У хлеборобов Поставщины началась горячая пора: зажинки в ОАО «Знамя Победы-агро»

Важное Сельское хозяйство

А сёння ў нас зажыначкі, не спіце вы, мужчыначкі

Гэтыя словы са жніўнай песні гучалі ў мінулую пятніцу над жытнім полем уздоўж 11-кіламетроўкі за Манькавічамі, якое належыць ААТ «Сцяг Перамогі-агра».

Першым сюды на «Лідзе» прыехаў Сяргей Дварко, за ім урэзаўся ў збажыну Віктар Чыпко. Камбайны прайшлі адзін за адным некалькі разоў — і ўтварылася імправізаваная сцэна для ўдзельніц народнага жаночага клуба «Юнчанка» і работнікаў Юнькаўскага сельскага Дома культуры на чале з яго загадчыцай Алёнай Грыбко. У прыгожых сцэнічных касцюмах, з баянам і добрым настроем яны завіталі сюды, каб павіншаваць хлебаробаў з пачаткам самай адказнай пары ў сельскагаспадарчым календары — жніва.

Камбайнеры Сяргей Дварко, Віктар Чыпко, Мікалай Карасік і вадзіцель Віктар Жук

Машыны, што праязджалі па трасе, сігналамі віталі самадзейных артыстаў і ўдзельнікаў жніва. А да іх далучыліся галоўны аграном гаспадаркі Марына Гваздзеўская і яшчэ адзін камбайнер Мікалай Карасік, вадзіцелі Віктар Жук і Максім Камянецкі. Апошні камандзіраваны на дапамогу з малочнага завода. Пранікнёнымі вершаванымі радкамі прывітаў усіх Валерый Жук’ян. Расцягнула мяхі баяна Карына Волкава, і палілася жніўная песня ў выкананні Алёны Грыбко, Таццяны Кустры, Марыны Касцюк, Ірыны Васкрасенскай і Ганны Сарокі. Затым Ганна Антонаўна, як адна з найстарэйшых удзельніц клуба, старажытнай ручной прыладай для жніва — сярпом — зжала першы сноп. Упрыгожыўшы чырвонай стужкай, уручыла яго самаму вопытнаму камбайнеру — Віктару Чыпко. Для механізатара сёлетняе жніво 25-е па ліку. На кожным стараўся не марудзіць, як мага больш намалаціць. Былі і плённыя гады, і не вельмі, бо ўраджайнасць, як вядома, залежыць не толькі ад руплівасці хлебаробаў, але і ад надвор’я. Сёлета з-за засухі колас не радуе, таму з яшчэ большай беражлівасцю камбайнеры ўбіраюць вырашчанае. Рупяцца мясцовы Віктар Граблеўскі і Андрэй Сакалоўскі на New Holland з малочнага завода. У кожнага работа спорыцца.

Галоўны аграном ААТ «Сцяг Перамогі-агра» Марына Гваздзеўская

Зерневыя і зернебабовыя ў ААТ «Сцяг Перамогі-агра» займалі 1 839 гектараў. На 22% плошчы яны ўбраны.

З сям’і патомных хлебаробаў Сяргей Дварко. «Камбайнерам быў дзед, аграномам — бацька, — расказваў Сяргей. — Мяне з дзяцінства цягнула да тэхнікі. Не адно жніво працаваў памочнікам камбайнера. Восьмы сезон убіраю самастойна. Мая асноўная работа — на аграбудпрадпрыемстве «Рассвет Пастаўскі». А на перыяд жніва з экскаватара перасядаю на камбайн. У мінулыя гады працаваў на груздаўскіх палях. Сёлета, калі гэта аддзяленне далучылі да «Сцяга Перамогі», аб’ём работы павялічыўся. Юнькаўскія прасторы таксама добра ведаю, бо мае карані з Савіч».

На імправізаванай сцэне — удзельніцы жаночага клуба «Юнчанка»

Збожжа з поля на зернясклад у Юньках дастаўляюць вадзіцелі Віктар Жук, Юрый Квач, Максім Камянецкі. Услед за камбайнамі падбірае салому Сяргей Кавальскі. Да ворыва глебы пад азімыя прыступіў Сяргей Шчарбакоў.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
30-я жатва Андрея Галимского: «Сбор урожая никогда легким не бывает, но трудности не пугают»
Аномальная засуха «подрезала» лён. В Поставском районе мониторят посевы льна
Средняя урожайность озимого рапса в ОАО «Камайский-агро» — 20,7 центнера с гектара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.