Средняя урожайность озимого рапса в ОАО «Камайский-агро» — 20,7 центнера с гектара

Сельское хозяйство

Радуе камайцаў азімы рапс

Сярэдняя ўраджайнасць – 20,7 цэнтнера з гектара

Рапсавае поле каля Ёдаўцаў займае 120 гектараў. Сюды ў сераду пасля абеду сталі з’язджацца камбайны. Да гэтага адны ўбіралі ў Каралінове, іншыя — у Свіранах. Першым прыехаў Аляксей Яркоўскі. Хлопец на жніве трэці сезон. Сёлета атрымаў новае «Палессе».

— Да гэтага таксама працаваў на «Палессі», — расказваў. — Яму было 10 гадоў. Новы камбайн больш дасканалы, камфортны.

Аляксей закончыў Пас­таўскі дзяржаўны каледж і ўлад­каваўся ў ААТ «Камайскі-агра». Шчыруе на розных работах і кожную лічыць важнай і адказнай. Па любым пытанні можа параіцца з бацькам. У гэтыя дні абодва Яркоўскія занятыя на жніве. У сераду Яркоўскі-старэйшы ўбіраў пшаніцу за Мулярамі.

Галоўны аграном Аксана Касенка з маладым камбайнерам Аляксеем Яркоўскім

— Большасць камбайнераў на жніве не па адным дзясятку гадоў, — расказваў галоўны інжынер ААТ «Камайскі-агра» Дзмі­трый Вайцякян. — Напрыклад, Мікалай Махонь на камбайне працуе з 1983-га. Атрымлівае льготную пенсію, але мы радыя, што прадаўжае працаваць. У гэтым годзе яму даверылі новае «Палессе». Любая тэхніка падуладная Уладзіміру Карыцьку, для якога сёлетняе жніво 30-е па ліку. Толькі самае добрае магу сказаць пра Іосіфа Гайлюна. Ва ўраджайныя гады кожны з іх дабіваўся высокіх намалотаў.

— А па колькі ўжо сёлета намалацілі? — пытаюся.

— Па ўласных падліках, тон па 200 маем, — адказалі. — Раней нам разам з абедамі прывозілі лісткі, у якіх адлюстроўвалася наша штодзённая работа. Цяпер гэтага няма. А цікава было б ведаць, што зрабіў і колькі зарабіў. Чакаем «Пастаўскага краю» з вынікамі работы камбайнераў, вадзіцеляў з усяго раёна. З камайцаў сёлета наўрад хто трапіць у перадавікі.

Камбайнерам Мікалаю Махоню і Уладзіміру Карыцьку ёсць што абмеркаваць з галоўным інжынерам Дзмітрыем Вайцякянам

— Ураджаю не паспрыяла надвор’е: калі наліваўся колас — засушыла, — уступае ў размову галоўны аграном гаспадаркі Аксана Касенка. — Глянеш на поле — пшаніца чыстая і густая, а возьмеш у рукі колас — паўпусты. Хоць і ўносілі ўдабрэнні, «хімічылі», а жаданага выніку не дасягнулі.

Затое азімы рапс на камайскіх палях урадзіў добра. Гэта культура займала 812 гектараў. Убралі 700. З кожнага выйшла па 21,6 цэнтнера. Намалацілі 1 500 тон. Выканалі дзяржзаказ — на хлебапрыёмнае прадпрыемства адправілі 170 тон. Лішкі пойдуць на продаж. Сёлета за 1 тону рапсу прапануюць 1 500 рублёў.

У чаканні загрузкі машын вадзіцелі Міхаіл Шылько, Лявонцій Літвіновіч і Мустаф Радкевіч

Аксана — лынтупчанка. Закончыла Лужаснянскі аграрны каледж. Працавала аграномам у «Блакітных азёрах», «Янавіцы-­агра». Мінулай восенню перайшла ў «Камайскі». Усяго ў гаспадарцы 21 тысяча гектараў зямлі, 9,3 тысячы з іх — ворыўныя. Аб’ём работы вялікі. Галоўны аграном вывучае структуру палёў, людзей, якія на іх працуюць. Бачна, што за кароткі перыяд заслужыла павагу з боку механізатараў.

Камбайны ўрэзаліся ў палетак з азімым рапсам, а вадзіцелі чакалі загрузкі. Сярод іх Мустаф Радкевіч, які ў мінулыя гады быў сярод першых тысячнікаў раёна. Сёлета на такі поспех не разлічвае. Лявонцій Літвіновіч і Міхаіл Шылько на жніве навічкі. Першы ў гаспадарку ўладкаваўся мінулагодняй вясной і ўзяўся за аднаўленне МАЗа, у якога былі толькі кабіна, рама і кузаў. Запусціў яго за чатыры месяцы. Развозіў кармы па фермах, транспартаваў з вагонаў удабрэнні. Цяпер рупіцца на жніве. Міхаіл доўгі час працаваў на кармавозе на свінагадоўчым комплексе. А калі яго закрылі, перайшоў у мехмайстэрні.

З рапсавага поля сігнал пра поўны бункер падаў Васілій Чабуранаў. Ён камандзіраваны з малочнага завода і на камбайне New Holland дапамагае камайцам на ўборцы. Вадзіцелі занялі месцы ў кабінах МАЗаў.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Стартовали! Хлеборобы Поставщины начали уборку зерновых
30-я жатва Андрея Галимского: «Сбор урожая никогда легким не бывает, но трудности не пугают»
Аномальная засуха «подрезала» лён. В Поставском районе мониторят посевы льна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.