В Беларуси снова до +33! Рассказываем, как поставчане переносят это горячее время

Безопасность Главное

Знемагаюць людзі і прырода

Ну і лета! Слупок тэрмометра падымаецца ўсё вышэй і вышэй. «Такой працяглай спёкі, як сёлетняя, у нас, наўрад ці прыпомняць нават старажылы», — пачынаю размову з начальнікам Лынтупскай метэастанцыі Людмілай Літвіновіч. Аднак метэаролаг сцвярджае, што вельмі гарачае лета выдавалася і ў некаторыя гады раней. І нават у верасні было +30. Што да цяперашняга, то сярэднясутачная тэмпература паветра перавышае норму на 7-8 градусаў.

Найвышэйшая тэмпература – 33,6 – зафіксавана на метэастанцыі 23 чэрвеня.

У ліпені рэкорд прыпаў на 11 чысло, калі слупок тэрмометра падняўся да адзнакі 31,2. У другой дэкадзе месяца сярэднясутачная тэмпература перавышае норму на 6 градусаў (норма 17-18 градусаў).

Што да ападкаў, то ў маі іх выпала тры месячныя нормы, а ў чэрвені-ліпені — вялікі недабор.

А працаваць трэба

Надвор’е выпрабоўвае. Смяг­нуць ад спёкі і недахопу вільгаці раслінкі, пакутуе жывёла, знемагаюць людзі. Асабліва цяжка ў сельскай гаспадарцы, дзе ўсе работы тэрміновыя і ні адну не адкладзеш на потым. А хіба лягчэй будаўнікам, дарожнікам, чыгуначнікам, людзям іншых прафесій, хто працуе пад адкрытым небам? У некаторых калектывах або падраздзяленнях з-за спёкі зменены графікі. Напрыклад, ва УП ЖКГ на станцыі сартавання другаснай сыравіны рабочы дзень зараз з 5 гадзін. У 6 гадзін пачынаюць яго тыя, хто займаецца добраўпарадкаваннем. Акрамя таго, усім, хто працуе на адкрытым паветры ва ўмовах павышанага тэмпературнага рэжыму, даплачваецца 10% тарыфнай стаўкі.

Піць, каб жыць

Міністэрства аховы здароўя Беларусі агучыла такую статыстыку: з 21 чэрвеня і на пазаўчарашні дзень ва ўстановы аховы здароўя краіны звярнуліся 208 чалавек, якія атрымалі цеплавыя ўдары, з іх 68 — дзеці. 54 чалавекі шпіталізаваны. Радуе, што ў нашым раёне такія факты адсутнічаюць. Медыкі рэкамендуюць у спёку шмат піць, каб папаўняць страчаную вадкасць, бо абязводжванне прыводзіць да сур’ёзных праблем са здароўем. Найлепш ужываць звычайную ваду: арганізм не траціць часу на яе ачыстку і перапрацоўку. А вось многія ахаладжальныя і асвяжальныя напіткі яшчэ мацней абязводжваюць. Непажадана ўжываць алкаголь (ён выводзіць з арганізма вадкасць), а таксама чай і каву. Калі ўсё ж такі нясцерпна хочацца гэтых напіткаў, то пасля кубка кавы ці чаю абавязкова трэба выпіць два кубкі вады.

І дрэўцы смягнуць

Ці ведаеце вы, колькі сёлетняй вясной на Пастаўшчыне паса­джана маладых дрэўцаў? Не назаву дакладна, але мяркую, што лік ідзе на сотні. Праводзіліся суботнікі, іншыя акцыі, азелянялася тэрыторыя ля шматпавярховых жылых новабудоўляў і ўздоўж новай вуліцы на выез­дзе з райцэнтра у бок Дварчан, а таксама ў сельскай мясцовасці. І гэтыя дрэўцы таксама смягнуць ад недахопу вільгаці. Але ў нашых сілах не даць ім загінуць.

Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя звярнулася да старшынь сельскіх Саветаў, кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, грамадзян з просьбай арганізаваць паліў маладых насаджэнняў. І не варта мару­дзіць з гэтым, каб не спазніцца…

Вабяць рэкі і азёры

І даюць паратунак ад спёкі. Асабліва шматлюдна на вадаёмах у выхадныя дні і па вечарах. Аднак пайшла пагалоска, што нельга купацца на возеры Задзеўскае, нібыта ў вадзе выяўлены цэркарыі. Гэта не так. Загадчыца санітарна-эпідэміялагічнага аддзела райЦГЭ Людміла Сафронава патлумачыла: «Мы пастаянна трымаем на кантролі якасць вады ў месцах масавага адпачынку (азёры Задзеўскае, Дубок, Белае, рака Мядзелка). Кожны тыдзень праводзім яе санітарна-бактэрыялагічнае даследаванне. Таксама зрабілі забор і даследаванне малюскаў на наяўнасць цэркарый. Адхіленняў ад нормы не выяўлена».

Калі я рыхтавала матэрыял да друку, неба замурзацілася хмаркамі, у ім напаўголаса завуркатаў гром. Здавалася, на падыходзе такі чаканы дождж. Аднак на зямлю, як у насмешку, упалі лічаныя кроплі. Спёка не адступае і, па прагнозах сіноптыкаў, нават узмоцніцца.

Фаіна Касаткіна
Фота Наталлі Налей



Читайте также:
Установка видеонаблюдения на подъездах пятиэтажек: нужно ли платить абонентскую плату?
В состав районной профсоюзной организации работников агропромышленного комплекса входят 2900 человек
Без цветов — никак! Посмотрите, какая красота на даче семьи Колобовых в д. Загатье



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.