Моя родина — мое вдохновение. Интервью с уроженкой Поставщины, поэтессой Вандой Мартинш душ Рейш

Общество

Мая радзіма – маё натхненне

Ванда Марцінш душ Рэйш нарадзілася ў вёсцы Муляры, што за некалькі кіламетраў ад граніцы з Літвой. У маладым узросце граніцу гэтую перасекла: спачатку жыла ў Вільні, пасля — у сталіцы Шатландыі Эдынбургу і на партугальскім востраве Мадэйра. Але і каля Атлантычнага акіяна, і каля Паўночнага мора, дзе праводзіла безліч часу, часта ўзгадвала дзяцінства, землякоў, Муляры. Больш за тое — пісала пра іх шчырыя, пранікнёныя вершы, якія сталі асновай для двух зборнікаў паэзіі.

Межаў з вясковым мінулым для яе не існуе. Яна ім ганарыцца і па ім сумуе. У гэтым і іншым наша таленавітая зямлячка прызналася ў інтэрв’ю, якое працягвае рэдакцыйны праект «Я нарадзіўся тут».

— Ванда Валянцінаўна, якімі былі Муляры ў вашым дзяцінстве?

— Я нарадзілася ў 1959 годзе — якраз у той час, калі, як у нас казалі, людзей зганялі з хутароў у вёску. І ўлетку любімым заняткам вясковай дзятвы былі «вандроўкі» па закінутых хутарскіх садах.

Вёска вырасла на маіх вачах. Яна была цэнтрам невялікага калгаса «Новае жыццё». Па нашай шашы хадзіла шмат аўтобусаў — у Паставы, Свянцяны, Відзы, Браслаў, Маладзечна… На жаль, цяпер у вёску заязджае толькі адзін аўтобус з Пастаў, і то не кожны дзень…

У бацькоўскай хаце

— Дзе вы атрымлівалі адукацыю?

— Спачатку хадзіла ў пачатковую школу, якая была ў нас у вёсцы. Яе яшчэ называлі малакамплектнай — там усе 4 класы займаліся ў адным вялікім пакоі. У пяты клас пайшла ў дзесяцігодку ў Камаях. Пасля скончыла Віцебскі педагагічны інстытут і атрымала спецыяльнасць настаўніцы пачатковых класаў з правам выкладаць беларускую мову. У 1980 годзе пераехала ў Вільню, дзе 3 гады працавала эканамістам на заводзе электравылічальнага абсталявання. Затым шчыравала настаўніцай пачатковых класаў у віленскай школе №13. Дарэчы, амаль у той жа калектыў вярнулася пасля 25 гадоў блукання па свеце і адпрацавала яшчэ 5 гадоў.

— А гэта «блуканне па свеце» — з чаго яно пачалося?

— У пачатку 90-х мой родны дзядзька запрасіў прыехаць да яго ў Шатландыю. Гэта быў брат таты, які са сталінскіх лагераў трапіў у Армію генерала Андэрса, у гады Другой сусветнай ваяваў у Італіі, штурмаваў Монтэ-Касіна, а пасля вайны асеў у Вялікабрытаніі.

Пасля амаль 10 гадоў жыцця ў Шатландыі выйшла замуж за партугальца з вострава Мадэйра, і мы сталі жыць на дзве краіны. Мне вельмі пашанцавала: Шатландыя і Мадэйра надзвычай прыгожыя, і людзі там вельмі гасцінныя. Гэтым мясцінам таксама прысвяціла вельмі шмат сваіх вершаў.

— Ці даўно вы іх пішаце?

— Пісаць вершы пачала рана, напэўна, яшчэ ў пачатковай школе. Але з-за сціпласці нікому іх не паказвала. Яшчэ я заўсёды была патрабавальнай да сябе. Планку трымала вельмі высока: параўноўвала свае вершы толькі з тымі, што пісалі класікі. І калі мая творчасць не вытрымлівала гэтага параўнання, у адчаі знішчала ўсё напісанае.

Вершы заўжды пісала «ў стол». Мне пашанцавала, што мяне пазнаёмілі з паэтам Алегам Мінкіным і той захапіўся маёй творчасцю. Ён і стаў маім строгім, але справядлівым настаўнікам і рэдактарам абедзвюх кніжак.

— Раскажыце крыху пра іх.

— Першы зборнік вершаў «Плод авакада» ўбачыў свет у 2019 го­дзе. Другая кніга — «Мора мары» — выйшла ў мінскім выдавецтве «Кнігазбор» у пачатку красавіка 2020 года, якраз у разгар пандэміі. Хутка пасля гэтага ў нас забаранілі ўсе масавыя мерапрыемствы, і прэзентацыі другой кнігі ўсё яшчэ не было.

— Ці была магчымасць пачытаць свае вершы пастаўчанам?

— Так, у 2019 годзе мяне запрасілі на фестываль «Звіняць цымбалы і гармонік», у рамках якога праводзілася літаратурная сустрэча. І мне вельмі спадабалася творчасць пастаўскіх паэтаў.

— Усе вершы ў кнігах напісаны на прыгожай, сакавітай беларускай мове. Хто ёй навучыў?

— Асаблівая заслуга ў маёй зацікаўленасці літаратурай належыць настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Чарнюк Ірыне Канстанцінаўне. А ўвогуле родную мову чула з ранняга дзяцінства — дома размаўлялі менавіта на ёй, хоць і па-вясковаму. Бацька, Ожаль Валянцін Мацвеевіч, дасканала валодаў вобразнай дыялектнай мовай. Яго лічу ў жыцці сваім галоўным настаўнікам. Ён ніколі не пакрыўдзіў не тое каб чалавека, а наогул ніводнай жывой істоты. Беларуская мова для мяне дагэтуль мае менавіта голас бацькі.

Да мамы часта прыходзілі яе бацькі і браты, і тады ў хаце гучала літоўская мова, а нярэдка і песня. Сябры ж да школы былі ў мяне выключна польскамоўныя — з імі размаўляла па-польску. Напэўна, таму заўсёды адчувала сябе так камфортна ў шматнацыянальнай Вільні.

— Упэўненая, што вы не толькі шмат пішаце, але і чытаеце. Раскажыце пра свае любімыя кнігі.

— У асноўным чытаю літаратуру той краіны, мову якой вывучаю. Так, у Шатландыі гадоў 10 чытала кнігі англамоўных аўтараў. Вельмі люблю Конрада, Вулф, Уайльда… Потым былі 10 гадоў, калі чытала амаль выключна партугальцаў. З іх самы любімы — Жазэ Сарамагу. Калі пачала вывучаць іспанскую мову, захапілася іспанамоўнымі аўтарамі. Цяпер чытаю літоўцаў. Адкрыла для сябе шмат цудоўных аўтараў і іх творчасцю пачала дзяліцца з чытачамі: завяла ў «Фэйсбуку» старонку «Слова-песня віленскага краю». Так пачала перакла­даць паэзію з літоўскай мовы на беларускую. Шмат чытаю сучасных беларускіх аўтараў, слухаю аўдыязапісы.

Амаль што палова маіх вершаў прысвечана роднай вёсцы, яе прыродзе і людзям. Нават тая цяжкая і нудная праца, якую недалюблівала тады, цяпер, праз смугу гадоў і настальгію, выклікае замілаванне.

— Чым захапляецеся, акрамя літаратуры?

— Дызайнам адзення і ўпрыгожванняў. Доўгі час марыла ра­біць гэта прафесійна, але і тут перашкодзіла залішняя сціпласць — так і не данесла «партфоліа» са сваімі вырабамі да эдынбургскага ўніверсітэта, пры якім быў каледж мастацтва і рамёстваў. Яшчэ вельмі люблю падарожнічаць. Для мяне важна паглыбіцца ў жыццё краіны і зразумець людзей. Калісьці хацела наведаць усе былыя калоніі Партугаліі, потым марыла які год пажыць у Лацінскай Амерыцы. Хто ведае, можа, калі-небудзь і зраблю гэта.

— Што для вас значыць малая радзіма?

— Гэта невычэрпная крыніца натхнення. Амаль што палова маіх вершаў прысвечана роднай вёсцы, яе прыродзе і людзям. Нават тая цяжкая і нудная праца, якую недалюблівала тады, цяпер, праз смугу гадоў і настальгію, выклікае замілаванне.

Бацькоў ужо няма ў жывых, толькі помнікі на камайскіх могілках. Родная хата яшчэ стаіць. Пашанцавала з суседзямі: і вакол вуглоў абкосяць, і прыгледзяць. Самой з-за пандэміі прыяз­джаць не атрымліваецца. Спа­дзяюся, сітуацыя палепшыцца. Хачу бываць на радзіме часцей, знайсці сваіх школьных сяброў, а таксама бліжэй пазнаёміцца з літаратарамі і краязнаўцамі Пастаўшчыны.

— Падзяліцеся творчымі планамі.

— Да нядаўняга часу жыла і працавала ў Вільні — выкладала англійскую, іспанскую, партугальскую мовы (па апошняй спецыялістаў у Літве адзінкі). Аднак з пачаткам каранціну зразумела, што рабіць гэта можна і се­дзячы дома, а таму пераехала ва ўласны дом за 60 кіламетраў ад літоўскай сталіцы. Урокаў узяла няшмат. Астатні час чытаю, пішу і перакладаю. Гэтым і буду займацца далей.

Часта ўдзельнічаю ў імпрэзах, буйных фестывалях, на якія мяне запрашаюць літоўскія літаратары. Чытаю не толькі свае вершы, але і пераклады. Лічу, што гэта вельмі важны аспект маёй дзейнасці — будаваць масткі паміж двума суседнімі народамі і іх культурамі. Буду намагацца, каб беларускі голас быў больш чутны ў паэтычным жыцці Літвы.

Іна Сняжкова
Фота з архіва Ванды Марцінш душ Рэйш



Ванда Марцінш душ Рэйш 

Наша хата

Гэта — нашая хата,
Прывязаная на палосцы,
Старой каровай рагатай
Пасецца з сяброўкамі ў вёсцы.

Сям-там адляцела замазка —
Зеўраюць вокны, як раны,
Свежай жалобнай павязкай
Чарнее гарод заараны.

Поўняцца сенцы смуткам —
Сняць малалетняга бацьку,
Які схаваўся ў закутку,
Калі забіралі дзядзьку.

З болем глядзела хата,
Як працаваў звышурочна
Абеззямелены тата
За працадзень аброчны.

Сціхлі «Zdrowas Maryje».
Вочы не цешыць квецень.
Паўміралі старыя.
Збеглі ў горад дзеці.

Выцвілі, пэнкнулі бровы,
І па начах здаецца:
Разам з аблупленай фарбай
Сыплецца з хаты сэрца.

Роднай вёсцы

Крывіначка я, пастаўчаначка,
Хвойка гонкая ў сасняку,
У зацішак схілюся да долу,
Паківаю галлём земляку.

Мой зямляк муры не муруе:
Хлебаробы тут, плугары,
Ды ад прадзедаў засталася
Назва даўняя — Муляры.

Ледзьве толькі свой спеў вясновы
Сыране над абшарам жаўрук,
Зноў страчае палетак вясковы
Мітульгу няўрымслівых рук.

На палях, і на лузе, і ў хаце,
У кастрычніцкай баразне
Да нялёгкай сялянскай працы
Далучала матуля мяне.

Лёс не цешыў дарогай язджалай:
Дзе пагорачкі, дзе яры…
Чуеш, дзякуй за моцны падмурак,
Вёска родная, Муляры!

Галасы дзяцінства

Спеў чароўны глінянай свістулькі,
Гул забытых дзіцячых прыгод,
І “кальбекалі” штосьці бабулькі
Па-літоўску тады ля варот.

На памежжы прытуленых вёсак
Хаты думна пасталі ў рад,
І вялі жыхары шматгалоса
На вяселлях па-польску “stolat”.

Упершыню беларускую школу
Бачыў свет ля Камайкі-ракі —
І “зашпарылі” дзеці па сёлах
Складна так — слупянелі бацькі.

У люстэрка былога глядзімся,
Як сціскае нам сэрца нуда,
І не ведаю я, ці дзяцінства,
Ці таго шматгалосся шкада?

Гадуценская парафія

За нашай вёскай дрот і брэх сабак службовых.
Тут, стаўшы на дыбкі, спынілася шаша,
Калі крывым рубцом уздоўж чыгункі
Пралегла праз парафію мяжа.

І доўгі час, нядзеля пры нядзелі,
Пачуўшы з далечы касцёльны звон,
Хто пад мастом, хто нацянькі па шпалах,
Паўзлі жанкі жагнацца “за кардон”.

Прайшлі гады… Жанкі знайшлі спачынак
Ад клопатаў у могілак цішы.
Пазарасталі сцежкі, і былое
Растала, як вясною ледзяшы.

Зіма дзяцінства

Мінуў занадта цёплы грудзень,
І стаў вазок на палазы:
Прынёс адказна змрочны студзень
Належны снег і маразы.

Страляюць гучна дровы ў печы —
Пякуцца пульхныя бліны.
Цяля прыносяць у запечак
І ставяць кросны да вясны.

Утульна серабрыцца свечкай
На вокнах высвечаны сад.
І ёсць бацькі… І часу рэчка
Праз даль гадоў цячэ назад.

Даруй, зіма!

Даруй, зіма, за здраду без прычыны!
Даўно цяпе зраклася і сама,
Змяніла быт і снегапад айчынны.
Даруй, зіма! Ты мне даруй, зіма!

Нам за мяжой чагосьці не хапае —
Там лету процілегласці няма.
Без халадоў і спёка не кранае.
Даруй зіма! Ты мне даруй, зіма!

Шукаем, што не кожны атрымае,
Няволіць ганарлівасць, як турма,
Ды новы снег заўсёды назад чакае.
Даруй, зіма! Ты мне даруй, зіма!

Нам родных ніў не варта выракацца,
Абраны час і месца нездарма,
Чакаюць тут спакой і плён у працы.
Даруй, зіма! Ты мне даруй, зіма!



Читайте также:
1 июля к работе в ОАО «Поставымебель» приступил студотряд «Молодежный»
В библиотеке прошла вечеринка под названием «Родительский дом, его порог нам стал началом всех дорог»
Мастер по народному костюму Поставского Дома ремесел Кристина Бресская — творческая личность



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.