Без вакцинации не обойтись. Как поставчане относятся в вакцинации против COVID-19?

Важное Здравоохранение

Без вакцынацыі не абысціся

Каранавірус не адступае. Калі ў пачатку 2020 года стала вядома пра яго ўспышку ў Кітаі, здавалася, што гэта так далёка ад Беларусі і нам нічога не пагражае. Але небяспечная інфекцыя стала імкліва распаўсюджвацца па ўсіх кантынентах. Вось і ў нашай Беларусі ідзе ўжо трэцяя хваля. З пачатку пандэміі ў краіне зарэгістравана больш за 434 тысячы хворых на COVID. Каб засцерагчыся ад небяспечнай інфекцыі, выпрацаваць калектыўны імунітэт, у Беларусі, як і ва ўсім свеце, шырока разгарнулася выкцынацыя. Як да яе ставяцца пастаўчане?

Наталля Кухальская, настаўніца Гуцкай СШ:

— Шчыра прызнаюся, што стаўленне да вакцынацыі ў мяне дваякае. Тэмай цікаўлюся грунтоўна, і з многіх крыніц чэрпаю розную, часам супрацьлеглую, інфармацыю. І ўсё ж прыйшла да вываду, што без прышчэпкі не абысціся. Зрабіла ўжо дзве. Пасля кожнай некалькі сутак вельмі ўважліва сачыла за сваім станам. Здавалася, вось-вось у арганізме адбудуцца нейкія змены. Але не адчула ніякага дыскамфорту. Ніколькі не змянілася самаадчуванне і ў мужа, які таксама зрабіў дзве прышчэпкі. Прычым у мяне з ім былі розныя вакцыны.

З разуменнем аднесліся да вакцынацыі і калегі. За выключэннем 2-3 чалавек, прышчэпкі зрабілі ўсе настаўнікі і тэхперсанал.

Таццяна Клямята, пенсіянерка:

— Пра небяспеку заражэння каранавірусам, яго наступствы, а таксама пра вакцынацыю начыталася і наслухалася шмат. Але не звесткі са сродкаў масавай інфармацыі падштурхнулі да рашэння зрабіць прышчэпкі. Справа ў тым, што вясной мінулага года захварэў на кавід мой муж. Чалавек ён нястомны, вельмі працавіты, без справы сябе не ўяўляе. А тут зусім занядужаў. Тры тыдні трымалася тэмпература да 39 градусаў, не меў ні апетыту, ні сіл. Вельмі баялася за яго жыццё. У бальніцу не лёг. Вялікі дзякуй медыкам, якія аднесліся вельмі ўважліва: прыязджалі па выкліках, назначалі лячэнне, сачылі за станам. І мой Алесь паправіўся.

Але ніхто не застрахаваны ад таго, што можа захварэць паўторна. Каб гэтага пазбегнуць, мы з мужам рашыліся на прышчэпкі. Дарэчы, правакцынаваліся і наша дачка (яна —урач, працуе ў дзіцячай інфекцыйнай бальніцы) з зяцем, якія жывуць у Мінску, дарослы унук (працуе на Астравецкай АЭС). Раней яны баяліся наведвацца да нас, каб не прывезці вірус, а зараз з задавальненнем гасцю­юць і дапамагаюць у хатніх справах і па гаспадарцы.

Аляксандр Генюш, супрацоўнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама:

— Наколькі заразны і небяспечны кавід, пераканаўся на сваёй сям’і. Напрыканцы мая мінулага года схадзілі з жонкай і двухгадовым сынам у госці да яе бацькоў. Як пазней высветлілася, яны ўжо недзе падхапілі інфекцыю, але яшчэ не адчувалі яе праяўленняў. Праз некалькі дзён жонка і сынок адчулі недамаганне. Лячыліся дома.

У мяне імунітэт мацнейшы, таму не захварэў. Але як кантакт 1-га ўзроўню мусіў тры тыдні правесці ў самаізаляцыі. Становішча незайздроснае, не хацеў бы зноў апынуцца ў такім. Яшчэ горшае перажылі цесць з цешчай, якія тры тыдні ляжалі ў бальніцы. Але і пасля выпіскі іх самаадчуванне працяглы час пакідала жадаць лепшага.

Таму мяне не трэба было ўгаворваць вакцынавацца. Зрабіў адну прышчэпку, а праз тры тыдні — другую. Разумеюць неабходнасць такой меры і таварышы па службе. Большасць супрацоўнікаў аддзела ўжо правакцынавалася. Пасля прышчэпак ні ў кога не ўзнікла ніякіх ускладненняў. А вось абарона ад інфекцыі ў арганізме ёсць!

Мікалай Васюковіч, загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі ЦРБ:

— У штаце нашага аддзялення 24 чалавекі. Прышчэпкі зрабілі ўсе. Агітаваць не давялося. Медыкі, як ніхто іншы, не толькі тэарэтычна ведаюць, наколькі цяжкае захворванне на каранавірусную інфекцыю, але і на свае вочы бачаць гэта. У пік эпідэміі ў аддзяленні адначасова ляжала па 5 цяжкахворых, у тым ліку падключаных да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Кожнаму кругласутачна аказвалася дапамога і вялося назіранне. Не стану засяроджваць увагу на тым, наколькі цяжка прыходзілася персаналу. Скажу пра іншае — пакуты хворых. Яны неймаверныя. Многіх вярталі да жыцця літаральна з таго свету. Некаторых не ўдалося выратаваць, хоць і прыкладвалі ўсе намаганні.

Я на 100 працэнтаў перакананы, што без імунізацыі насельніцтва стрымаць кавід немагчыма. А ёсць жа выдатны прыклад — Кітай з насельніцтвам амаль у паўтара мільярда чалавек. Там паспяхова праведзена вакцынацыя, выпрацаваны калектыўны імунітэт, і 2-й і 3-й хваль пандэміі ў краіне не было. А нашы грама­дзяне начытаюцца ў інтэрнэце страшылак і пачынаюць ім верыць, наганяць страх на іншых. Не таго бойцеся, людзі! Думайце, як захаваць здароўе і жыццё.

Запісала Фаіна Касаткіна



Читайте также:
Санстанция проводит рейды по местам массового отдыха и рынкам
Ротавирусная инфекция: причины, симптомы, лечение, профилактика
Как не заболеть церкариозом: симптомы и профилактика



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.