С 5 июля в «Озерках» работает детский экологический лагерь «Следопыт»

Образование

Вучаць берагчы прыроду на прыродзе

5 ліпеня на тэрыторыі спартыўна-турыстычнага комплексу «Азёркі» разгарнуўся дзіцячы экалагічны лагер «Следапыт», які аб’яднаў 28 школьнікаў ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў з усіх агульнаадукацыйных устаноў горада.

Гэта другі па ліку экалагічны лагер у нашым раёне. Першы, пробны, арганізавалі летась, дзякуючы работніку аддзела спорту і турызму райвыканкама Алесі Гіль і гуманітарнаму праекту па развіцці экалагічнага выхавання дзяцей на Пастаўшчыне. У рамках праекта перад летнімі канікуламі настаўнікам школ прапанавалі прайсці на ФАКу навучанне па амерыканскай праграме «Экалоджык». Адгукнуліся многія. Але, даведаўшыся, што працаваць у лагеры давядзецца ў свой водпуск, засталіся адзінкі, якім тэма экалогіі была па-сапраўднаму цікавай. Сёлета яны вырашылі прадоўжыць работу ў дадзеным кірунку і звярнуліся з ініцыятывай у аддзел па адукацыі раённага выканаўчага камітэта. Там яе падтрымалі.

Такімі энтузіястамі з’яўляюцца начальнік «Следапыта», настаўніца пачатковых класаў СШ №2 Наталля Сіманька, яе калега Святлана Паламарчук, выкладчыкі біялогіі з другой і першай школ Іна Гутар і Вікторыя Рубан, а таксама педагог РЦДМ Ула­дзімір Кароль. Кожны з іх адказвае ў лагеры за пэўны напрамак — экалагічны, біялагічны, эстэтычны і спартыўна-турыстычны.

«Следапытаўцы» вучацца вызначаць калодзежную, азёрную і пітную ваду

Што да распарадку дня, то штодзень, акрамя нядзелі, у 9.00 дзяцей прывозіць у Азёркі школьны аўтобус СШ №2 (ён жа ў 15 гадзін адвозіць іх дамоў). Спачатку навучэнцы збіраюцца на лінейку, на якой звычайна падводзяць вынікі папярэдняга дня. Затым ідуць снедаць. Пасля чаго педагогі праводзяць з імі розныя мерапрыемствы эколага-біялагічнага характару: дыспуты, лікбезы, гульні, практычныя заняткі і інш. Пасля абеду — спартыўна-турыстычныя мерапрыемствы: турніры па футболе і валейболе, спартландыі, трыятлон на веласіпедах, пераадоленне вяровачнага гарадка, пакарэнне скаладрома, спуск на тросе над возерам, арыентаванне на мясцовасці. У апошні дзень змены, якая прадоўжыцца 18 дзён, будзе гульня ў лазертаг. Таксама ў праграме лагера веламарафон па мясцінах, звязаных з пісьменнікам-земляком Уладзімірам Дубоўкам, наведванне гадавальніка лясгаса, паездка на Браслаўскія азёры, купанне на возеры Дубок.

— Паколькі наш лагер экалагічны, большасць мерапрыемстваў накіраваныя на тое, каб прымусіць дзяцей задумацца пра неабходнасць клапаціцца пра прыроду, — гаварыла Наталля Сіманька. — Мы расказваем ім пра шкоду, якую наносяць кінутыя на зямлю батарэйкі і пластык, пра тое, чаму трэба берагчы ваду і як гэта рабіць. Знаёмім з асноўнымі экалагічнымі законамі і мэтамі ўстойлівага развіцця, маркіроўкай прадуктаў і экалагічнымі знакамі на ўпакоўках з імі. І ўсё ў нязмушанай форме — у выглядзе гульняў, гутарак, цікавых практычных заняткаў. У прыватнасці, праводзілі вопыты з вадой, вызначаючы, дзе калодзежная, азёрная і пітная, разлічвалі свой экалагічны след на зямлі і шукалі спосабы яго зменшыць. Даём і практычныя навыкі выжывання ў лесе: вучым арыентавацца ў ім, распаль­ваць вогнішча, здабываць пітную ваду.

Усё гэта школьнікам вельмі падабаецца. Яны з задавальненнем наведваюць лагер, з апетытам ядуць стравы з дымком. Іх па-майстэрску гатуе на вогнішчы повар СШ №3 Таццяна Врублеўская, якой дапамагае Валянціна Захарэвіч з СШ №2. Таксама ў лагеры пастаянна дзяжурыць медработнік — фельчар педыятрычнага аддзялення паліклінікі ЦРБ Жанна Дунец, якая сочыць за якасцю харчавання і выкананнем санітарных норм.

Расказваючы пра «Следапыт», Наталля Мікалаеўна і іншыя педагогі акцэнтавалі ўвагу на тым, што, акрамя экалагічных ведаў і турыстычных навыкаў, лагер развівае ў дзяцей лідарскія якасці, аратарскае майстэрства, вучыць іх працаваць у камандзе, не баяцца выказваць сваё меркаванне. А гэта таксама вельмі важна.

Алена Шапавалава. Фота аўтара і Іны Гутар



Читайте также:
Учащаяся СШ №4 Дарья Катович приняла участие в образовательной смене в Национальном детском технопарке
В средних школах №1, 3 и гимназии работают лагеря труда и отдыха
115 юношей и девушек стали выпускниками Поставского государственного колледжа



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.