Без цветов — никак! Посмотрите, какая красота на даче семьи Колобовых в д. Загатье

Общество

Без кветак – ніяк!

Першымі, каго я ўбачыла на дачы Колабавых у Загаччы, былі два сімпатычныя стварэнні: дэкаратыўны трус, які «гуляў» па волі, і невялікі пародзісты сабачка.

— Не бойцеся, Ёшка не кусаецца, — гаварыла, выйшаўшы мне насустрач, гаспадыня. — Ён ласкавы. — І прадоўжыла тэму: — Тут у нас не толькі хатнія гадаванцы, але і лясныя водзяцца. Заглядваюць дзікія козы, зайцы, лісы. Асабліва часта зімой. Нездарма ж наша садовае таварыства носіць назву «Прырода».

Гэты куточак прывабіў Рыту і Сяргея Колабавых гадоў 30 таму, і яны аднымі з першых з дапамогай бацькоў пабудавалі тут невялікі домік, распрацавалі зямлю. Не магу ўявіць, як тады выглядала тэрыторыя, а цяпер яна ўзорная. Па-першае, прастора! Аб’яднаныя два ўчасткі (уласніцай другога з’яўляецца родная Рыціна сястра Раіса). Па-другое, выключная дагледжа­насць. Невялікі, абшыты сайдынгам, домік, прасторная ўтульная альтанка, драўляныя і металічныя арэлі, акуратныя міні-майстэрня і хляўчук для сельгасінвентару, амаль што казачны домік для дзіцячых гульняў, тры парнікі, яблыневы сад, маладыя пасадкі розных сартоў вінаграду, плантацыя жоўтай, ужо спелай, маліны, жывая зялёная агароджа ўздоўж участка і іншае. Нават на месцы, дзе складвалі кампост, ва ўсю моц разлапушыліся гарбузы. У канцы агарода — зарыбленая сажалка з астраўком лілей. На ёй ціха гойдаецца лодка. «А я тут вось такога карася злавіў!» — азартна разводзіць рукі Мацвей.

А колькі кветак па ўсім участку! Ля дома, уздоўж дарожак, на іншых клумбах. Чулі б вы, як захоплена Рыта Міхайлаўна расказвала пра іх гатункі, тэрміны цвіцення, размнажэнне і перасаджванне, догляд, як хацелася ёй паказаць кожную раслінку!

— Як вы ўпраўляецеся з усім гэтым? — пытаюся, любуючыся шматколернасцю кветнікаў і насычанай зелянінай агародніны на градках.

— Дык у мяне ж ёсць памочнікі, — жанчына туліць да сябе ўнукаў Ксенію і Мацвея. — Яны штогод на ўсё лета прыязджа­юць да нас з Мінска. Увесь вольны час праводзіць на дачы і многае тут ро­біць Рая. Шмат працы ў мужа. Ён знаходзіць у інтэрнэце ўсё новыя ідэі і ўвасабляе іх у жыццё. Толькі не падумайце, што мы тут увесь час у працы. Не, любім і адпачыць, пасядзець у альтанцы, на беразе сажалкі, пазагараць. Пастаянна застаёмся начаваць. Хіба можна параўнаць гарадскую кватэру з дачай? Тут жа зусім іншая аўра.

Прыехаўшы ў рэдакцыю, перагледзела на камп’ютары здымкі, зробленыя на дачным участку, і ўздыхнула: немагчыма праз фатаграфіі перадаць усё тое хараство, якое стварылі клапатлівыя гаспадары. Яго трэба бачыць на свае вочы. А найлепш — жыць у ім.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Читайте также:
Посмотрите, какую красоту создали в своем дворе Римма и Геннадий Лавниковские
Фоторепортаж: На фестиваль красок Belholi в Поставах приехал Моргенштерн (+видео)
Фоторепортаж: Как в Поставах Купалье отмечали и цветок папоротника искали



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.