25 июля — День пожарной службы. Сын Вадим Каравацкий пошел в спасатели по стопам отца

Безопасность Главное

У кожнай прафесіі знойдзецца нямала прыкладаў, калі дзеці выбіраюць тую ж справу, што і бацькі. Так зрабіў, у прыватнасці, Вадзім Каравацкі, які працуе побач з бацькам Алегам Аляксандравічам майстрам-ратаўніком у Пастаўскім РАНС.

У райаддзел па надзвычайных сітуацыях Каравацкі-старэйшы прыйшоў у снежні 2000 года, праз месяц пасля заканчэння тэрміновай ваеннай службы. Хоць на той час меў іншую прафесію — майстра сельскагаспадарчай вытворчасці, якую атрымаў да арміі ў мясцовым СПТВ, — вырашыў паспрабаваць сябе ў якасці ратаўніка. У працэсе работы прайшоў навучанне ў Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі МНС пад Барысавам і быў назначаны на пасаду хіміка-дазіметрыста аддзялення хімічнай і радыяцыйнай абароны, якую і займае зараз.

— Па сутнасці, я мала чым адрозніваюся ад звычайнага ратаўніка, — расказваў Алег Каравацкі. — У складзе дзяжурнай змены выязджаю на тушэнне пажараў, дарожна-транспартныя здарэнні, іншыя надзвычайныя сітуацыі, у тым ліку хімічнага характару. Часцей за ўсё гэта збор ртуці, якая расцяклася ў памяшканні з разбітага тэрмометра або дзесьці знойдзена і прынесена дамоў.

Алег і Вадзім Каравацкія

За 20 гадоў працы ў практыцы мужчыны чаго толькі не было! Даводзілася і людзей з пакарабачаных у выніку аварыі аўтамабіляў даставаць, і лясы з тарфянікамі тушыць, ліквідоўваць пажары як у жылым сектары, так і на прадпрыемствах горада.

Усё, чым мы тут займаемся: вучымся, трэніруемся, рызыкуем жыццём, – дзеля аднаго – своечасова дапамагчы чалавеку ў складанай сітуацыі.

— Калі я пачынаў працаваць, было намнога складаней, чым зараз, — успамінае Алег Аляксандравіч. — Раней на пажары выязджалі старыя ЗІЛы, якія маглі прывезці ўсяго 2 тоны вады. Вылівалі яе хутка, і пакуль ездзілі зноў заправіцца, пажар разгараўся з новай сілай. Тады дамы нярэдка згаралі датла. Машыны, бывала, ламаліся на паўдарозе, і прыхо­дзілася цягнуць іх на тросе. Іншым было і баявое адзенне. Шылі яго з дэрмантыну, які дубеў на марозе. Пакуль датушвалі пажар, мы замярзалі ў такіх баёўках. Не маглі сагрэцца і ў машыне, бо ЗІЛы наскрозь прадуваліся.

Цяжкасці бацькавай службы з дзяцінства бачыў сын Ва­дзім. Але гэта не адбіла ў яго жадання працаваць у РАНС. Гадоў з васьмі хлопец ездзіў з Алегам Аляксандравічам на турыстычны злёт, які праводзіць сярод сваіх падраздзяленняў Віцебскае абласное ўпраўленне МНС. Тады пазнаёміўся з калектывам аддзела, кіраўніцтва якога не раз запрашала да сябе на работу, калі падрасце. Таму, закончыўшы, як і Каравацкі-старэйшы, пастаўскі каледж, Вадзім вырашыў таксама стаць ратаўніком.

У штаце РАНС ён з верасня 2020-га. Служыць у адной змене з бацькам, разам з ім выяз­джае на тушэнне пажараў. І хоць ужо прайшоў стажыроўку ў вопытнага настаўніка — старшага інструктара-ратаўніка Яўгенія Кундро, Алег Аляксандравіч па-ранейшаму прыглядвае за сынам, вучыць яго, падказвае.

Нягледзячы на невялікі працоўны стаж, Вадзім ужо сутыкнуўся з многімі нюансамі работы. У прыватнасці, прайшоў псіхалагічную праверку на трываласць, калі, ліквідуючы пажар у горадзе, упершыню ўбачыў абгарэлы труп гаспадара дома.

— Пару дзён гэта карціна стаяла ў мяне перад вачыма, — кажа хлопец. — Але я ведаў, куды іду працаваць, і цяпер не хачу даваць задні ход. Тым больш што ў нашай рабоце ёсць і прыемныя моманты. Нядаўна разам з бацькам выратавалі коціка, які ўпаў з верхняга паверха дома на суседскі балкон, а там якраз адсутнічалі гаспадары.

— Ратаваць людзей яшчэ прыемней, — зноў уключаецца ў размову Алег Аляксандравіч. — Тады адчуваеш сапраўднае маральнае задавальненне, разумееш, што не дарма робіш сваю справу. Усё, чым мы тут займаемся: вучымся, трэніруемся, рызыкуем жыццём, — дзеля аднаго — своечасова дапамагчы чалавеку ў складанай сітуацыі.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
Как обезопасить пожилых граждан и защитить их жильё? Рекомендации МЧС
С 10 июля в Беларуси открылся сезон охоты на бекаса и продлится по вторую субботу августа
Как научить детей правилам пожарной безопасности? Рекомендации МЧС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.