Франтишка Локтик из д. Местечко не может сидеть без дела

Общество

Тры разы па 30. Так ахарактарызавала свой узрост жыхарка Мястэчка Францішка Локцік

Каля 10 гадоў назад дзеці Францішкі Станіславаўны купілі старэнькі дом у Мястэчку, зрабілі добры рамонт і ўгаварылі маці перабрацца сюды з Мя­дзельскага раёна.

— Хоць мне было амаль 80 гадоў, я трымала немалую гаспадарку, — успамінала Францішка Локцік. — А на новым месцы хлеў быў абы-які. Каня і коз прыйшлося аддаць дачцэ ў Докшыцкі раён, свіней — парэзаць. Зіма ў Мястэчку без работы здоўжылася, і вясной я папрасілася назад, паставіўшы ўмову: да восені хлеў павінен быць гатовы. Зяць напомніў мне пра мой узрост, але неадкладна ўзяўся за будаўнічыя работы і ўсё выканаў у тэрмін. На новым месцы я зноў абзавялася гаспадаркай: цяпер у мяне дзве свінаматкі, парасяты і вялікія свінні, козы, куры. У клопатах пра іх ды агарод дзень па-іншаму праходзіць.

Францішка Станіславаўна Локцік

Раненька ўправіўшыся, жанчына ідзе ў чарніцы. Набірае вядро, тэлефануе зяцю, і той забірае яе з ураджаем. Па дарозе кожны раз спрабуе адгаварыць цешчу ад празмернай нагрузкі, але Францішка Станіславаўна на наступны дзень зноў у лесе.

— Я з дзяцінства да працы прывучаная, — казала. — Жылі ў Докшыцкім раёне. У сям’і было 10 дзяцей, кожны меў свае абавязкі. Апрацоўвалі 15 гектараў зямлі. Мне было 8 гадоў, калі пачалася вайна. Бацька і старэйшы брат пайшлі на фронт. Вельмі цяжка было без мужчынскіх рук. Немцы забралі ў нас карову, свіней. Каб выжыць, я збірала ягады і мяняла іх на прадукты. Адразу пасля вайны адна сям’я ўзяла мяне да сябе даглядаць дзяцей. А я і карову ім даіла, і агарод палола.

У 1949-м тры Франіны браты і дзве сястры выехалі ў Польшчу. А яна завербавалася ў Мурманскі край. У Кандалакшы кіркай капала траншэі пад каналізацыю на будаўніцтве дамоў. Затым перавялася пад Петразаводск, дзе праз лес вялі чыгунку, на плячах насіла рэйкі. Там пазнаёмілася з будучым мужам. Яе Іван быў з Мядзельскага раёна. Вярнуўшыся на радзіму, пажаніліся. Але і замужам Франя не расслабілася, працавала нароўні з гаспадаром. Хутка цяжка захварэла і злягла свякроў, якую прыйшлося даглядаць 25 гадоў, аслеп свёкар. А яшчэ разам жыла старэнькая бабуля. З розніцай у год у сям’і нарадзіліся Ала і Вацлаў. Праз тры гады на свет з’явіўся Віктар, а яшчэ праз восем — Алёна.

— Малодшую дачушку ледзь не ў кудзелі нарадзіла, — успамінала Францішка Станіславаўна. — Звеннявой па льне была, працавала да апошняга. Памятаю, натрапалі кудзелі, і я павезла ў Княгінін здаваць. Разгрузілі 4 машыны, назад вяртаемся — і роды пачаліся. У раддоме, акрамя сваёй Алёнкі, карміла грудным малаком двойню і яшчэ адну дзяўчынку, таксама Алёну. Яны цяпер з маёй дачкой у адной вёсцы жывуць. Нядаўна тая Алёнка прыязджала мяне праве­даць. Гадаваць дзетак было няпроста. Тады ж ніякіх водпускаў па іх доглядзе не было. Вазьму малых у поле, пасаджу на посцілку, а сама працую. А як цяжка было на ферме! Працавала падвозчыкам. Сянаж зімой тапаром з траншэі высякалі, у санях канём вазілі. Умела і каня запрэгчы, і сані парамантаваць. Будавалі з мужам дом — ва ўсім яму дапамагала. Каб людзі не смяяліся, што жанчына дах крые, апрану мужавы штаны, шапку, малаток у рукі — і за работу.

Лёс паслаў жанчыне шмат выпрабаванняў. Не склалася сямейнае жыццё ў аднаго з сыноў. Нявестка нарадзіла дзіця і адмовілася ад яго. І тады Францішка Станіславаўна забрала хлопчыка да сябе. Работнікі органаў апекі прапаноўвалі аформіць яго ў Дом малюткі, але бабуля адмовілася. Хутка ад цяжкай хваробы памёр муж, і яна адна з усім спраўлялася.

— Сярожка рос кемлівым, дапытлівым, — расказвала пра ўнука. — На вучобу ў пачатковыя класы за 5 кіламетраў я яго на кані вазіла. Падрос — купіла веласіпед. Добра вучыўся, паспяхова здаў тэсты і паступіў у Полацкі дзяржуніверсітэт, па размеркаванні прыехаў у райгаз Пастаўскага раёна. Праз пэўны час яго перавялі ў Глыбокае. Але не суджана было мне ім пацешыцца: жыццё Сяргея раптоўна абарвалася ў 27 гадоў. Пахавала і малодшага сына, які жыў у Маладзечне. Каб не праца і вера, напэўна, страціла б розум.

Калі жыла ў Мядзельскім раёне, найбліжэйшы касцёл быў у Валкалатах Докшыцкага раёна. Кожную нядзелю на Імшу за 9 кіламетраў ездзіла на кані або веласіпедзе. Цяпер зяць на машыне возіць у Паставы. Зімой Францішка Станіславаўна шмат вяжа. А з вясны да восені ў ідэальным парадку ўтрымлівае агарод: сама садзіць агародніну, даглядае яе. Робіць нарыхтоўкі на зіму.

— Праз два гады мне будзе 90, — гаварыла суразмоўца. — Але я іх не адчуваю. Што гэта за ўзрост! Тры разы па 30!

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
19 июля исполняется 70 лет бывшему начальнику Поставского райотдела милиции Ивану Аниськовичу
В саду Инны Бабчук зацвела белоснежная юкка и не только…
Цветок высотой с дерево растёт возле дома поставчанки Оксаны Гинько



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.