19 июля исполняется 70 лет бывшему начальнику Поставского райотдела милиции Ивану Аниськовичу

Общество

Мне не сорамна перад людзьмі

19 ліпеня спаўняецца 70 гадоў былому начальніку Пастаўскага райаддзела міліцыі ў адстаўцы Івану Аніськовічу. Чым не падстава запрасіць у рэдакцыю на размову?

— Пра што, як не пра работу ў міліцыі, па­чынаць гутарку з чалавекам, які 32 гады праслужыў у права­ахоўных органах, у тым ліку 17 узначальваў калектыў райаддзела. А ці па прызванні вы ступілі на міліцэйскі шлях?

— Не, па збегу жыццёвых абставін. Рана, у 50 гадоў, памёр бацька. Нас у сям’і было трое сыноў. Старэйшы працаваў у Мурманску, сярэдні служыў у арміі, а я — яшчэ школьнік. Як было пакінуць маці адну? Тым больш што мелі 60 сотак зямлі, трымалі жыўнасць. І я застаўся ў вёсцы, дапамагаў маме. Закончыў школу, у якую хадзіў за 5 кіламетраў, адслужыў у арміі, у пагранічных войсках. Вярнуўшыся дадому, уладкаваўся ў Шаркаўшчыне ў раённую нарыхтоўчую кантору. Паўгода нават выконваў абавязкі дырэктара. Аднойчы на склад прабраліся злодзеі. Прыехалі супрацоўнікі міліцыі расследаваць здарэнне. Пазнаёміліся, і яны сагітавалі мяне афармляцца на службу ў Шаркаўшчынскі райаддзел. Паехаў на гутарку ў абласное ўпраўленне ўнутраных спраў. Апрануўся ў найлепшае: белыя штаны, польскую кашулю з пеўнямі, камізэльку. Намеснік начальніка ўпраўлення ў званні палкоўніка як убачыў мой «прыкід», ледзьве не выгнаў з кабінета. Заступіўся кадравік. Але на службу мяне ўсё роўна не ўзялі, паколькі патрабаваўся супрацоўнік у аддзел па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю, а я не меў дастатковай адукацыі (завочна вучыўся на першым курсе Гомельскага кааператыўнага тэхнікума). Гэта ўжо пазней закончыў Магілёўскую школу міліцыі, а затым і акадэмію. Аднак я тады не адступіўся ад задуманага. У Шаркаўшчыне якраз адкрылі спецкамендатуру. Туды і ўладкаваўся. Так пачалася мая міліцэйская служба.

— Ці падтрымліваеце сувязь з аддзелам зараз?

— Нягледзячы на тое, што ў яго штаце ўжо амаль нікога не засталося, з кім разам служыў, у аддзел заходжу. Маю добрыя адносіны з усімі маімі пераемнікамі. Асабліва цесныя сувязі — з ветэранамі, якіх ажно 86. На мінулым тыдні ездзіў у Віцебск на ўрачыстасць, прысвечаную 30-годдзю абласной ветэранскай арганізацыі, атрымаў грамату. На працягу 10 гадоў узначальваў пярвічную ветэранскую арганізацыю райаддзела. Зараз гэты грамадскі абавязак выконвае Сяргей Кісялёў. Мяне радуе, што тыя, хто пайшоў са службы ў нашым райаддзеле, знайшлі сабе справу ў цывільным жыцці і добра праяўляюць сябе ў розных сферах дзейнасці. Я і сам пасля звальнення яшчэ 10 гадоў адпрацаваў начальнікам аўтазаправачнай станцыі «Блок». А потым цалкам прысвяціў сябе сям’і.

— Такім чынам, пераходзім да самага каштоўнага — сям’і.

— Сям’ёй ганаруся. У шлюбе з Алінай ужо 48 гадоў. У мяне цудоўная жонка — мудрая, цярп­лівая, клапатлівая, гаспадарлівая. Ёй прыйшлося нялёгка. Заўсёды працавала і адначасова ўпраўлялася з дамашнімі абавязкамі. Ды і выхаванне дзяцей (а ў нас два сыны і дзве дачкі) ляжала ў асноўным на яе плячах, бо я больш знаходзіўся на службе, чым дома. Усе чацвёра атрымалі вышэйшую адукацыю. Андрэй жыве ў Паставах, займаецца прадпрымальніцтвам. Таня — у Віцебску, лагапед. Наташа ўзначальвае аддзел у Тэхнабанку. Ваня выбраў прафесію ратаўніка, але зараз ён — дальнабойшчык.

Нашы дзеці дружныя паміж сабой, часта наведваюцца да нас. А ўнукі Ксенія і Макар праводзяць у нас усё лета. Старэйшы ўнук, Вадзім, служыць у пастаўскім райаддзеле міліцыі.

— Чым займаецеся цяпер?

— Больш адпачываю, баўлюся з унукамі, важу іх на возера купацца. У ранейшыя, ужо далёкія, гады паляваў у тундры, рыбачыў на Чудскім возеры. І цяпер захапляюся рыбалкай і паляваннем, але ўжо на Пастаўшчыне ды Браслаўшчыне, Мядзельшчыне. У вёсцы ёсць пасека, займаюся пчоламі. Даглядаю сад, люблю сталярнічаць, нават пчаліныя домікі майструю. Занятак знаходзіцца заўсёды.

— Іван Міхайлавіч, дзякуй за шчырасць. І з наступаючым юбілеем вас!

 Гутарыла Фаіна Касаткіна
Фота Фаіны Касаткінай

Полное интервью читайте в печатной версии газеты «Поставский край»



Читайте также:
Установка видеонаблюдения на подъездах пятиэтажек: нужно ли платить абонентскую плату?
Без цветов — никак! Посмотрите, какая красота на даче семьи Колобовых в д. Загатье
Мастерица из д.Гута Анна Павелкович талантлива во всём



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.