С начала года киберпреступники украли у жителей Поставского района почти 16 тыс. рублей

Безопасность Важное

Нельга быць наіўнымі

За трывожнымі навінамі пра каранавірус, якія прыходзяць з розных краін свету, мы крыху забылі пра яшчэ адну бяду — кіберзлачыннасць. А між тым махляры не дрэмлюць. З пачатку года на Пастаўшчыне здзейснена 31 злачынства ў сферы высокіх тэхналогій, нанесены грамадзянам урон складае амаль 16 тысяч рублёў.

— Пераважная большасць кіберзлачынстваў — гэта кра­дзяжы шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі, — расказвае старшы опер­упаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Дзмітрый Кузьміч. — Як правіла, грамадзяне самі паведамляюць махлярам рэквізіты сваіх банкаўскіх карт. Толькі ў двух выпадках злачынцы ўзламалі акаўнты пастаўчан у сацыяльных сетках. Тры чалавекі згубілі карты або іх укралі, пасля чаго і былі знятыя грошы.

Схемы, па якіх дзейнічаюць махляры, не новыя. У асноўным яны тэлефануюць на мабільныя будучых ахвяр, прадстаўляюцца работнікамі банка, заяўляюць, што нехта спрабуе ўкрасці ў абанента грошы з рахунка, і, каб гэтага не здарылася, просяць паведаміць рэквізіты карт. І лю­дзі вераць злачынцам, бо яны звяртаюцца да іх па імені, імітуюць рабочую абстаноўку ў банку: чалавек чуе ў трубцы, як нешта друкуецца на прынтары, хтосьці паралельна размаўляе па тэлефоне. Больш за тое, паведамляюць рэквізіты карт сваіх блізкіх — мужоў, жонак, дзяцей. І тыя таксама пазбаўляюцца грошай.

Яшчэ адзін варыянт схемы — званок «з банка» з прапановай устанавіць на тэлефоне спецыяльны мабільны дадатак, які быццам бы дапамагае пазбегнуць крадзяжу грашовых сродкаў. Пры гэтым злачынцы скідваюць спасылку на дадатак аддаленага доступу, прызначаны для кіравання рознымі аперацыямі на адлегласці. Людзі спампоўваюць яго, паведамляюць махляру ўведзеныя пры ўстаноўцы лагін і пароль — і той атрымлівае доступ да ўсіх дадаткаў на тэлефоне, у тым ліку да інтэрнэт-банкінгу.

— Наіўнасць і даверлівасць нашых людзей уражваюць, — гаворыць Дзмітрый Кузьміч. — Нядаўна быў такі выпадак. Жанчыне патэлефанавалі ў Viber, прадставіўшыся супрацоўнікам службы бяспекі банка, чаму яна паверыла. А між тым усюды гаворыцца і пішацца, што банкаўскія работнікі не выкарыстоўваюць пры званках кліентам месенджары. Той, хто званіў, паведаміў грамадзянцы: махляры спрабуюць украсці ў яе грошы, і, каб іх захаваць, трэба аформіць крэдыт. Абсурднасць гэтай сітуацыі таксама не насцярожыла жанчыну. Яна пайшла ў банк і зрабіла так, як ёй сказалі. А затым прадыктавала махляру рэквізіты карты, на якую паступілі грошы. У выніку страціла 5 тысяч беларускіх рублёў.

Бадай, адзіным спосабам прафілактыкі кіберзлачынстваў з’яўляецца пастаянная растлумачальная работа з насельніцтвам. На гэта звярнуў увагу і пракурор раёна Аляксандр Козіч на нядаўнім пасяджэнні райвыканкама, дзе разглядалася ў тым ліку дадзенае пытанне. Ён нагадаў: у адпаведнасці з прынятым на Пастаўшчыне Комплексным планам па прафілактыцы правапарушэнняў на тэрыторыі раёна, у грамадскіх месцах павінна быць размешчана інфармацыя, накіраваная на папярэджанне розных відаў крадзяжоў. Але падчас праверкі пракурорскія работнікі не знайшлі яе ні на прыпынках грамадскага транспарту, ні ў магазінах, за выключэннем універмага «Амега», ні ў аддзяленнях Беларусбанка і Пріорбанка, якія самыя першыя павінны быць зацікаўленыя ў захаванасці грошай сваіх кліентаў.

Быў кінуты камень і ў агарод аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, адкуль прафілактычныя буклеты і лістоўкі для распаўсюджання сярод насельніцтва паступалі ў сельскія Саветы толькі ў перыяд правядзення акцыі «Дэкада кібербяспекі». Пры гэтым, па словах Д. Кузьміча, такую інфармацыю яны пастаянна змяшчаюць у розных Telegram-каналах і на жыроўках, рэгулярна выступаюць у працоўных калектывах і навучальных установах. Напрыклад, падчас названай дэкады, якая доўжылася з 10 па 20 мая, было 39 выступленняў на прадпрыемствах і ў арганізацыях і больш за 15 — у школах. Зараз супрацоўнікі міліцыі «выходзяць у народ» 3-4 разы на месяц.

— Дзякуючы актыўнай прафілактычнай рабоце, грамадзяне пакрыху пачынаюць абдумваць свае дзеянні, калі ім паступае такі званок, звяр­таць увагу на нумар абанента — а ў нашым выпадку тэлефануюць у асноўным з-за мяжы, — зазначае мой суразмоўца. — Таму зараз колькасць кібер­злачынстваў стала зніжацца. Калі ў першым квартале пацярпелыя прыходзілі ў аддзел амаль штодзень, цяпер — раз на тыдзень-паўтара.

Станоўчая тэндэнцыя намецілася. Ці зможам яе захаваць?

Алена Шапавалава



Читайте также:
Электрическая вытяжка на кухне — в чём опасность? Мнение газовщика
На Поставщине проходит очередной этап по уничтожению непригодных пестицидов
От «административки» до «уголовки» рукой подать. Правила размещения уличной рекламы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.