў. Па выніках размеркавання кожны атрымаў першае рабочае месца. Цяпер неабходна паказаць усё, што ведаеце і ўмееце, на вытворчасці. Памятайце, ад вашай упартасці і працавітасці будуць залежаць вашы заработная плата і сямейны дабрабыт. Мы, педагогі, заўсёды радуемся поспехам і дасягненням нашых выпускнікоў — калі іх узнагароджваюць граматамі на падвядзенні вынікаў раённага працоўнага спаборніцтва, пішуць пра іх у газеце, бяруць інтэрв’ю на тэлебачанні. Упэўнены, што літаральна праз год мы будзем гэтак жа радавацца за кожнага з вас.

Маладым людзям Сяргей Мікалаевіч пажадаў моцнага здароўя, шчасця, поспехаў і працоўных дасягненняў.

— Разам з прафесіяй вы атрымалі пуцёўку ў жыццё. Прымайце актыўны ўдзел у сацыяльна-эканамічным развіцці раёна і краіны. Будзьце патрыётамі і беражыце тое, што маеце, — гаварыў, звяртаючыся да выпускнікоў,­ ­госць мерапрыемства — старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто.

Ён адрасаваў віншаванні не толькі юнакам і дзяўчатам, але і іх бацькам, усяму інжынерна-педагагічнаму калектыву каледжа, адзначыўшы вялікі ўклад апошняга ў навучанне і выхаванне моладзі.

Са словамі на дарогу да выпускнікоў звярнуліся таксама намеснікі кіраўніка ўстановы адукацыі па вучэбнай і выхаваўчай рабоце Наталля Шылько і Антаніна Кухальская, якія зычылі ім знайсці сябе ў прафесіі і быць шчаслівымі ў асабістым жыцці. Затым Наталля Аляксандраўна зачытала загад дырэктара каледжа аб выпуску і прысваенні кваліфікацый навучэнцам, а Сяргей Герасіменка ўручыў дыпломы аб адукацыі, граматы за добрую вучобу і прыкладныя паводзіны і дыпломы за актыўны ўдзел у спартыўна-масавай рабоце. Бацькі найлепшых навучэнцаў атрымалі Падзячныя пісьмы за добрае выхаванне дзяцей. Сярод іх — блізкія выпускніц групы №69 па спецыяльнасці «Гандлё­вая справа» Анастасіі Санюк і Наталіі Скрыдлеўскай. Гэтыя дзяўчаты закончылі каледж з сярэднімі баламі 9,1 і 8,8 і ўдастоены дыпломаў з адзнакай. Акрамя таго, Анастасія ўзнагароджана граматай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі каледжа і грашовай прэміяй Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў АПК.

Сяргей Герасіменка ўручае дыплом з адзнакай і грамату Анастасіі Санюк

У канцы лінейкі для выпускнікоў прагучаў апошні званок. Яны падарылі кветкі педагогам. А падарункам для саміх сталі музычныя нумары ў выкананні моладзі, якая прадоўжыць навучанне ў каледжы.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
Трудовое лето-2021. У молодежи Поставщины начался трудовой семестр
Учащаяся СШ №4 Дарья Катович приняла участие в образовательной смене в Национальном детском технопарке
В средних школах №1, 3 и гимназии работают лагеря труда и отдыха



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.