Белагропромбанк разработал две новые карты — рассрочки «Суперсила» и для автолюбителей «Драйв»

Общество

З «Драйвам» і «Суперсілай»

Напярэдадні свайго 30-годдзя, якое будзе адзначаць у верасні, ААТ «Белаграпрамбанк» не перастае радаваць кліентаў рэкламнымі гульнямі з цудоўнымі прызамі, новымі прадуктамі і павышэннем працэнтных ставак па дэпазітах. Так, вясной банк распрацаваў дзве новыя карты — растэрміноўкі «Суперсіла» і для аўтааматараў «Драйв», а літаральна пару тыдняў назад павялічыў працэнтныя стаўкі па дэпазітнай карце.

Дэпазітная карта — прадукт, знаёмы многім кліентам Белаграпрамбанка. Выпускаецца яна даўно, у трох валютах: беларускіх рублях, доларах ЗША і еўра — і карыстаецца немалой папулярнасцю, бо мае ўласцівасці тэрміновага адзыўнага банкаўскага ўкладу.

— Зручнасць гэтай карты ў тым, што грошы ў вас заўсёды пад рукой. Вы ў любы момант можаце скарыстацца імі — ­зняць наяўныя або разлічыцца безнаяўным чынам, у тым ліку за мяжой, паколькі карта міжнародная. Пры гэтым на ўсю суму на ёй штомесяц налічваецца даход у выглядзе працэнтаў, — тлумачыць начальнік аддзела рознічнага продажу ЦБП №217 у г. Паставы ААТ «Белаграпрамбанк» Наталля Якубовіч. — У рублях працэнтная стаўка зараз складае 17,25% гадавых, у доларах — 2,5%, у еўра — 1,5%. У такім памеры працэнты налічваюцца, калі ў бягучым месяцы ў трымальніка не было расходных аперацый. Пры іх наяўнасці даход будзе, як па ўкладзе «да запатрабавання». Выгадна таксама тое, што карту можна папаўняць, пераво­дзячы грошы на яе з зарплатнай карты. Гэта лёгка зрабіць у мабільным дадатку.

У маі ў абарачэнні з’явілася карта растэрміноўкі «Суперсіла», якая спалучае ў сабе асаблівасці звычайнай дэбетовай і крэдытнай карт. З дапамогай «Суперсілы» можна разлічвацца як сваімі сродкамі, паклаўшы грошы на яе, так і карыстацца ўстаноўленым крэдытным лімітам. Пры заказе карты ліміт да 2 500 рублёў афармляецца без даведкі пра даходы, да 10 000 рублёў — без паручыцеляў. Плюс таксама ў тым, што трымальнікі гэтай карты маюць магчымасць набываць тавар у магазінах — партнёрах банка (іх спіс ёсць на сайце ўстановы) у растэрміноўку да 4 месяцаў без спагнання працэнтаў. Калі ж вырашаць зняць з карты наяўныя грошы або разлічыцца з яе дапамогай не ў магазіне-партнёры, прадугледжаны льготны перыяд, на працягу якога дзейнічае паніжаная працэнтная стаўка 9,99%. Але пагасіць запазычанасць неабходна не пазней 10 чысла наступнага месяца, у адваротным выпадку стаўка будзе 23,4%. Пагасіўшы крэдыт, ім можна скарыстацца зноў. І так на працягу 2 гадоў, пакуль дзейнічае карта.

Яшчэ больш прывабная для кліентаў Белаграпрамбанка карта «Драйв», якая разлічана на ўладальнікаў аўтамабіляў і мае шэраг пераваг, што дазваляюць скараціць расходы на эксплуатацыю і ўтрыманне аўто. Так, пры разліку ёй на ўсіх аўтазаправачных станцыях і станцыях тэхабслугоўвання прадугледжаны манібэк у памеры 2%, у астатніх арганізацыях гандлю і сэрвісу — манібэк 1%. Ёсць і іншыя бонусы. У прыватнасці, страхуючы ў Белдзяржстраху грамадзянскую адказнасць уладальніка транспартнага сродку або афармляючы страхавы поліс КАСКО, трымальнік карты будзе мець скідку 5%. Пры афармленні ў банку страхоўкі «Экспрэс» ад траўм скідка складзе 15%. Таксама распрацавана праграма лаяльнасці «Энергія твайго шляху», якая прадугледжвае накапленне балаў за безнаяўныя аперацыі і абмен іх на прамакоды партнёраў. З прамакодамі можна бясплатна атры­маць паслугі па інфармацыйнай і тэхнічнай дапамозе на дарозе, эвакуацыі аўто і інш., скідкі на разлік у пэўных арганізацыях гандлю і сэрвісу.

Як і «Суперсіла», карта «Драйв» бясплатная, але па ёй устаноўлена штомесячная абаненцкая плата 1,99 рубля. Яна цалкам кампенсуецца, калі вы запраўляеце машыну мінімум на 100 рублёў у месяц. А пры траце на аўто большай сумы мець карту яшчэ выгадней. Да слова, зараз банк праводзіць рэкламную гульню «Рулі на Драйве». Трымальнікам карт прапануецца ў перыяд з 15 ліпеня па 15 верасня разлічыцца безнаяўным чынам усюды, акрамя АЗС, на агульную суму не менш за 500 рублёў і прыняць удзел у розыгрышы 30 падарункавых карт наміналам 200 рублёў на набыццё нафтапрадуктаў, тавараў і паслуг у сетцы АЗС «Газпрамнафта-Белнафтапрадукт». Таму паспяшайцеся атрымаць «Драйв».

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.