Молодёжи есть чему поучиться у Валентины Котович из ОАО «Знамя Победы-агро»

Сельское хозяйство

Больш чым па кілаграму прыбываюць у вазе за суткі некаторыя гадаванцы Валянціны Катовіч з ААТ «Сцяг Перамогі-агра».

Прапаную вам жанчыну для газетнага артыкула, — сказаў, патэлефанаваўшы, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзій Лютынскі. — У ААТ «Сцяг Перамогі-агра» малых цялят даглядае 67-гадовая Валянціна Катовіч. Маладым у яе толькі павучыцца.

Накіроўваюся ў Манькавічы. Пачатак дзясятай гадзіны. У загадчыцы фермы Раісы Мурзёнак цікаўлюся, дзе знайсці аператара.

Ля цялятак наша руплівіца! Дзе ж ёй яшчэ быць? — кажа загадчыца. — Сёння прывезлі з поля толькі народжаных, прывучае іх піць з вядра. З пяці гадзін на рабоце і пакуль не прысела. Такую работніцу, як наша Іванаўна, яшчэ пашукаць трэба. Вельмі адказная, таму і паказчыкі высокія.

Больш за 100 цялятак даглядае Валянціна Катовіч

Жанчына завіхалася ля боксаў, у якіх утрымліваецца маладняк. Правярала, ці дастаткова ў кармушках сена, у вёдрах — вады.

Шэсць гадоў у «яслях» працую, — жартам гаворыць пра ферму Валянціна Іванаўна. — Цяляткі, як малыя дзеці, адчуваюць увагу і клопат. З імі і складана, і цікава. На першы погляд, усе аднолькавыя і адрозніваюцца толькі колькасцю плямак набаку, а на самай справе ўсе розныя: адны ласкавыя, іншыя — дзікаватыя. З часам прывыкаюць да мяне, чакаюць, калі прынясу пойла, пачухаю за вухам, насыплю камбікорму.

Колькасць цялят у групе Валянціны Катовіч перыядычна мяняецца, але менш за 100 не бывае. Падгадаваных пераво­дзяць у групы адкорму, іх месцы запаўняюць нованароджанымі.

Прыбраць клеткі, зварыць пойла, напаіць малых, вымыць вёдры, раскласці сена — справа простая, — апавядала. — Складаней, калі жывёла захварэе. Зімой стараюся, каб у памяшканні было цёпла, не гулялі скразнякі. Калі б хто раней сказаў, што 25 гадоў адпрацую даяркай і яшчэ 6 аператарам па доглядзе цялят, не паверыла б.

Валянціна нарадзілася ў Самарскай вобласці Расіі. У маладосці лёс закінуў яе ў Шаркаўшчынскі раён. Затым перабралася на Пастаўшчыну. Спачатку жыла ў Свіранах, а потым пераехала да дачкі ў Юнькі, дапамагае гадаваць унукаў. Працаваць пайшла даяркай на манькавіцкую ферму.

Добрасумленнасць Іванаўны заўважылі адразу, — працягвала Раіса Мурзёнак. — А да цялятак у жанчыны асаблівая прыхіль­насць. Таму вельмі абрадаваліся, калі яна згадзілася даглядаць групу дарошчвання. Каб малыя раслі і прыбывалі ў вазе, недастаткова толькі добра карміць іх — яшчэ і любіць. У Іванаўны гэта атрымліваецца на 100%.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Большую помощь на уборке трав первого укоса дуниловичанам оказывают механизаторы молочного завода
Зеленая жатва. В ОАО «Новоселки-Лучай» растет запас кормов
Каждый день заместитель главного ветврача Дарья Мурзенок контролирует качество сенажной массы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.