Мастерица из д.Гута Анна Павелкович талантлива во всём

Общество

Таленавітая ва ўсім

Каля аднаго многакватэрнага дома ў Гуце маю ўвагу прыцягнулі раскошныя кветнікі. Ля аднаго з іх завіхалася жанчына. Як было не заглянуць?

Знаёмімся. «З кветкамі клопатаў больш, чым з агароднінай, — заўважыла Ганна Павялковіч. — Але вельмі люблю іх, таму і не шкадую працы. Прыемна, калі цвітуць з ранняй вясны да позняй восені.

Ганна Пятроўна не адно дзесяцігоддзе адпрацавала ў мясцовай школе. Вучыла пачаткоўцаў, потым выкладала мову і літаратуру і нават матэматыку. А ў дадатак вяла маляванне, дамаводства, групу падоўжанага дня. Уяўляеце, колькі ўсяго трэба было ведаць і ўмець? Прызнаецца, што амаль кожны год ездзіла на курсы, каб удасканальваць свой прафесіяналізм, авалодваць новымі методыкамі.

Два гады таму настаўніца выйшла на пенсію і цалкам аддала сябе дамашнім справам. А іх, як і ў кожнай гаспадыні, шмат. Да таго ж у Пятроўны творчы склад розуму і залатыя рукі. Якіх толькі задум яна не ўвасабляе ў жыццё! Асабліва ўражваюць работы з бісеру. Яны неаднойчы выстаўляліся ў мясцовай школе і клубе, варапаеўскіх Доме культуры і бібліятэцы, у Доме рамёстваў у райцэнтры, на традыцыйных жнівеньскіх раённых нарадах педагогаў, святах дзяцінства ў Паставах, у Гора­дзе майстроў на міжнародным фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік».

Вось такую прыгажосць стварае Ганна Павялковіч

Але пра гэта я даведалася не ад самой майстрыхі, а ад былога дырэктара Гуцкай СШ Іны Касарэўскай. «Ганна Павялковіч — чалавек з вялікай літары, — расказвала яна. — Таленавітая ва ўсім. Ніколі не была абыякавай ні да прадметаў, якія выкладала, ні да вучняў. Знаходзіла нестандартныя рашэнні, матывавала дзяцей да вучобы. Не навязвала калегам сваёй думкі, але да яе заўсёды прыслухоўваліся. Была ў калектыве бясспрэчным лідарам. Уносіла мноства цікавых і карысных ідэй. Вялікі яе ўклад у афармленне інтэр’ера школы. Выставы работ Ганны Пятроўны прыцягвалі ўвагу кожнага. Многія, захапіўшыся ўбачаным, сталі спрабаваць свае сілы ў творчасці. Займаецца вышываннем, выцінанкай, бісерапляценнем. Расказала Іна Генадзьеўна і пра тое, што педагог піша добрыя вершы, сёлета прэзентавала іх у варапаеўскай бібліятэцы.

Паўтаруся, пра ўсё гэта я пачула не з вуснаў Ганны Павялковіч. Напэўна, нездарма кажуць, што сціпласць упрыгожвае чалавека. І вакол самой Ганны Пятроўны — прыгажосць, створаная яе ж рукамі. У прасторнай кватэры — інтэлігентная ўтульнасць, аздобленая карцінамі, арыгінальнымі вырабамі, пакаёвымі кветкамі. У двары — квітнеючы агародчык. На градках — разнастайная агародніна. Прычым гаспадыня ўпраўляецца не толькі на сваім агародзе, але і на суседскім. Суседзі шмат гадоў таму пакінулі Гуту і прыязджаюць у сваю кватэру раз у год. А хіба ў характары Пятроўны дапусціць такое, каб немалы лапік зямлі, які ім належыць, прыйшоў у запусценне? Вось і давялося пашырыць агароднае поле дзейнасці.

— Пасля таго як пакінула работу, жыццё пайшло ў іншым рытме, — гаварыла былая настаўніца. — Спачатку вельмі сумавала па школе, асабліва зімой. Але без справы не сяджу. Іншы раз вельмі стамляюся на градках, але, адпачываючы, усё роўна бяруся за бісерапляценне.

Мае Ганна Пятроўна і яшчэ ­адзін талент — кулінарны. У гэтым пераканаўся кожны, хто хоць аднойчы гасцяваў у яе. А галоўныя рысы характару жанчыны — сціпласць, справядлі­васць, спагаднасць. За ўсё гэта і паважаюць яе вяскоўцы.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Читайте также:
Установка видеонаблюдения на подъездах пятиэтажек: нужно ли платить абонентскую плату?
В состав районной профсоюзной организации работников агропромышленного комплекса входят 2900 человек
Без цветов — никак! Посмотрите, какая красота на даче семьи Колобовых в д. Загатье



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.